“Ёсць такая зямля, дзе крыніцы звіняць…”

345
“Ёсць такая зямля, дзе крыніцы звіняць…”20 лістапада бягучага года ў  Мядзельскім  музеі  Народнай славы адбылося адкрыццё  выставы  суполкі “Абуджэнне”  мастакоў  з  Узды  і  Мінска. Як само мерапрыемства, так і мастацкая выстава названа словамі з верша народнага паэта Беларусі Максіма Танка, які наш славуты зямляк прысвяціў свайму роднаму Нарачанскаму краю.
Ёсць такая зямля, дзе крыніцы звіняць,
Пераліўчата ззяюць азёры,
Дзе стаяць веліканы — капцы-курганы
Векавечным парослыя борам…
На  выставе прадэманстраваны жывапісныя, графічныя, тэкстыльныя творы,  якія сведчаць пра хараство нашай краіны, пра яе складаную і мужную гісторыю, стваральную сучаснасць.
 Суполка “Абуджэнне” з’явілася больш пяці гадоў таму. Менавіта з гэтага часу мастакі-“абуджэнцы” падарожнічаюць па Беларусі і шукаюць новыя творчыя задумы, далучаюць да сваіх выстаў сяброў-мастакоў з рэгіёнаў і дапамагаюць моладзі зрабіць першыя крокі ў вялікае мастацтва.
 Для членаў суполкі характэрна арганізаванасць і аднадумства, што дапамагае тварыць і праслаўляць нашу дзяржаву і яе  працавіты народ. Гэта, дарэчы, і  ёсць галоўная тэма творчасці  мастакоў-“абуджэнцаў”. 
Падчас адкрыцця выставы прысутныя пазнаёміліся з гасцямі.
Андрэй Лычкоўскі нарадзіўся ў в. Яршы Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Вучыўся ў народным універсітэце мастацтваў г. Масквы на аддзяленні станковага жывапісу і графікі. Закончыў педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка па спецыяльнасці “выяўленчае мастацтва”.
Удзельнічае ў мастацкіх выставах з 1986 года. Настаўнік. Жывапісец. Работы мастака знаходзяцца ў дзяржаўных музеях і мастацкіх галерэях Картуз-Бярозы, Нясвіжа, Клецка, Пінска, Слуцка, Узды нашай рэспублікі.
Фёдар Ладуцька нарадзіўся ў в. Махоўка Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Закончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, затым — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва). Аўтар  канцэпцыяльнай распрацоўкі Рэспубліканскага музея народнага мастацтва ў Раўбічах, Мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў  Акінчыцах, Літаратурнага музея Максіма Танка ў Мінску. Прымаў актыўны ўдзел у стварэнні мемарыяла “Курапаты”.
Удзельнік творчай суполкі “Пагоня”, якая арганізавала ў Вярхоўным Савеце БССР мастацкую выставу пра гістарычныя герб і сцяг Беларусі і паўплывала на прыняцце Закона аб дзяржаўнай сімволіцы Беларусі. Член Беларускага саюза мастакоў з 1995 года. Удзельнік мастацкіх выстаў Беларускага саюза мастакоў у Мінску, групавых і персанальных выстаў у Мар’інай  Горцы, Вільнюсе, Ваўкавыску, Пружанах, Уздзе, Свіслачы, Крычаве і іншых гарадах  бацькаўшчыны. Мастак працуе галоўным чынам у пастэльным і алейным  жывапісе ў жанры пейзажу і нацюрморту. Творы майстра знаходзяцца ў шматлікіх мастацкіх галерэях і музеях Рэспублікі Беларусь (Мінск, Полацк, Пінск, Ліда, Слонім, Навагрудак, Салігорск  і іншыя).
Уладзімір Сайко нарадзіўся ў Валожыне Мінскай вобласці. З дзяцінства меў здольнасці да малявання, што раптам ператварылася ў захапленне, а пазней — у сэнс жыцця. Вучыўся ў Рэспубліканскім каледжы мастацтваў, Маскоўскім дзяржаўным акадэмічным мастацкім інстытуце імя Сурыкава, цяпер працягвае вучобу на кафедры станковага жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.  Пачынаючы з 2007 года, ладзіць персанальныя выставы жывапісу, удзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных выставачных праектах у Беларусі і за яе мяжой. З 2012 года з’яўляецца выкладчыкам жывапісу малюнка і кампазіцыі ў заснаванай ім студыі выяўленчага мастацтва “Жывапісны настрой” у Мінску. На выставе прадстаўлены таксама працы маладых навучэнцаў гэтай мастацкай майстэрні — Анастасіі Кунец, Анастасіі Чмялёвай, Паўла Уляшкі, Уладзіслава Шуцько.
Творы Уладзіміра Сайко захоўваюцца ў зборах міжнароднай арганізацыі па захаванні культурнай спадчыны “ЮНЭСКА” (Францыя), Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, Мінскай Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя Купалы, Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеі, Валожынскім краязнаўчым музеі, музеі-сядзібе Рушчыца, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Кітая, Італіі, Францыі, Германіі, Швейцарыі, ЗША і Польшчы.
Яўген Шунейка нарадзіўся ў г. Гродна. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава, Беларускім  дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на факультэце дэкаратыўнага мастацтва і дызайну. З 1988 года — выкладчык, а з 2011 — прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Член Беларускага саюза мастакоў з 1989 года. Аўтар шматлікіх публікацый на беларускай, рускай, нямецкай, польскай мовах аб гісторыі і сучасным развіцці беларускага мастацтва. Арганізатар і ўдзельнік шматлікіх выстаў у Гродне, Мінску, Віцебску, Уздзе, Мар’інай Горцы, Вілейцы, а таксама ў Германіі, Польшчы, Італіі.
Сустрэча з мастакамі атрымалася вельмі шчырай і душэўнай. Бо на яе завіталі не толькі дарослыя, але і самыя ўдзячныя гледачы — дзеці. Менавіта для іх мастакі правялі “эцюдную гадзінку”, падчас якой прадэманстравалі сваё майстэрства. Прама на вачах прысутных ствараліся цудоўныя работы. Андрэй Лычкоўскі паказаў майстар-клас па нацюрморце. Яўген Шунейка, Фёдар Ладуцька і Уладзімір Сайко пісалі партрэты ўсіх жадаючых, якіх, дарэчы, было шмат. Дзеці ад перапаўняючых іх пачуццяў радасна пляскалі ў далоні. Прычым многія з іх пайшлі дадому з падарункам — сваім партрэтам.
Для мастакоў суполкі “Абуджэнне” стала добрай традыцыяй дарыць свае карціны музеям, дзе адбываюцца іх выставы. Нашай установе на памяць аб сустрэчы кожны з гасцей таксама падарыў па некалькі сваіх твораў.
Мастацкая выстава “Ёсць такая зямля, дзе крыніцы звіняць…” будзе працаваць у музеі да 20 снежня бягучага года. Запрашаем жыхароў і гасцей раёна наведаць яе і пазнаёміцца з творамі мастацтва, якія на ёй прадстаўлены.
В. КАРЗЯЁНАК.
Навуковы супрацоўнік Мядзельскага музея Народнай славы.
На здымку: удзельніцы “Эцюднай гадзінкі”.