Вандруем па малой радзіме: што цікавага можна ўбачыць у Будслаўскім сельсавеце

1265

ЯК і іншыя раёны Заходняй Беларусі, Мядзельскі быў утвораны 15 студзеня 1940 года. З нагоды яго юбілею мы разам з інтэрнэт-рэсурсам “Планета Беларусь” распачынаем праект, у якім будзем расказваць пра адметныя мясціны Мядзельшчыны. Пра тое, што цікава паглядзець самім і варта паказаць гасцям. У някрыўдным алфавітным парадку паслядоўна наведаем усе дзевяць сельсаветаў і горад Мядзел, убачым усё самае цікавае, сфатаграфуем і раскажам вам. Матэрыялы будуць з’яўляцца на старонках нашай газеты, сайце выдання (narachanka.by) і размяшчацца на інтэрнэт-рэсурсе “Планета Беларусь” (planetabelarus.by).

Сёння — наша першая вандроўка.

Будслаўскі сельсавет

ДАВЕДАЧНА. Будслаўскі сельсавет створаны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Крывіцкага раёна Вілейскай вобласці (з 20 верасня 1944 года — Маладзечанскай, з 20 студзеня 1960 — Мінскай). 25 снежня 1962 года ў выніку скасавання Крывіцкага раёна сельсавет увайшоў у склад Мядзельскага.

У аграгарадку Будслаў месціцца сельвыканкам. Па стане на 1 студзеня на тэрыторыі сельсавета ў 19-ці населеных пунктах налічваўся 1151 жыхар. Найбольш — у аграгарадку Будслаў (526), вёсках Палессе (190) і Ілава (152). Працуюць адкрытае акцыянернае таварыства “Будслаўскае”, унітарнае прадпрыемства “Ілаўскае” і Будслаўскае лясніцтва. Ёсць установы адукацыі (Будслаўская сярэдняя школа імя Паўліны Мядзёлкі і дзіцячы сад вёскі Палессе) і аховы здароўя (амбулаторыя ў Палессі і фельчарска-акушэрскі пункт у Ілаве). У Палессі маецца пажарны аварыйна-выратавальны пост. У аграгарадку — сельскі Дом культуры, інтэграваная бібліятэка і дзіцячая музычная школа мастацтваў. У Будславе і Ілаве працуюць аддзяленні паштовай сувязі, магазіны.

Па тэрыторыі сельсавета працякае самая доўгая на Мядзельшчыне рака — Сэрвач. Яе агульная даўжыня — 85 кіламетраў, на тэрыторыі нашага раёна — 53,7.

Пяць прычын пабываць у Будслаўскім сельсавеце

  1. Наведаць Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.

На тэрыторыі сельсавета толькі адзін храм. Але затое які! Дзякуючы яму Будслаў ведаюць ва ўсёй Беларусі і за межамі краіны. У якасці прызнання выключнага значэння касцёла ў 1994 годзе ён атрымаў ад Папы Рымскага Яна Паўла ІІ ганаровы тытул Малой базілікі. Абраз Маці Божай Будслаўскай — апякункі Беларусі — з 1613 года знаходзіцца ў Будславе, як цудадзейны ўпершыню ўзгадваецца ў 1617 годзе, а ў 1998-м каранаваны папскімі каронамі.

Вандруем па малой радзіме: што цікавага можна ўбачыць у Будслаўскім сельсавеце

Сваёй велічнасцю ўражвае храм. Як расказаў ксёндз-пробашч Дзмітрый Дубовік, фактычна гэта комплекс, які ўключае тры пабудаваныя ў розныя часы часткі. Гэта касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі (1643), кляштар (прыкладна 1750, цяпер ад яго захаваўся толькі падмурак) і велічная базіліка (1783). У касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі захаваўся драўляны пазалочаны алтар. Пра гісторыю храма чытайце крыху ніжэй, а ў апісанне нават паглыбляцца не буду: гэта якраз той выпадак, калі сапраўды лепш адзін раз убачыць, чым шмат разоў пачуць або прачытаць.

