ПАВАЖАНЫЯ чытачы! Вы трымаеце ў руках 10-тысячны нумар раённай газеты. Дзесяць тысяч нумароў — гэта, перш за ўсё, гісторыя нашай сінявокай Мядзельшчыны. Адлік нумарацыі газета вядзе з 7 снежня 1944 года, калі ўбачыла свет пад назвай «Савецкая вёска». Гэта была вельмі радасная і хвалюючая падзея.

Мясцовыя жыхары атрымалі магчымасць ведаць пра ўсё, што адбывалася ў вёсках, на франтах Вялікай Айчыннай, як аднаўляецца разбураная фашыстамі народная гаспадарка. Фармат выдання тады складаў чацвёртую частку ад адной старонкі сённяшняй «Нарачанкі».
Потым газета называлася «Да новых перамог», а з 1 лістапада 1966 года стала «Нарачанскай зарой».

Сёння выйшаў 10-тысячны нумар раённай газеты "Нарачанская зара"
За час свайго існавання наша газета выходзіла з рознай перыядычнасцю, розным тыражом. Сёння яна выходзіць два разы на тыдзень, прычым па суботах у каляровым фармаце. Спадзяёмся, што ў раёнкі будзе яшчэ шмат юбілейных дат. Бо нездарма розныя пакаленні журналістаў імкнуліся да дасягнення адзінай мэты — праўдзіва інфармаваць насельніцтва Мядзельшчыны. Мы ганарымся, што з’яўляемся спадкаемцамі гэтых людзей.
Нагадваем таксама, што менавіта для зручнасці чытачоў абноўлены сайт газеты, які штодня і кругласутачна адкрыты для наведвальнікаў. Спадзяёмся, дарагія сябры, што гэты юбілейны 10-тысячны нумар стане чарговай вяхой у паляпшэнні нашай працы. Не сумняваемся, паважаныя чытачы, што вы застанецеся з намі на доўгія-доўгія гады, і мы разам будзем рабіць усё магчымае, каб «Нарачанка» была яшчэ больш цікавай і прывабнай, каб з паўнатой адлюстроўвала наша з вамі жыццё.
Калектыў рэдакцыі раённай газеты «Нарачанская зара».