Бабуля Надзея

736

Днямі дзевяностагоддзе з дня нараджэння адзначыла Надзея Хіхіч са Сватак. За плячыма Надзеі Мікітаўны няпростае жыццё, поўнае цяжкасцей і выпрабаванняў. Неаднойчы зведала жанчына і гора, страціўшы без пары мужа і дваіх дзяцей. Добра ведае яна таксама, якой страшнай бядой з’яўляецца пажар. Але насуперак усяму трымаецца. Пастаянная занятасць карыснай справай, разважлівасць, мудрасць не давалі ёй расслабіцца, упасці ў адчай. І толькі няпрошаная сляза з узростам усё часцей з’яўляецца на твары бабулі. Асабліва цяпер, калі пакідаюць сілы, калі, хочаш таго ці не, міжволі ўзгадваецца мінулае, перажытае.

Жыццё пражыць — не поле перайсці
Напісаць пра бабулю Надзею папрасіла Зоя Скурко — аднакласніца дачкі юбіляркі, чалавек шчыры, неабыякавы. Часта наведваецца да жанчыны, падтрымлівае яе. Каб зрабіць прыемнае юбілярцы, парадаваць, Зоя Мікалаеўна і патэлефанавала ў рэдакцыю раённай газеты.
— За плячыма Надзеі Мікітаўны — цяжкае жыццё. Былі, вядома, і радасці, але гора, напэўна, больш… Шмат працавала: і ў калгасе, і на ўласным падворку… Лічу, што жанчына заслугоўвае таго, каб пра яе напісалі ў “Нарачанцы”. Як-ніяк дзевяноста споўнілася. Узрост паважаны, дай Бог многім да яго дажыць!
У дзень нашага прыезду ў Сваткі Надзею Хіхіч засталі дома з сацыяльным работнікам Надзеяй Калбун. Надзея Мікалаеўна якраз мерала сваёй падапечнай крывяны ціск.
— Наколькі бачу, ужо нечага хваляваліся, — казала яна, звяртаючыся да Надзеі Мікітаўны. — Вам жа нельга. Старайцеся супакоіцца, усё будзе добра.
Бабуля Надзея аказалася чалавекам сціплым, душэўным. Яна паведаміла, што родам з Даўжаняў. Дзяцінства было няпростым. Трэба было змалку працаваць, дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Таму і пазней не цуралася ніякай работы. Любіла і ў лес схадзіць у грыбы і ягады.
— Зведаць давялося і ваеннае ліхалецце, — апавядае жанчына. — Дзякуй Богу, у Германію на прымусовыя работы не патрапіла, але гора ўсё роўна хапіла. Ці ж лёгка нам было, калі вёску спалілі фашысты? Прытулілі нас сваякі. Якая ж тады была ежа, адзенне, абутак?! Што ўжо пагаравалі… Пасля вайны адбудоўвалі бацькі хату. Маленькая яна была ў нас…
— А калі сваю сям’ю стварылі? — цікаўлюся ў суразмоўцы.
— У 1949 годзе, — чую ў адказ. — Мой муж Міхаіл родам з суседніх Наўраў. Як пажаніліся, адразу жылі з бацькамі. Было цяжка. Бедната кругом. Вельмі хацелася свайго жылля. Таму з часам набылі зруб, перавезлі ў Даўжані і пачалі паціху будавацца. У 1951-м у нас з Мішам нарадзіўся сын, а праз чатыры гады — дачка. Праўда, яна з’явілася на свет ужо ў Карэліі, куды мы паехалі на заробкі. Былі там пяць гадоў, а пасля вярнуліся на радзіму. Абое сталі працаваць у калгасе. Жыццё паступова наладжвалася, пачалі хату дабудоўваць. Як маглі стараліся, каб быў хлеб на стале і да хлеба.
Жанчына практычна ўвесь час працавала ў жывёлагадоўлі. Напачатку даяркай, пасля — цялятніцай. Нават на пенсіі не пакідала працу.