  1. Адчуць шарм пазамінулага стагоддзя ў сядзібна-паркавым комплексе вёскі Палессе

Роду Аскеркаў належаў сядзібна-паркавы комплекс у вёсцы Палессе. Ствараўся ён на працягу ХVІІІ–пачатку ХХ стагоддзя. Ад старадаўняга сядзібнага дома да нашага часу захавалася толькі частка прыбудаванай пазней да галоўнага фасада балюстрады. А вось узведзенаму напрыканцы ХІХ стагоддзя мураванаму службоваму корпусу (афіцыне) пашанцавала больш. У пасляваенны час ён быў адноўлены, і сёння там размяшчаецца амбулаторыя. Усярэдзіне зроблены сучасны рамонт, і толькі магутныя сцены і высокія столі нагадваюць пра даўнюю гісторыю будынка. А вось знадворку ён захоўвае шарм пазамінулага стагоддзя. Як і часткова захаваны пейзажны парк.

Не скажу, што, наведаўшы гэты аб’ект, атрымаеце поўнае ўяўленне пра тое, як сто год таму жылося ў панскай сядзібе. Але адчуць своеасаблівую атмасферу зусім магчыма. А заадно і парадавацца, што збудаванае досыць даўно і цяпер служыць людзям.

  1. Прайсціся сцежкамі Паўліны Мядзёлкі

Так, менавіта ў Будславе пачаўся і завяршыўся зямны шлях жанчыны, якую, кажуць, кахаў Янка Купала. Што пра апошняе шырока вядома (дарэчы, найперш дзякуючы мемуарам самой Паўліны Мядзёлкі) — факт амаль унікальны для нашай культуры. Бо наўрад ці імя каханай яшчэ якога беларускага творцы назаве ледзь не кожны школьнік. Хутчэй узгадае пушкінскае “мимолётное виденье” — Ганну Керн…

Пахавана Паўліна Мядзёлка на мясцовых могілках, а на вуліцы Зялёнай аграгарадка і цяпер стаіць яе хата. Будслаўцы шануюць памяць славутай зямлячкі. У яе гонар названы сярэдняя школа і кавярня, прысвечана вялікая экспазіцыя ў школьным музеі. У бібліятэцы на пачэсным месцы стаіць кніга яе мемуараў “Сцежкамі жыцця”.

Вандруем па малой радзіме: што цікавага можна ўбачыць у Будслаўскім сельсавецеЧас развеяў многія легенды пра гэту жанчыну. Напрыклад, даказана, што яна была не першай, а адной з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі. Што ў галоўнай гераіні самай знакамітай купалаўскай камедыі быў іншы прататып — Ядвіся Аблачымская. Выказваюцца розныя меркаванні і пра ролю ўраджэнкі Будслава ў лёсе славутага песняра. Але няправільна было б вымяраць значнасць гэтай выдатнай асобы толькі тым, колькі твораў ёй прысвяціў Янка Купала. Паўліна Мядзёлка — заслужаны дзеяч культуры БССР, актрыса, педагог, мемуарыстка. Актыўная дзеячка беларускага руху — адна з тых, хто стаяў, так бы мовіць, ля вытокаў…

  1. Паглядзець тэатральную пастаноўку

Так, адданыя слугі Мельпамены ёсць і ў гэтым аддаленым ад тэатраў аграгарадку. Больш за тое, яны аб’ядналіся ў гурток, створаны пры Будслаўскай сельскай інтэграванай бібліятэцы. А кіруе ім бібліятэкар Галіна Аксючыц. Самадзейныя артысты — людзі самых розных прафесій: тэхнолаг, качагар, бухгалтар, інжынер-энергетык, хімік-аналітык, былая загадчыца склада, настаўнікі, дазорца касцёла, старшакласнікі… Аднак занятасць на працы і вучобе не перашкаджае ім рэгулярна збірацца на рэпетыцыі. У выніку за адносна непрацяглы час існавання гуртка будслаўцы парадавалі гледачоў спектаклямі паводле п’есы “Трыбунал” Андрэя Макаёнка, “Мікітаў лапаць” Міхася Чарота, “Прымакі” і “Паўлінка” Янкі Купалы, “Як мужык жонку шукаў” Марыны Таноны і Наталлі Каравацкай, “Сем місак, сем лыжак” Ніны Сямёнавай. У планах — дудараўскі “Вечар” і пастаноўка паводле мележаўскіх “Людзей на балоце”.

