У Мядзеле будуецца яшчэ адна вуліца на ўскрайку райцэнтра

1247

У Мядзеле будуецца яшчэ адна вуліца. На ўскрайку райцэнтра, у напрамку возера Рудакова, з часам з’явіцца каля двух дзясяткаў прыватных сядзіб.

А пакуль — падрыхтоўчыя работы. Тэрыторыю забудовы трэба разраўнаваць, зрабіць дарогу, падвесці да ўчасткаў камунікацыі: сістэму электрыфікацыі, водаправод.
— Работы праводзяцца ў адпаведнасці з горадабудаўнічым праектам “Генеральны план г. Мядзела Мінскай вобласці”, які зацверджаны рашэннем сесіі раённага Савета дэпутатаў яшчэ ў 2012 годзе, — расказвае намеснік старшыні райвыканкама Жанна Апановіч. — Дакумент прайшоў усе патрэбныя ўзгадненні: з камітэтам па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама, галоўным дзяржаўным санітарным урачом раёна, дзяржаўнай экалагічнай экспертызай праекта абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Генплан атрымаў станоўчае экспертнае заключэнне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Галоўдзяржбудэкспертыза”. Дарэчы, з генпланам можна азнаёміцца на стэндзе ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. І вось надышла чарга будаваць новую вуліцу.
Не сакрэт, што некаторыя жыхары суседніх дамоў раёна індывідуальнай забудовы “Бальнічны” выказваюць незадаволенасць рашэннем улад будаваць у гэтым месцы вуліцу, больш за тое, абвінавачваюць у парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства.
Жанна Сцяпанаўна знаёма з такімі меркаваннямі:
— Справа, напэўна, у тым, што насельніцтва мала праінфармавана. Падкрэсліваю, што ўсе дакументы на будаўніцтва вуліцы ёсць. Зямля аформлена, праект прайшоў экалагічную экспертызу. Так, людзям, што тут будуць жыць, пашанцавала: гэта маляўнічае і ціхае месца. Але ж і тыя, хто выказвае незадаволенасць, таксама любуюцца праз свае вокны мясцовымі краявідамі. А дрэўцы выкопваюць і перасаджваюць у іншыя месцы. На сёння іх перасаджана каля 200. Іх тут і сапраўды за апошнія гады нарасло.
Міхаіла Малевіча, сядзіба якога да апошняга часу была на самым ускрайку, а зараз аказалася побач з будоўляй, турбуюць менавіта дрэвы, бо расло ўсё на яго вачах, а зараз падлягае зносу.
— Улічваючы тое, што вуліцу ўсё ж бу-дуюць, хочацца папрасіць пакінуць хоць невялікі, метраў дзвесце, кавалачак хвойніку з боку вуліцы Маладзёжнай, — фармулюе вынік нашай з ім размовы Міхаіл Альфонсавіч. — Зразумела, што яго трэба будзе акультурыць, але я і іншыя жыхары мікрараёна гатовы выйсці і заняцца, напрыклад, яго прарэджваннем.
Хваёвы пятачок і сапраўды выглядае, нібы шчотка: так густа падняліся дрэўцы. Туды і нагу не ўсунеш. А далей, за межамі будучай вуліцы, якая зойме 4,4 га, таксама дрэвы растуць. І на іх ніхто не замахваецца. Можа, пакінуць выбарачна некаторыя дрэвы, калі атрымаецца? А наколькі ад гэтага стануць прывабнымі ўчасткі? Пад забудову лепш мець чысты надзел, а дрэвы кожны сам сабе пасадзіць, калі захоча. Як і зрабіў, між іншым, Міхаіл Малевіч.
— Жанна Сцяпанаўна, а як будуць размяркоўвацца зямельныя ўчасткі? Ці не атрымаецца так, што лепшыя набудуць тыя, хто мае грошы, а горшыя застануцца астатнім?
— Там прыгожае месца і, на маю думку, участкі раўнацэнныя. Некаторыя атрымаюць грамадзяне, якія маюць патрэбу ў жыллі. Пэўная колькасць участкаў будзе прададзена на аўкцыёне. Гэта нармальная практыка. Лепшыя ці горшыя… Гэта суб’ектыўна. Любы кавалак зямлі можна абуладкаваць, былі б жаданне і фантазія.
Пакуль на месцы будоўлі цяжка ўявіць абяцаную прыгожую вуліцу: зараз тут працуе буйнагабарытная тэхніка, укладваюцца трубы водаправода. Усё, як удакладніла намеснік старшыні райвыканкама, згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй па аб’екце “РІЗ “Бальнічны” ў г. Мядзеле (інжынерныя сеткі і добраўпарадкаванне)”, заказчыкам якога з’яўляецца “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мядзельскага раёна”. Але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць. Горад пераўтвараецца, пашыраецца, а гэта — добры знак. Будуецца той, хто бачыць перспектыву.

У Мядзеле будуецца яшчэ адна вуліца на ўскрайку райцэнтра
Іна ЯРЧАК.
Фота аўтара.