— Цяпер даяркам можна па-добраму пазайздросціць, — працягвае Надзея Мікітаўна. — Не тое, што было ў нас, калі даілі кароў уручную, цягалі самі кармы, раздавалі жывёле. Пра сучасныя залы, новае абсталяванне тады нават і не марылі, бо і не ведалі, што яны ёсць. Натупаешся за дзень на ферме, а яшчэ і дадому спяшаешся, дзе чакаюць сям’я, гаспадарка. Нам, жанчынам, хатніх жа клопатаў ніхто не адмяняў. Трэба было і агароды пасадзіць, прапалоць, ды і не па адным разе, і ўраджай убраць, бульбу выкапаць. А таксама сена на ўласную рагулю назапасіць, бо ніхто гатовага тады не даваў, як цяпер. І збожжавыя культуры на сваіх надзелах самі жалі сярпамі, складалі снапы ў сцірту, пасля малацілі. І дзялкі буракоў калгасных мелі. Нічога, спраўляліся. Ці не таму і баляць цяпер рукі, ногі, хадзіць не магу. Толькі з веласіпедам крыху перамяшчаюся каля будынка, а так нікуды з дома ні нагой, асабліва пасля аварыі, у якую патрапіла гады са два таму. Затое цяжкая праца, нялёгкае жыццё загартавалі старэйшае пакаленне. Таму мы і доўгажыхары.
І бедаў хапала
Дарэчы, не толькі вайна, разруха, часы аднаўлення разбуранай фашыстамі гаспадаркі леглі на плечы жанчыны. Былі і іншыя цяжкасці. Адна з іх — хвароба мужа, а пасля і яго смерць. Было гэта ў 1994 годзе.
— Як Мішы не стала, адразу пуста зрабілася і ў хаце, і ў сэрцы. Як-ніяк, разам пражылі 45 гадоў, выгадавалі дзяцей. Выдалі замуж дачку, дачакаліся ўнукаў. Хоць не мелі вялікага дастатку, але з павагай адносіліся адзін да аднаго. А гэта ў сямейным жыцці галоўнае.
Не ведала тады Надзея Мікітаўна, што на гэтым яе беды не закончыліся, бо наперадзе чакалі новыя выпрабаванні і страты. Адна з іх — вельмі балючая: смерць дачушкі. Жыла яна з сям’ёй у Маладзечне, працавала ў школе. Часта прыязджала да маці, каб дапамагчы па гаспадарцы. Нічога не прадвяшчала бяды. Здаецца, і аперацыя была нескладаная, і прайшла нармальна… А чалавека не стала.
— Усе пад Богам ходзім, — сцвярджае бабуля Надзея. — Кожнаму, як кажуць, сваё адмерана. Ні за што не пражывеш больш, чым лёсам наканавана… Але, паверце, няма нічога страшнейшага, чым хаваць сваіх дзяцей. Нікому гэтага не пажадаю… Калі папраўдзе, то і не ведаю, адкуль брала сілы жыць далей… Напэўна, проста так трэба было. Міры няма ў жывых ужо дванаццаць гадоў. А здаецца — толькі ўчора яе страціла…
Мая суразмоўца выцерла з вачэй няпрошаныя слёзы, на нейкі момант замаўчала. Па ўсім бачна, ёй цяжка гаварыць. Але жанчына справілася з сабой і прадоўжыла сумны аповяд пра сваё жыццё-быццё.
Пажар у Даўжанях
А праз два гады пасля смерці дачкі Надзею Хіхіч чакала новае выпрабаванне. Як сама расказвае, на Радаўніцу паехала з унукам на могільнік, дзе знайшла спачын Міра, каб памаліцца за яе душу. А вярнуўшыся, сваёй хаты ўжо не знайшла. Яна запалала разам з іншымі, што стаялі побач. Знішчыла полымя тады восем хат. Нічога не засталося з нажытага. Згарэлі ў агні козачкі, парсюк…
— У мяне не было добраахвотнай страхоўкі на хату, а толькі абавязковая. Хто ж тады ведаў, што яна спатрэбіцца, — успамінае Надзея Мікітаўна. — Новую хату будаваць не мела за што, а жыць жа недзе трэба было. Мне даваў ключы ад дома ў Пількаўшчыне старшыня гаспадаркі Мікалай Варабей. Дзякуй яму вялікі за гэта. Але з’ездзілі з сынам, паглядзелі — і вырашылі аддаць усё ж ключы назад. Як-ніяк, далекавата. Спыніліся на Сватках. Тады Аляксандр працаваў рабочым у дзіцячым садку, і раённы аддзел адукацыі прапанаваў пажыць у старой школе. Там да нас кватаравала адна настаўніца. Яна купіла сабе хату, а ў пакоях, якія вызваліліся, пасяліліся мы. Дапамагла дзяржава: атрымалі страхоўку, праўда, той сумы хапіла толькі на рамонт у пакоях. Але дзякуй і за гэта. І сельсавет дапамог моцна, асабліва тагачасны старшыня Вера Хацяновіч, і людзі. Вяскоўцы прыносілі, што мелі: адзенне, абутак, бялізну, посуд… На ўласнай бядзе пераканалася, якія ў Сватках неабыякавыя, шчырыя людзі. Ніколі не забуду іх дабрыні. Пакрысе мы абжыліся на новым месцы, прывыклі. Тут усё на месцы. Побач будынак сельсавета, калгасная кантора. Непадалёку магазіны, амбулаторыя, пошта, сельсавет. А што мне ўжо трэба? Ды нічога: усяго хапае, атрымліваю пенсію. Жыць можна. Ёсць святло, у пакоях печкі, назапашана на зіму дроў.
