Пра час, клас і пра сябе разважаюць настаўнікі (частка першая. Расказвае Раіса Балюк)

684

СЁЛЕТА па васьмі прадметах сярэдні бал цэнтралізаванага тэсціравання нашых выпускнікоў вышэйшы за абласны, па сямі — за рэспубліканскі. Некаторыя юнакі і дзяўчаты маюць у сертыфікатах ЦТ больш як 90 балаў, ёсць і адзін стабальнік. Сёння — слова педагогам, якія маюць да гэтых поспехаў самае непасрэднае дачыненне. Бо вядома, што ў кожнага таленавітага ды стараннага вучня абавязкова быў не менш таленавіты і працавіты настаўнік.
Раіса БАЛЮК, настаўнік фізікі гімназіі-інтэрната горада Мядзела:

Пра час, клас і пра сябе разважаюць настаўнікі (частка першая. Расказвае Раіса Балюк)
— Ці быў у мяне любімы настаўнік? Быў, вядома. Мне чамусьці вельмі імпанаваў знешні выгляд настаўніцы геаграфіі. Яна была такая інтэлігентная і, як мне здавалася, вельмі прыгожая. А вось настаўніца фізікі да мяне “чаплялася”, і даводзілася ўвесь час даказваць, што ведаю прадмет не на “3” (тады была пяцібальная сістэма), а на больш. І да таго дадаказвалася, што ў рэшце рэшт ведала фізіку лепш за іншыя прадметы.
Закончыла я фізічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута і 50 год таму пачала настаўнічаць у Занарацкай школе. Але прабыла там зусім нядоўга, перайшла ў Мя­дзел. Год працавала ў Доме піянераў, потым — у школе. Настаўнічала, год сем па­працавала намеснікам дырэктара, але пайшла з гэтай адказнай пасады: падрасталі і па­трабавалі больш увагі свае дзеці.
Якую са сваіх працоўных перамог лічу самай важнай? Перамогамі гэта стала потым, а пачыналася ўсё для душы. Энтузіяст сваёй справы Мікалай Іванавіч Запрудскі (ён зараз у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі працуе) арганізаваў творчае аб’яднанне настаўнікаў фізікі рэспублікі. Я даслала ў часопіс “Фізіка ў школе” свой артыкул, ён спадабаўся рэдактару. Мяне запрасілі ў творчае аб’яднанне. І мы сталі ездзіць, ва ўсіх абласных цэнтрах давалі адкрытыя ўрокі. Прыходзілі ў незнаёмы клас, ведаючы толькі тэму, — і працавалі з гэтым класам. Ездзіла ў Маскву на семінар, развівалася. Стала адным з першых настаўнікаў-метадыстаў (яшчэ ў 1970-я). Выдатнік адукацыі. Потым, калі Сорас пачаў узнагароджваць педагогаў па выніках апытання студэнтаў ВНУ (сутнасць апытання — “Хто з вашых школьных настаўнікаў быў найлепшы?” — Рэд.), я трапіла ў гэту кагорту. Стала лаўрэатам Сорасаўскай прэміі. Узнагарод у мяне дастаткова. Але самая значная — гэта магчымасць працаваць у маім узросце. Магу рашаць складаныя задачы, павесці за сабой вучняў, і ў нас з імі ёсць узаемаразуменне — гэта найбольш радуе. У маім узросце знайсці паразуменне з моладдзю няпроста, але, здаецца, атрымліваецца. Я вельмі люблю ўсіх сваіх вучняў, з вялікай асалодай адчыняю дзверы ў кабінет фізікі і працую.
Сёлета мой вучань Валодзя Драгун набраў на ЦТ 93 балы. Гэта найлепшы вынік па фізіцы ў раёне. У мінулыя гады мае вучні атрымлівалі і больш балаў. Ведаеце, сучасны настаўнік —больш кансультант. Бо інфармацыйныя магчымасці цяпер дастатковыя, было б жаданне гэту інфармацыю атрымліваць. Да мяне на факультатыў хадзіў Жэня Захарэвіч, адзінаццаці­класнік са Старагабскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Гэта хлопчык з прыёмнай сям’і. Дык вось, у суботу ў мяне два факультатывы, а потым дадатковыя заняткі. Я пачынала ў 10, а заканчвала ў 3. Жэня прыходзіў у 10 і ў 3 сыходзіў. Вельмі шмат для яго зрабіла прыёмная матуля Святлана Рыгораўна Кузьмянкова. Але самае галоўнае — сам хлопец. На ЦТ ён атрымаў 85 балаў — гэта другі вынік у раёне! А калі пачынаў займацца, веды былі слабаватыя.
Усім педагогам жадаю аптымізму і любові да вучняў. Здароўя. Ну, гэта ў нашых руках — аптымізм і здароўе. А вось любоў трэба ў сабе выхоўваць. Таму што не так усё проста…

Запісала Наталля ЛІСІЦКАЯ.