Апошнi шанц — ён цяжкі самы

236

У мінулы панядзелак у райпо адбыўся справаздачна-выбарны сход. Не скажу, што мерапрыемства прайшло на аптымістычнай ноце, — хлусіць не буду. Выступленні прадстаўнікоў вышэйстаячага кіраўніцтва былі патрабавальнымі і крытычнымі. Што заслужвала шчырых апладысментаў — дык гэта абранне новага старшыні раённага спажывецкага таварыства (ім стала Аксана Мікалаеўна Грузд) і членаў праўлення Ганны Якаўлеўны Шаблыка і Таццяны Іосіфаўны Крыштопа.

Дарэчы, з Аксанай Мікалаеўнай і раённы выканаўчы камітэт, і Бел­спажыўсаюз звязваюць надзеі на выратаванне гандлёвай сістэмы раёна. «Гэтак жа як у сям’і няма толку, калі таты-гаспадары мяняюцца з «зайздроснай» рэгулярнасцю, — так няма спадзяванняў на выніковую дзейнасць і ў арганізацыях, на прадпрыемствах, калі кіраўнікі там доўга не затрымліваюцца, — за­значыў старшыня аблспажыўсаюза В. М. Кашпей. — Мяркуем, што шлях новага старшыні райпо будзе шматгадовым і прадуктыўным, а працоўныя перамогі Аксаны Мі­калаеўны не прымусяць сябе доўга чакаць».

Што ж, хочацца спадзявацца, што наступныя сходы і сапраўды будуць больш радаснымі. А пакуль работнікам спажыўкааперацыі замест святочных пернікаў падсыпалі перцу.

— Сёння сітуацыя ў райпо не проста складаная, а найскладанейшая, — звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама А. І. Да­ніленка. — За сумнымі лічбамі запазычанасці стаіць праца больш трох соцень людзей, якія атрымліваюць прыкладна такі ж заробак, як малады ўрач. Але ж медыцын­скі работнік адказвае за жыцці людзей, іх здароўе. Працаўнікі ж гандлёвай сістэмы, па ўсім бачна, пра службовыя абавязкі не вельмі клапоцяцца. Чаму, на здзіўленне самім сабе і тысячам турыстаў, у нас не існуе належнага прыдарожнага гандлю? Чаму ў пошуках гарачага, нармальнага абеду народ павінен збівацца з ног і, у рэшце рэшт, перакусваць усухамятку?.. Так быць не павінна! Таму, паверце, спагнанні будуць жорсткімі. Хаця я ведаю, што ў вашым калектыве досыць адказных і сумленных людзей, якія сёння працуюць на ўзроўні: заўсёды прыемна зайсці ў крывіцкі «Рамонак», у будслаўскую краму. Але ж, як кажуць, адзін у полі не воін.

Вядома ж, пачынаць з нуля, а тым больш з вялізнага фінансавага мінуса, складана. Цяжка сапернічаць і з больш жвавымі прад­прымальнікамі, якія набылі сярод пакупнікоў нядрэнны аўтарытэт. Але ж на тое яно і жыццё, каб па­спешліва імкнуцца наперад, адставаць, падаць, паднімацца і зноўку перамагаць…

Юлія ДЗЕВЯЛТОЎСКАЯ.