У Сватках жывуць добрыя людзі
Як расказала далей Надзея Мікітаўна, сем год таму яна пахавала і сына, з якім увесь час жыла. Ён хварэў, да таго ж выпіваў… Цяпер жыве адна. Праўда, ёсць унукі: Андрэй у Вілейцы і Дзмітрый у Маладзечне. Мае бабуля і праўнучку Дашу, якая ходзіць у пяты клас. Гэта дачушка Андрэя.
Юбілярка сцвярджае, што ў Сватках жывуць добрыя і шчырыя людзі. Да такіх адносіць сацработніцу Надзею Калбун, якая апякуецца над ёй, а таксама аднакласніцу дачкі Зою Скурко.
— Яны як дочкі мне, — кажа. — Заўсёды рада іх у сябе бачыць. Зоя вясной прынесла расаду капусты, разам з Надзяй пасадзіла. Рука ў яе добрая, вось і вырасла капуста на славу. Летась памагала бульбачку капаць. А сёлета Надзя з унукам Дзімам самі справіліся. Ну і я каля іх трохі тупала. Цяжкавата мне, але ж не магу сядзець у хаце, калі іншыя на мяне працуюць. Такі ўжо характар: хочацца і самой быць карыснай. Не магу не назваць і суседку Ірыну Шаблыку. Яна былая настаўніца. Пастаянна цікавіцца самаадчуваннем. Калі не бачыць мяне каля хаты, абавязкова прыйдзе, каб паглядзець, як я тут, ці патрэбна што. І дзеці са школы прыбягаюць: калі адны, калі з настаўнікамі.
З удзячнасцю адгукаецца юбілярка і пра медыкаў Сваткаўскай амбулаторыі, асабліва пра ўрача агульнай практыкі (загадчыцу) Людмілу Новік, якая сочыць за здароўем насельніцтва. Пры неабходнасці і дадому да Надзеі Хіхіч наведваецца. Як справядліва лічыць бабуля, ёй дапамагаюць не толькі правільна падабраныя лякарствы, хоць гэта важна, але і добрае сэрца ўрача, цёплае слова, увага. Шчыра дзякуе за клопат таксама і былому старшыні сельвыканкама Веры Хацяновіч, і цяперашняму — Наталлі Калбун. І ўвогуле ўсім жыхарам Сватак, якія вельмі дапамаглі ёй у цяжкі перыяд жыцця. З цеплынёй адгукаецца пра кіраўніцтва ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, што яе не выселілі з кватэры, дзе жыве зараз.
— Вельмі перажывала, што мяне забяруць у Вузлу, — кажа бабуля. — Нават расхварэлася пасля прыезду тамтэйшага начальніка. Цяпер супакоілася, бо ведаю, што пакідаюць мяне тут у кватэры. А з маімі памочніцамі я не прападу. Тым больш, што і ўнукі таксама не забываюць.
Асабіста мяне вельмі расхваляваў няпросты лёс Надзеі Хіхіч. Нават у галаве не ўкладваецца, як шмат ёй давялося перажыць. А таму нізка схіляю галаву перад стойкасцю і мудрасцю гэтай немаладой ужо жанчыны. Ад душы зычу ёй моцнага здароўя, цярпення, душэўнага спакою і ўсяго самага найлепшага. Каб яна больш ніколі не зведала гора. Каб радавалі ўнукі, праўнучка. Каб толькі добрыя весткі прыходзілі ў яе жыллё. Яна гэта заслужыла.

Марыя Лубнеўская.
Фота Аляксандра Высоцкага.