І заслуга будаўнікоў

234

І заслуга будаўнікоўУ пераліку структурных падраздзяленняў раённага спажывецкага таварыства важнае значэнне займае будаўнічая брыгада. І гэта невыпадкова. Па сутнасці ўсе касметычныя рамонты гандлёвых аб’ектаў — справа яе рук. Мы і сёння захапляемся новай піцэрыяй “ХІТ”, якая два гады таму адкрылася ў Мядзеле ў будынку ранейшага кафэ “Лакамка”. Дзякуючы будаў­нікам райПО ўзведзена яна з мінімальнымі затратамі. Прычым, атрымалася прыгожая, сучасная, дзе прыемна правесці вольны час. Куды хочацца схадзіць сям’ёй, разам з сябрамі, каб з’есці піцу, выпіць сок, кактэйль, пасядзець, адпачыць. Неў­забаве следам за ёй з’явіліся піцэрыі ў Крывічах, курортным пасёлку Нарач. У многім гэта таксама заслуга будаўнікоў спажывецкага таварыства. Ёсць і іншыя аб’екты сістэмы кааперацыі, дзе яны шчыравалі, якія радуюць наведвальнікаў.

Як расказаў вытворца работ Уладзімір Смірноў, аснову брыгады складаюць два звяны — Мікалая Пестуна і Вячаслава Бушылы. Першае больш займаецца рамонтамі гандлёвых аб’ектаў. Незадоўга да будслаўскага фэсту будаўнікі шчыравалі каля магазінаў аграгарадка: клалі асфальт, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю. Іх там, дарэчы, за працай і засталі. Кіраўнік звяна — спецыяліст вопытны. Сорак шэсць год шчыруе будаўніком у райПО. Вызначаецца руплівасцю, адказнасцю. Поплеч з бацькам завіхаецца сын Валерый. Прыйшоў сюды пасля заканчэння будаўнічага вучылішча. Ён стараецца не адстаць ад роднага чалавека, не падвесці яго. Акрамя Пестуноў, у звяне яшчэ працуюць Уладзімір Мехавіч, Сяргей Шабовіч і Уладзімір Адамовіч. У многіх за плячыма работа ў розных будаўнічых арганізацыях нашага горада. Усе яны таксама на нядрэнным рахунку ў калектыве.

Што датычыць звяна Бушылы, то яно больш спецыялізуецца на распілоўцы драўніны, вырабе вагонкі, дошак, выкананні сталярных работ. Вядома, у выпадку неабходнасці Віктара Шашуру і Алега Садоўскага разам з іх звеннявым задзейнічаюць і на іншых участках. Словам, там, дзе патрэбны іх руплівыя рукі.

Што датычыць Уладзіміра Смірнова, то ён не навічок у будаўнічай галіне. У свой час працаваў у праектна-каштарысным бюро райсельгасэнерга, галоўным інжынерам ПМК № 137, выконваючым абавязкі начальніка ПМК № 24. Ды і ў райПО ўжо шчыруе 22 гады. Быў старшым майстрам, зараз — вытворца работ. У яго абавязкі ўваходзіць забеспячэнне брыгады неабходнымі матэрыяламі і фронтам работ, кантроль за якасцю іх выканання, захаваннем патрабаванняў аховы працы і пажарнай бяспекі. Як упэўнілася, з усімі імі Ула­дзімір Піліпавіч спраўляецца выдатна. Гэта ўвогуле чалавек слова і справы, адказны, прынцыповы, а ў многіх пытаннях — і незаменны. Нездарма карыстаецца павагай і сярод начальства, і сярод калег па працы.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: будаўнікі Сяргей Шабовіч, Уладзімір Мехавіч, Мікалай Пястун, Валерый Пястун, Уладзімір Адамовіч разам з вытворцам работ Уладзімірам Смірновым.

Фота Ігната Лубнеўскага.