Гандаль: гады станаўлення і развіцця

372

Гандаль: гады станаўлення і развіццяРазам з нашай дзяржавай слаўны шлях развіцця даўжынёй 100 год прайшлі многія галіны народнай гаспадаркі, у тым ліку і гандаль. І вось разам з намеснікам старшыні райПО па кадрах і ідэалагічнай рабоце Таццянай Крыштопай вывучаем гісторыю спажывецкай кааперацыі раёна: гартаем кнігі, галоўныя з якіх — гісторыка-дакументальная хроніка “Памяць”, “Ветэраны спажывецкай кааперацыі Рэспублікі Беларусь”. А яшчэ ўзгадваем работнікаў сістэмы, якія амаль усё сваё жыццё прысвяцілі гандлю. Прыемна, што многія з іх і сёння працуюць, павышаючы якасць і культуру абслугоўвання насельніцтва, пашыраючы спектр паслуг.

Патрэбна сказаць, што прыватныя крамы, дзе прадаваліся многія неабходныя людзям тавары, былі і пры Польшчы. У буйных населеных пунктах, такіх, як Мядзел, Крывічы, Будслаў, Кабыльнік, Свір, праводзіліся па святах кірмашы. Яны звычайна збіралі шмат народу. Адны нешта прадавалі, другія — набывалі, трэція — вывучалі цэны і попыт на асобныя віды прадукцыі, якая рэалізоўвалася. Знаходзіліся і проста жадаючыя цікава правесці час, бо на такіх мерапрыемствах, як правіла, было весела. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР рабіліся крокі і па развіцці дзяржаўнага гандлю. Але асноўныя намаганні ў гэтым накірунку былі прыкладзены ў пасляваенны час. Як напісана ў кнізе “Памяць”, “пасля выгнання акупантаў у раёне пачалі аднаўляць гандлёвую сетку. На паліцах магазінаў сталі паяўляцца самыя неабходныя прадукты і тавары: соль, мыла, запалкі, газа, а таксама мука, крупы, цукар (праўда, усё гэта прадавалася па адпаведных картках). Магазіны размяшчаліся ў прыстасаваных памяшканнях. Прадаўцоў падбіралі ў вёсках з мясцовых сялян. Не ўсе яны мелі схільнасць да гандлю. А таму былі выпадкі, што пасля рэвізіі трэба было бацьку прадаваць карову, каб унесці ў касу растрату, дапушчаную няўмекам-гандляром — сынам ці дачкой”. Дарэчы, карткі на харчовыя і прамысловыя тавары былі адменены ў 1947 годзе.
Там жа чытаем: “Зніжэнне цэн на многія тавары шырокага ўжытку адбылося ў 1949 і ў 1950-х гадах. Да 1951 года гандлёвая сетка раёна дасягнула ўзроўню 1940 года. У продажы сталі паяўляцца тавары культурнага прызначэння. У лютым 1947 года 6 хат-чытальняў набылі радыёпрыёмнікі “Партызан” вытворчасці Мінскага радыёзавода. Радыёпрыёмнікі купілі жыхары Занарацкага сельсавета Пётр Пятровіч Пятух, Васіль Антонавіч Норка. Слухаць перадачы прыходзілі суседзі Аляксей і Васіль Койшыкі, Якаў Балаш, Уладзімір Князевіч. Магазін “Культтавары” ў Мядзеле ўсё больш задавальняў попыт пакупнікоў. У раённай газеце за 1950 год паведамлялася, што матацыкл “Масквіч” купіў загадчык Нагаўскай школы Мікалай Іванавіч Бабровіч, матацыкл “Кіяўлянін” — настаўнік Дзягільскай сямігодкі Мітрафан Мікалаевіч Лук’янец. Кабыльніцкае сельПО рэалізавала 10 патэфонаў, 15 веласіпедаў, 120 дэтэктарных і лямпавых радыёпрыёмнікаў, 8 фотаапаратаў “Камсамолец” і “Аматар”. Вядома, прыведзеныя факты сведчаць не толькі аб развіцці гандлю ў пасляваенны час на Мядзельшчыне, але і апавядаюць пра павышэнне дастатку яе жыхароў. Гэта стала магчымым у сувязі з ростам заработнай платы, якая дазваляла простым людзям набываць не толькі прадукты харчавання, але і тавары культурнага прызначэння.
