Для добрых людзей

206

Для добрых людзейШАСНАЦЦАТЫ год працуе Людміла Калеснік у магазіне вёскі Выгалавічы. У 1999 годзе з камерцыйнай структуры перайшла ў дзяржаўную і лічыць, што зрабіла правільна: тут больш надзейна. Спачатку была проста прадаўцом, пазней прызначылі загадчыцай. За гэты час добра вывучыла густы пакупнікоў: хто чаму аддае перавагу, каму, што і калі прапанаваць.

— Тут жывуць вельмі добрыя людзі, — кажа жанчына. — Таму стараюся для іх, падтрымліваю асартымент тавараў, улічваю пажаданні пакупнікоў. За столькі гадоў ведаю, хто што любіць з прадуктаў, нават, якія цыгарэты які мужчына курыць. Цяпер, нягледзячы на тое, што многія ў вёсцы маюць сваю агародніну, добра бяруць і хваляць квашаную капусту і агуркі прамога пасолу. А вось мачоныя яблыкі ідуць не так…

Ёсць у магазіне і прамысловыя тавары. Калі нечага не хапае, то загадчыца афармляе заяўку і патрэбную рэч прывязуць: ці то халадзільнік, тэлевізар, ці шафа.

Больш наведвальнікаў, як і ў іншых вясковых магазінах, улетку. Гэта і зразумела: дачнікі, адпачываючыя, унукі да бабуль і дзядуляў з гарадоў прыязджаюць. Самыя папулярныя тады тавары — марожанае і “газіроўка”. Толькі і сачы, каб заяўку своечасова аформіць!

Жыве Людміла Мечыславаўна ў Княгініне, куды калісьці выйшла замуж. Але адчуць асалоду сямейнага шчасця давялося ў другім шлюбе. Зараз жанчына задаволена жыццём: каханы і любячы муж Іван, дачка Юля, якая вучыцца ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, прафесія, якая таксама прыносіць задавальненне. Вось яны — складаючыя яе жаночага шчасця.

Іна ЯРЧАК.

На здымку: загадчыца магазіна вёскі Выгалавічы Людміла Калеснік.

Фота Георгія Прысмакова.