Ва ўстановах адукацыі прайшлі мерапрыемствы ў рамках акцыі “Беларусь — энергазберагаючая краіна”

376

Дэпартамент па эфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь ініцыяваў правя­дзенне 9-20 лістапада бягучага года інфармацыйна-адукацыйнай акцыі “Беларусь — энергазберагаючая краіна”. Далучылася да яе і Мядзельшчына.

Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Святлана Кундра, у школах штогод у Міжнародны дзень энергазберажэння праводзяцца розныя мерапрыемствы — класныя і інфармацыйныя гадзіны, гутаркі, тэматычныя курсы, займальныя віктарыны. Так было і сёлета.

Напрыклад, у Свірскім ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа вучні 6 класа правялі акцыю “Беражыце электра­энергію”, падчас якой распаўсюдзілі лістоўкі і памяткі па энергазберажэнні. Дарэчы, памяткі па гэтай важнай праблеме размясцілі і ў класных групах Viber. Сярод малодшых школьнікаў прайшлі гутаркі, якія датычылі правіл энергазберажэння. 11 лістапада на перапынку на 10 хвілін ва ўсіх класах былі выключаны ўсе электрапрыборы.

У Мядзельскай СШ №1 імя Ула­дзіміра Дубоўкі было арганізавана выступленне лектарскіх груп, прайшлі і іншыя мерапрыемствы выхаваўчага характару. Даволі павучальнай атрымалася віктарына “Энергазберажэнне — справа ўсіх альбо кожнага?”
Выпускам матэрыялаў агітацыйнага зместу заняліся старшакласнікі Мядзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа. Даволі цікавымі атрымаліся буклет “Народная мудрасць: прыказкі і прымаўкі пра беражлівасць і эканомію”, сувенірная прадукцыя для першакласнікаў, а таксама калаж “Азбука беражлівасці”. Пад дэвізам “Да­дзім адходам другі шанц” была арганізавана выстава творчых прац, зробленых хлопчыкамі і дзяўчынкамі з другаснай сыравіны.

Сярод вучняў пачатковых класаў устаноў адукацыі раёна адбыліся конкурсы малюнкаў па тэме энергазберажэння. А ў Цэнтры творчасці, турызму дзяцей і моладзі раёна прайшлі інфармацыйныя хвілінкі, інфадай­джэст “Энергазберажэнне для ўсіх і кожнага”. Запомнілася наведвальнікам установы таксама акцыя “Кожны лісцік лесу дарагі”.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 14.11

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.