Змешчаны ў кнізе “Памяць” і такія цікавыя звесткі: “У жніўні 1944 года пякарня ў Свіры выпекла першы хлеб. У лістападзе 1956 года ўступіла ў строй новая хлебапякарня ў Крывічах, выпякалася па 8-10 тон хлеба за суткі”. Я асабіста дагэтуль яшчэ са свайго маленства памятаю смак нашага свірскага хлеба. Боханы былі вялікія, з хрусткай скарыначкай. А водар ад іх стаяў навокал такі, што, калі пачуў яго яшчэ здалёк, пачынала слінка цячы. Ды і не ў мяне адной! Таму і не дзіўна, што часта, вяртаючыся дадому з магазіна, куды матуля адпраўляла па хлеб, мы, дзеці, даносілі ад аднаго з духмяных боханаў толькі мякіш. І як смачна гэта было! Памятаю, што неяк па прычыне рамонтных работ пякарня ў Свіры часова не працавала. Тады хлеб у нашу вясковую краму прывозілі з Крывічоў. Але здавалася, што быў ён не такі смачны, як наш.
З кнігі “Памяць” таксама даведваемся, што ў Крывічах у 1956 годзе пачалі будаваць чайную. А ў 1958 годзе ў Мядзеле быў узведзены рэстаран на 100 месцаў. Гэта на той час была важная падзея для райцэнтра.
— Першым старшынёй райспажыўсаюза быў прызначаны ў 1944 годзе інвалід Вялікай Айчыннай вайны А. П. Марынкін, — кажа Таццяна Іосіфаўна. — Яго практычна ніхто і не памятае ўжо. Не бяруся сцвярджаць, што прозвішчы ўсіх кіраўнікоў раённага спажывецкага таварыства ведаю, але асобных назаву. І, найперш, Анатолія Аляксандравіча Глазко, які 20 гадоў запар узначальваў наш райспажыўсаюз. А ўвогуле ў сістэме кааперацыі ён шчыраваў з 1946 года. Пачынаў інструктарам-рэвізорам Відзаўскага спажыўсаюза. У 1955 годзе быў абраны старшынёй праўлення Ільянскага, пазней — Вілейскага, а з 1965 па 1985 год — Мядзельскага райспажыўсаюзаў. Адсюль і на пенсію пайшоў, але яшчэ некаторы час працягваў працаваць інструктарам па кадрах. Анатолій Аляксандравіч — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны 2-й ступені і Славы 3-й ступені, медалямі. Акрамя таго, адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі за працоўную дзейнасць. У прыватнасці, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”, “Ветэран працы”, яму прысвоена званне “Заслужаны работнік гандлю і грамадскага харчавання БССР”.
— Каго з былых старшынь праўлення райспажыўсаюза можаце яшчэ назваць? — цікаўлюся ў Таццяны Крыштопы.
— Міхаіла Міхайлавіча Шаплыку, Святлану Генадзьеўну Гладунчык, Дзмітрыя Іванавіча Крыштопу, Галіну Аляксееўну Емяльян, Алену Міхайлаўну Бірук… Няхай даруюць мне, калі каго часам абышла ўвагай.
Разам з Таццянай Іосіфаўнай узгадваем ветэранаў сістэмы спажывецкай кааперацыі раёна. Дарэчы, многіх з іх я і сама добра ведаю яшчэ з савецкіх часоў. У гэтым шэрагу — ураджэнка азёрнага краю Любоў Міхайлаўна Емельяновіч. У сістэме гандлю раёна яна працавала з 1951 года. Пачынала рахункаводам-касірам у Мядзельскім гарПО. Потым была старшым прадаўцом, загадчыцай аддзела ўнівермага, загадчыцай магазіна. Удзельнічала ў якасці дэлегата ў рабоце IX з’езда спажыўкааперацыі СССР і XXVII з’езда КПСС. За шматгадовую працу і высокія паказчыкі ў рабоце ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”, “Ветэран працы”, знакам “Выдатнік савецкай спажывецкай кааперацыі”. А ў 1979 годзе ёй было прысвоена званне “Заслужаны работнік гандлю і грамадскага харчавання БССР”. Усё сваё жыццё прысвяціла сістэме спажывецкай кааперацыі ўраджэнка вёскі Качаны Васіліса Мацвееўна Мехавіч. Пасля заканчэння ў 1950 годзе Маладзечанскай гандлёвай школы пачынала працоўную дзейнасць загадчыцай магазіна. Пасля была буфетчыцай чайной, загадчыцай прамтаварнага аддзела, дырэктарам універмага. За стараннасць узнагароджана медалём “Ветэран працы”, Граматай і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, ёй прысвоена званне “Заслужаны работнік гандлю