Творчасць юных: каштоўнасці, якія нас аб’ядноўваюць

176

Як часта мы, нашчадкі, задумваемся пра каштоўнасць сваёй нацыянальнасці і радзімы? Як часта мы думаем пра асаблівасці нашай чароўнай Беларусі?

Я лічу, Беларусь – гэта краіна з неверагодна багатай гісторыяй, з добрымі і сумленнымі людзьмі, з непаўторнай прыродай, з адметнай і мілагучнай мовай.

Мы – жыхары Рэспублікі Беларусь. Мы жывём у дваццаць першым стагоддзі. Наша краіна прыгожая і багатая. Кожны з нас мае магчымасць вучыцца, працаваць, атрымліваць медыцынскую дапамогу, вандраваць, жыць поўным і шчаслівым жыццём. Але так было не заўсёды.

Я хачу ўспомніць нашых дзядоў і прадзедаў. Яны змагаліся за наша блакітнае мірнае неба над галавой. У цяжкі час давялося ім жыць і выжываць. Тое, што яны рабілі для будучыні нашай краіны – бясцэнна. Многія загінулі або вярнуліся з вайны інвалідамі. У голадзе і холадзе, не маючы зброі і цёплага адзення, яны ваявалі да апошняй кроплі крыві за нашу родную Беларусь.

У гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны чацвёрты, але разрабаваная і напалову разбураная краіна не здалася. Вялікі дзякуй Вам, ветэраны, за гэта! У час Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску дзейнічала самае вялікае гарадское антыфашысцскае падполле ў Еўропе. Аперацыя па ліквідацыі стаўленіка Гітлера ў Беларусі – Вільгельма Кубэ – праз гады будзе пакладзена ў аснову сюжэта вядомага савецкага фільма «Гадзіннік спыніўся апоўначы».

Пасля заканчэння той страшэннай вайны Беларусь яшчэ доўгія гады аднаўлялася ад разбурэнняў і страт. Але і да нашых дзён краіна свята шануе памяць аб ахвярах фашызму і подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў. Мы ніколі не забудзем мужнасці людзей, якія жылі ў той цяжкі час і аддавалі ўсё, каб наблізіць доўгачаканы Дзень Перамогі.

Сёння Беларусь – квітнеючая краіна. Кожны год тут праходзіць мноства мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. У мясцінах гераічных баёў і чалавечых трагедый створаны мемарыяльныя комплексы і ўстаноўлены абеліскі, распрацаваны гістарычныя маршруты. У Мінску заснаваны першы ў свеце музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Сёння на некалькі гадзін можна перанесціся ў ваенны час у гераічнай «Брэсцкай крэпасці» і на «Лініі Сталіна» пад Мінскам. У суседніх з намі краінах і зараз неспакойна. Людзі часта карыстаюцца зброяй, не цэняць тое, што ўвесь гэты час захоўвалі іх продкі. Але мы, беларусы, беражом мір, заваяваны цаной мільёнаў жыццяў. Я спадзяюся, што і нашы дзеці будуць жыць у міры і згодзе. Мы з вялікай павагай адносімся да ветэранаў і ўдзельнікаў вайны. Яны ўзнагароджаны за мужнасць і гераізм вялікай колькасцю медалёў і ордэнаў. А 9 Мая – Дзень Перамогі – адно з самых важных свят у нашай краіне.

Я спадзяюся, што мы, беларусы, здолеем захаваць нашу радзіму такой, якой мы бачым яе зараз. Беларусь – гэта каштоўнасць, якая нас аб’ядноўвае. Хачу, каб усе помнілі, што вечна будзе жыць і квітнець толькі той край, дзе нараджаюцца цярплівыя, мужныя і працавітыя людзі.

Баўтрамовіч Валерыя, Мядзельская сярэдняя школа №1 імя Уладзіміра Дубоўкі