Вядома ж, аматарскія тэатральныя пастаноўкі ладзяцца не штовечар. А таму сачыце за афішай культурных мерапрыемстваў, якая друкуецца ў нашай газеце па суботах.

Вандруем па малой радзіме: што цікавага можна ўбачыць у Будслаўскім сельсавеце

  1. Убачыць, як вырабляецца прадукцыя УП “Ілаўскае”

Гісторыя завода сягае ў далёкі 1832 год, калі ў маёнтку памешчыка Акушкі з’явілася вінакурня. Сёння ж тут вырабляюць не толькі традыцыйную для прадпрыемства прадукцыю, празмернае ўжыванне якой шкодзіць здароўю (па гэтай прычыне не буду пералічваць ні яе, ні ўзнагароды, якія яна атрымала на спецыялізаваных конкурсах), але і натуральныя сокі, таматны соус, павідла, чыпсы. Так што экскурсіі ладзяцца як для дарослых аматараў прамысловага турызму, так і для дзяцей — толькі па розных праграмах.

Праўда, гэта ўсё ж завод, а не музей. Так што дамаўляцца трэба загадзя.

Самая яркая падзея

Ну вядома ж, Будслаўскі фэст!

Галоўная ўрачыстасць у гонар Маці Божай Будслаўскай праходзіць 2 ліпеня, а святкаванне (фэст) — у першую суботу ліпеня. З просьбамі і падзякамі да Маці Божай Будслаўскай кіруюцца пілігрымы. Людзі (хто пешшу, хто на ровары) пераадольваюць дзясяткі і сотні кіламетраў, а апошнія некалькі метраў да цудадзейнага абраза многія праходзяць на каленях. Велічна і кранальна апоўначы рухаецца вакол парку шматтысячнае шэсце са свечкамі за цудадзейным абразом Маці Божай. Мноства агеньчыкаў плыве ў змроку, і ў гэтыя хвіліны нават закаранелыя скептыкі адчуваюць магутную энергетыку… Фэст мае даўнія традыцыі і ў лістападзе 2018 года ўключаны ЮНЕСКА ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Вандруем па малой радзіме: што цікавага можна ўбачыць у Будслаўскім сельсавеце Вандруем па малой радзіме: што цікавага можна ўбачыць у Будслаўскім сельсавеце

Вандруем па малой радзіме: што цікавага можна ўбачыць у Будслаўскім сельсавеце

Гісторыя

Цікавая гісторыя паходжання назвы аграгарадка. Ёсць меркаванне, што першыя манахі, пасяліўшыся ў гэтых мясцінах, збудавалі невялічкае жытло — буду. Пазней, распаўсюджваючы вестку пра цудадзейны абраз Маці Божай, людзі расказвалі адзін аднаму пра Буду Слаўную. Так і з’явілася сучасная назва — Будслаў.

Упершыню ў пісьмовай крыніцы Будслаў згадваецца ў 1504 годзе, калі Аляксандр Ягелончык падараваў манахам-бернардзінцам вялікі ўчастак лесу. Яны ссякалі дрэвы і сплаўлялі іх па рэках у Вільню, дзе ў той час будаваўся касцёл святога Казіміра. А 2 ліпеня 1588 года, паводле сведчання манахаў, перад імі на воблаку з’явілася Маці Божая з Дзіцем. Дзякуючы вестцы пра гэта Будслаў набыў шырокую вядомасць. Неўзабаве тут быў пабудаваны першы драўляны касцёл… Далейшую гісторыю паселішча ў многім прадвызначыла гісторыя храма і кляштара.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Будслаў і яго ваколіцы апынуліся ў Расійскай імперыі. Мясцовыя жыхары, асабліва манахі і ксяндзы, дзейсна ўдзельнічалі ў паўстанні 1830-31 гадоў. Яно пацярпела паражэнне, а пазней улады закрылі кляштар.

У 1848 годзе маёнтак Аскеркаў уключаў мястэчка Будслаў, чатыры вёскі, тры засценкі і адзін фальварак. Паводле перапісу 1897 года, у Будславе былі 132 двары, 578 жыхароў, валасное ўпраўленне, мяшчанская ўправа, касцёл, сінагога, прыходскае вучылішча, сем магазінаў, вадзяны млын, дзве карчмы. У 1907 непадалёку ад мястэчка была пракладзена чыгунка, пабудавана станцыя.