і грамадскага харчавання БССР”. У маладыя гады звязала свой лёс з гандлем і яшчэ адна наша зямлячка — Зоя Антонаўна Роўда. Пачынала буфетчыцай сталовай. Потым працавала прадаўцом, загадчыцай аддзела гастранома. За ўклад у развіццё спажывецкай кааперацыі ўзнагароджана ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Дарэчы, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга падчас работы на пасадзе загадчыка нарыхтоўчай канторы быў адзначаны ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Гершэнавіч Гардон. Пасля заканчэння Гомельскага кааператыўнага тэхнікума атрымала накіраванне на Мядзельшчыну Тамара Панцялееўна Русак. Пачынала таваразнаўцам. Пасля была загадчыцай аддзела ўнівермага, намеснікам старшыні праўлення райспажыўсаюза па кадрах. Узнагароджана медалямі “За доблесную працу. У азнаменаванне
100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”, “Ветэран працы”, Граматай Вярхоўнага Савета БССР, знакам “Выдатнік савецкай спажывецкай кааперацыі”. Спіс пералічаных вышэй ветэранаў Таццяна Крыштопа дапоўніла і прозвішчамі Святланы Васільеўны Місуны, Жанны Канстанцінаўны Малярэвіч, Ганны Якаўлеўны Шаплыкі, Тамары Паўлаўны Вяруцінай, Ірыны Пятроўны Савук, Зоі Іванаўны Шабовіч. Усе яны таксама ўнеслі годны ўклад у развіццё сістэмы. А яшчэ Таццяна Іосіфаўна назвала ўзнагароджаных знакамі: “40 гадоў працоўнай дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі Беларусі” — цесляра Мікалая Серафімавіча Пястуна і “30 гадоў працоўнай дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі Беларусі” — повара Леаніду Фаўстынаўну Роўду і кладаўшчыка Галіну Пятроўну Жарнасек.
Удзячных слоў за добрасумленнасць і стараннасць заслугоўваюць і многія з цяперашніх работнікаў гандлю. Сярод іх і прадавец магазіна тавараў штодзённага попыту аграгарадка Баяры Таццяна Іванаўна Сідаровіч. З 1976 года шчыруе жанчына ў сістэме спажывецкай кааперацыі і ніводнага разу не засумнявалася ў правільнасці зробленага ў маладосці выбару.
— Зараз узначальвае райПО Аксана Мікалаеўна Грузд, якая прайшла многія прыступкі службовай лесвіцы і таму добра ведае спецыфіку работы, — апавядае мая суразмоўца. — Яна шмат намаганняў прыкладае для таго, каб наша сістэма нармальна функцыянавала. А ўвогуле сёння спажывецкая кааперацыя раёна прадстаўлена сферамі гандлю, грамадскага харчавання, нарыхтовак, бытавога абслугоўвання. Толькі ў грамадскім харчаванні налічваецца 18 прадпрыемстваў. Акрамя таго, ёсць у нас свой швейны цэх, транспартны аддзел. Насельніцтва абслугоўваюць 53 магазіны і 6 аўтамагазінаў, якія стараюцца ахапіць усе населеныя пункты, у тым ліку аддаленыя.
Сапраўды, у сістэме спажыўкааперацыі за апошнія гады адбыліся вельмі вялікія змены. І мы, пакупнікі, іх бачым. Дзякуючы праведзеным рамонтам змяняюць знешні выгляд гандлёвыя кропкі, набываецца новае абсталяванне, ствараюцца сучасныя аб’екты, многія магазіны пераведзены на самаабслугоўванне, што зручна для людзей. Асабліва шмат зроблена падчас падрыхтоўкі Мядзела да правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”.
— Лічу, што і спажывецкая кааперацыя, — сцвярджае Таццяна Крыштопа, — уносіць важкі ўклад у развіццё інфраструктуры нашага сінявокага азёрнага краю. А гэта, у сваю чаргу, садзейнічае паляпшэнню жыцця насельніцтва. Стараемся дайсці і да жыхароў аддаленых вёсак, дапамагчы ім набыць неабходныя тавары. Працуем і над якасцю паслуг, што зараз надзвычай важна. Акрамя таго, арганізоўваем для пакупнікоў розныя акцыі. А гэта дазваляе наблізіць гандаль да людзей, задаволіць попыт на прадукцыю, якую рэалізоўваем праз гандлёвую сетку.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымку: прадавец Таццяна Сідаровіч.
Фота
Аляксандра Высоцкага.