У вёсцы Новікі ўшанавалі памяць спаленых карнікамі землякоў (фота)

842

ЧОРНАЯ хмара пажарышчаў прайшла пагодлівым вераснем 1943 года па нашай роднай Мядзельшчыне. Бадай, больш за іншых пацярпелі ў тую страшную пару Сваткаўскія ваколіцы. Аднымі з першых запалалі ў агні Новікі разам з мірнымі жыхарамі — пераважна старымі, дзецьмі, бо маладзейшых ворагі пагналі на катаржныя работы ў Германію. За імі гарэлі назаўтра Брусы, Шкленікова…
На месцах расправы карнікаў з насельніцтвам засталіся толькі галавешкі з попелам.
Ды чорныя коміны, якія сваёй прысутнасцю нагадвалі пра трагедыю… І хоць з таго страшнага дня мінула ўжо 76 гадоў, але жыхары азёрнага краю не забываюць, колькі гора і няшчасцяў прынесла Вялікая Айчынная вайна. Яны ўшаноўваюць герояў, аддаючы ім даніну павагі, а таксама нізка схіляюць галовы перад ахвярамі фашызму.
26 верасня, у дзень, калі былі спалены разам з людзьмі Новікі, ля помніка, узведзенага ў знак памяці пра ахвяр фашызму, адбыўся мітынг. Сабраліся на яго прадстаўнікі мясцовай улады, культработнікі, школьнікі і настаўнікі са Сваткаўскага ВПК дзіцячы сад-СШ імя Максіма Танка, жыхары населенага пункта. Прысутнічаў і благачынны цэркваў Мядзельскай акругі протаіерэй Ігар Шалуха.
Пачынаючы мерапрыемства, кіраўнік спраў Сваткаўскага сельскага выканаўчага камітэта Галіна Красоўская нагадала пра жудасную трагедыю, якая тут адбылася. Ахвярамі сталі 45 чалавек, якіх забілі, спалілі жывымі карнікі і іх паслугачы.
Слова даецца старшыні сельвыканкама Наталлі Калбун. Наталля Георгіеўна адзначыла, што сёння на тэрыторыі сельсавета не засталося ніводнага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Затое ёсць месцы, куды можна прыйсці, каб узгадаць мінулае, пакланіцца людзям, якія заваявалі Перамогу, ушанаваць памяць ахвяр фашызму, не даць забыць пра іх наступным пакаленням. З удзячнасцю звярнулася кіраўнік мясцовай улады да сённяшніх жыхароў Новікаў, якія паднялі пытанне аб добраўпарадкаванні дзвюх брацкіх магіл на вясковым могільніку, дзе пахаваны замардаваныя катамі аднавяскоўцы. Прычым не толькі закранулі важную праблему, але і свой уклад унеслі ў гэту адказную справу, сабраўшы грошы на неабходныя матэрыялы. Раённае ад¬дзяленне Беларускага фонду міру выдзеліла сродкі на набыццё металічных крыжоў і шыльдачак. Сельвыканкам узяў на сябе работы па заліўцы падмурку і ўстаноўцы крыжоў. Так агульнымі намаганнямі і была выканана вялікая праца па ўвекавечанні памяці мірных ахвяр вайны.
Мела слова і сведка тых падзей Софія Роўда. Ёй тады было сем год. Таму добра памятае той жудасны вераснёўскі дзень, калі ў вёску ўварваліся карнікі. Яны сартавалі людзей па ўзросце, дзяцей адрывалі ад бацькоў. Маладых сабралі ў калону і пагналі ў Сваткі, дзе яны знаходзіліся некалькі дзён за калючым дротам, пакуль не пагналі ў Германію. Некаторым удалося адтуль збегчы, некага выкупілі родныя… Пашчасціла і ёй з матуляй пазбегнуць адпраўкі на чужыну. Калі вярнуліся дадому, убачылі спаленую вёску: адны коміны былі наўкола. На месцы хлява, дзе аднавяскоўцаў напаткала жудасная смерць, былі абгарэлыя трупы. Двое пажылых мужчын (дзядзька і сусед Софіі Роўды. — Аўт), якія цудам уцалелі і змаглі выбрацца з самага пекла, пазней ім расказалі пра мукі людзей, спаленых жывымі.
Звяртаючыся да прыхаджан, протаіерэй Ігар Шалуха зазначыў, што падзеі, якія сабралі тут на мітынг, патрабуюць глыбокага асэнсавання. Войны адбываюцца таму, што ў свеце існуюць дабро і зло. Бог — гэта дабрыня, цярпенне, міласэрнасць, спагада. А д’ябал — зло, агрэсія, жорсткасць, і ён не дрэмле, стараецца спакусіць людзей — праз наркотыкі, алкаголь, гвалт, сеючы непаразуменне паміж блізкімі, разлад у сем’ях… Каб абараніць сябе ад зла, трэба жыць з Богам у сэрцы, быць патрыётам сваёй Айчыны, даражыць роднымі. І, вядома, памятаць пра ўсіх тых, хто прынёс мір і свабоду, хто аддаў за гэта свае жыцці.
Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых. Усклалі вянкі і кветкі да помніка мірным ахвярам фашызму.
Да месца былі на мерапрыемстве вершы ваеннай тэматыкі, якія прачыталі вучні Сваткаўскага ВПК дзіцячы сад-СШ імя Максіма Танка. А таксама песні “Малітва” і “Саласпілс” у выкананні Пятра Маўчана.
Пасля мітынгу з запаленымі лампадкамі і кветкамі ўсе накіраваліся на вясковы могільнік, дзе ў брацкіх магілах пахаваны забітыя і спаленыя жывымі жыхары Новікаў. Протаіерэй Ігар Шалуха памаліўся ля месцаў пахавання мірных людзей і асвяціў устаноўленыя там новыя крыжы з шыльдачкамі.
На мерапрыемстве прысутнічалі пажылыя, маладыя людзі, дзеці. Хочацца спадзявацца, што падрастаючае пакаленне запомніць гэты дзень назаўжды. Больш за тое, стаўшы дарослымі, сённяшнія школьнікі, як і іх бабулі з дзядулямі, бацькі, будуць збірацца на гэтым святым месцы, каб усхваляць мужных герояў і смуткаваць аб тых, каго заўчасна ў пакутах забрала вайна.

У вёсцы Новікі ўшанавалі памяць спаленых карнікамі землякоў (фота) У вёсцы Новікі ўшанавалі памяць спаленых карнікамі землякоў (фота) У вёсцы Новікі ўшанавалі памяць спаленых карнікамі землякоў (фота) У вёсцы Новікі ўшанавалі памяць спаленых карнікамі землякоў (фота) У вёсцы Новікі ўшанавалі памяць спаленых карнікамі землякоў (фота) У вёсцы Новікі ўшанавалі памяць спаленых карнікамі землякоў (фота) У вёсцы Новікі ўшанавалі памяць спаленых карнікамі землякоў (фота) У вёсцы Новікі ўшанавалі памяць спаленых карнікамі землякоў (фота)
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота Аляксандра Высоцкага.