Падчас Першай сусветнай вайны ў Будславе месціўся штаб 2-й рускай арміі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года быў створаны валасны Савет рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў. Расла нацыянальная самасвядомасць мясцовага насельніцтва. Напрыканцы 1917-га ў Будславе адкрылася беларуская гімназія.

У 1921 годзе Будслаў, як і ўся Заходняя Беларусь, апынуўся ў складзе Польшчы. Мястэчка стала цэнтрам гміны. Недалёка праходзіла мяжа з БССР, таму ў Будславе быў польскі пагранічны гарнізон. Беларуская гімназія была закрыта ўладамі, і дзеці мусілі вучыцца ў польскай школе. Аднак мовай будслаўцаў заставалася беларуская. Пра высокую нацыянальную самасвядомасць тутэйшых жыхароў нават пісалі ў газетах міжваеннага перыяду.

У 1939 годзе Заходняя Беларусь уз’ядналася з БССР, налета быў утвораны Будслаўскі сельсавет. У 1940-м з’явілася машынна-трактарная станцыя.

У ліпені 1941 года Будслаў акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За час акупацыі было расстраляна 270 жыхароў. Вызваленне прыйшло ў 1944-м. Як паведамляе кніга “Памяць”, воіны 277-й стралковай дывізіі і 7-й механізаванай гвардзейскай брыгады 3-га Беларускага фронту разам з партызанскімі брыгадамі імя Ракасоўскага і Будзёнага ўвайшлі ў Будслаў 2 ліпеня. Якраз у дзень урачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай.

Ужо ў 1944 аднавілася дзейнасць машынна-трактарнай станцыі, у 1949 быў створаны калгас імя Энгельса (потым гаспадарка не аднойчы пашырала межы, змяняла назву і форму ўласнасці). У пасляваенныя гады Будслаў імкліва развіваўся. Дзейнічалі ПМК-66, праўленне сельПО, была досыць разгалінаваная гандлёвая сетка, меўся двухпавярховы камбінат бытавога абслугоўвання… Дабрабыт насельніцтва рос, а найлепшыя працаўнікі атрымлівалі дзяржаўныя ўзнагароды. Ці не таму чуюцца настальгічныя ноткі ў галасах немаладых будслаўцаў, варта толькі прыгадаць тыя часы?

Вандруем па малой радзіме: што цікавага можна ўбачыць у Будслаўскім сельсавеце

Сучасныя рэаліі, цікавыя падарожніку

  1. Як даехаць?

Да любога населенага пункта Будслаўскага сельсавета без праблем можна дабрацца на аўтамабілі. З Мядзела ў Будслаў і Ілава ходзіць аўтобус. З Маладзечна і Круляўшчызны ідуць прыгарадныя цягнікі, якія спыняюцца на станцыі “Будслаў” і прыпыначным пункце “Ілава”. Для тых, хто мае намер наведаць Нацыянальны санктуарый, штомесяц ад Чырвонага касцёла ў Будслаў адпраўляецца аўтобус.

  1. Што прывезці?

На памяць аб наведванні Нацыянальнага санктуарыя можна набыць абразы, рэлігійную літаратуру, сувеніры (усё гэта прадаецца непасрэдна ў касцёле). Ну а ў Ілаве прадукцыю мясцовага ўнітарнага прадпрыемства прапануе фірменны магазін.

  1. Дзе падсілкавацца?

На тэрыторыі сельсавета толькі адна ўстанова грамадскага харчавання — кавярня “Паўлінка”. Знаходзіцца яна ў аграгарадку Будслаў. А вось прадуктовыя магазіны ёсць і ў Будславе, і ў Ілаве.

  1. Дзе спыніцца?

Гасцініц ці хостэлаў няма ні ў аграгарадку Будслаў, ні на тэрыторыі сельсавета. Але ў вёсцы Палессе ёсць аграсядзіба “Фальварак Раскоша”.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота Сяргея Плыткевіча (“Планета Беларусь”) і Аляксандра Высоцкага.