Весткі — у руках прафесіяналаў (да Сусветнага Дня пошты)

644

МНОГІЯ з нас памятаюць верш Самуіла Маршака “Пошта”. У ім ёсць радкі: “Кто стучится в дверь ко мне с толстой сумкой на ремне?” Здаецца, менавіта гэты паэтычны твор — выдатны спосаб расказаць пра тое, што ўяўляла сабой пошта XX стагоддзя. Як паштальёны разносілі лісты па дамах і як радаваліся людзі, калі атрымлівалі доўгачаканую вестку ад родных і знаёмых. Як бы там ні было, а пошта працуе і цяпер, укараняючы новыя тэхналогіі.
І хоць можна ўбачыць і зараз паштальёнаў, якія дастаўляюць карэспандэнцыю адрасатам у тоўстай сумцы на рамяні пешшу. Аднак усё часцей сустракаюцца ў наш час і прадстаўнікі гэтай прафесіі, якія абслугоў¬ваюць многія вёскі, перамяшчаючыся з аднаго населенага пункта ў другі на аўтамабілі. Тры паштальёны, якія працуюць у мотадастаўцы, ёсць і на Мядзельскім участку паштовай сувязі. Гэта Святлана Язерская, Жанна Чараўка і Аксана Ермалаева. А дапамагаюць ім у гэтым вадзіцелі Пётр Куцкевіч і Іван Мацюшонак. На трэцім маршруце задзейнічаны вадзіцелі Вілейскага РВПС.
З дапамогай мотадастаўкі абслугоўваецца насельніцтва чатырох сельсаветаў: Мядзельскага, Нарацкага, Занарацкага і Слабадскога. Як паказвае практыка, на аўтамабілі значна зручней дабірацца да вёсак, асабліва аддаленых, наведвацца ў кожны дом.
Што датычыць вадзіцеляў, то гэта — прафесіяналы сваёй справы. Вопытныя, адказныя. Працоўны стаж у Пятра Куцкевіча складае 35 год, прычым увесь час на пошце. У Івана Мацюшонка — крыху менш, 26 год. Абодва адзначаны нагрудным знакам “За работу без аварый”. Мае кожны з іх і званне “Ветэран працы”. Дарэчы, Іван атрымаў яго сёлета напярэдадні Сусветнага дня пошты.
Робіцца ўсё больш запатрабаванай паслуга па перасылцы і дастаўцы паштовых адпраўленняў ад інтэрнэт-магазінаў і гандлёвых кампаній. У нас такія пасылкі давяраюцца паштальёнам. Іншы раз кліенты здзіўляюцца, калі чакаюць паштовага кур’ера, а да іх прыходзіць звычайны паштальён. Дастаўкай такіх пасылак у горадзе займаецца Святлана Язерская, у курортным пасёлку Нарач — Жанна Чараўка. Гэта вельмі вопытныя і кампетэнтныя спецыялісты. Святлана працуе на пошце 30 год. Яна — шчырая, з людзьмі ветлівая. Жанна прыйшла ў нашу сістэму ў 2004 годзе. Праз некалькі год звольнілася. Аднак летась вярнулася і актыўна ўлілася ў працоўны калектыў. Таксама вызначаецца стараннасцю, добрасумленнасцю.
Стала добрай традыцыяй напярэдадні Сусветнага дня пошты падводзіць вынікі работы за 9 месяцаў. Не парушылі яе мы і сёлета. Хачу падкрэсліць, што ўвогуле калектыў Мядзельскага ўчастка паштовай сувязі працуе дружна і зладжана. Практычна ўсе работнікі заслугоўваюць слоў падзякі за пасільны ўклад у развіццё паштовай сувязі Нарачанскага краю, бо кожны на сваім працоўным месцы адказна ставіцца да даручаных абавязкаў. Але спаборніцтва ёсць спаборніцтва, і ў ім заўсёды пераўзыходзіць іншых мацнейшы. Так, лепшым аддзяленнем паштовай сувязі за 9 месяцаў гэтага года названа аддзяленне паштовай сувязі Зані, якое ўзначальвае Ганна Паршута. Лепшымі паштальёнамі прызнаны Святлана Язерская з аддзялення паштовай сувязі Мядзел і Валянціна Варановіч з аддзялення паштовай сувязі Сваткі. За высокія дасягненні ў працы і ў сувязі са святкаваннем Сусветнага дня пошты яны ўзнагароджаны граматамі Вілейскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі. Ганаровае званне “Ветэран працы”, як адзначалася вышэй, прысвоена вадзіцелю Івану Мацюшонку, а таксама начальніку аддзялення паштовай сувязі Слабада Алёне Вештарт.
Могуць пахваліцца 20-гадовым стажам работы начальнік аддзялення паштовай сувязі Мядзел Наталія Бычок, паштальён перасоўнага аддзялення сувязі №1 аг. Баяры Вацлава Пашкевіч. Ужо дзесяць год шчыруюць на пошце вадзіцель Валерый Грыбок, начальнік аддзялення паштовай сувязі Свір Інга Уманец і аператар аддзялення паштовай сувязі Мядзел Ала Ворса.
Штодзень паштовая служба атаясамляецца з тым адметным укладам, якім напаўняе жыццё людзей, даступнымі, праверанымі і надзейнымі паслугамі. Пошта нясе ў свет дабрыню. І робіць гэта на працягу многіх дзесяцігоддзяў рукамі паштальёнаў — людзей шчырых, надзейных і адданых справе. Жадаю ўсім радасці, поспехаў і шчасця! Няхай у кожны дом прыходзяць толькі светлыя і добрыя весткі!
А. ЖЫХАР.
Начальнік Мядзельскага ўчастка паштовай сувязі Вілейскага РВПС.

На здымку: сапраўднымі прафесіяналамі лічацца на Мядзельскім участку паштовай сувязі паштальёны Жанна Чараўка, Святлана Язерская і вадзіцелі мотадастаўкі Пётр Куцкевіч і Іван Мацюшонак