Выязное пасяджэнне Мінскага абласнога савета па развіцці прадпрымальніцтва праведзена нядаўна на базе бізнес-інкубатара ў Камарове.

З вітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік старшыні аблвыканкама — старшыня абласнога савета па развіцці прадпрымальніцтва Мікалай Рагашчук. У сваім выступленні Мікалай Міхайлавіч адзначыў, што доля малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў валавым дабаўленым кошце вобласці ўвесь час расце. У 2020 го­дзе ўдзельная вага валавага дабаўленага кошту, які сфарміраваны суб’ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, плануецца ў межах 33,5%.

Ён паведаміў, што ў сталічнай вобласці да канца года намечана стварыць абласны інфармацыйна-турыстычны цэнтр.

— Структура будзе займацца ў першую чаргу пазіцыянаваннем вобласці ў турыстычнай сферы. Гаворка ідзе не толькі пра вядомыя аб’екты — Нарач, Нясвіжскі замак, але і пра прамысловы турызм. У вобласці ёсць што паказаць. Дарэчы, экспарт турыстычных паслуг у рэгіёне штогод павялічваецца. За 11 месяцаў 2019 года рост склаў каля 113%, — удакладніў Мікалай Міхайлавіч.

Адзін з накірункаў развіцця рэгіёну — падзейны турызм. Добрым прыкладам тут з’яўляецца Будслаўскі касцёл.
— Раз у год у Будславе праходзіць вялікае рэлігійнае свята, на якое з’язджаюцца вернікі з усяго свету. І разам з тым, кожны дзень ад Чырвонага касцёла ў Мінску адпраўляюцца ў Будслаў два турыстычныя аўтобусы, — падкрэсліў Мікалай Рагашчук. — Патэнцыял для развіцця турызму ёсць.

На яго думку, адзін з перспектыўных накірункаў развіцця турызму — паляванне.
— Лясгасы ў Валожынскім і Вілейскім раёнах могуць сумесна з Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў развіваць паляванне для турыстаў, у тым ліку замежных, — зазначыў Мікалай Міхайлавіч.

Намеснік старшыні абласнога савета па развіцці прадпрымальніцтва, генеральны дырэктар закрытага акцыянернага таварыства «МАП ЗАТ» Сяргей Найдовіч падкрэсліў, што на Мядзельшчыне ёсць многа аб’ектаў, якія можна прапанаваць турысту. Але іншы раз бракуе рэкламы гэтых аб’ектаў. Таму патрэбна мець больш цесны кантакт са сродкамі масавай інфармацыі.

“Перспектывы накірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Мя­дзельскага раёна з улікам наяўнага турыстычнага патэнцыялу рэгіёна” — гэта тэма выступлення намесніка старшыні райвыканкама, старшыні раённага савета па развіцці прадпрымальніцтва Аляксандра Бразоўскага. Аляксандр Віктаравіч даў падрабязную характарыстыку раёну, яго прыродным рэсурсам, турыстычным аб’ектам.

— Асновай экспарту паслуг раёна з’яўляюцца менавіта турыстычныя паслугі. Удзельная вага выручкі ад рэалізацыі экспарту та­вараў і турыстычных паслуг складае 36% ад усёй выручкі раёна у сферы паслуг, — падкрэсліў прамоўца. — Для развіцця турызму ў раёне ёсць адпаведная інфраструктура: дзве гасцініцы, 11 санаторна-курортных аздараўленчых арганізацый, паляўнічы комплекс, этнакультурны комплекс “Наносы-Наваселле”, 97 суб’ектаў аграэкатурызму, 50 аб’ектаў грамадскага харчавання, 15 турыстычных стаянак. На тэрыторыі раёна дзейнічаюць 44 турыстычна-экскурсійныя маршруты…

Старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка ў сваім выступленні падкрэсліў, што і надалей сур’ёзная ўвага на Мядзельшчыне будзе надавацца пытанням развіцця турыстычнай сферы.

Старшыня савета па развіцці аграэкатурызму на Мядзельшчыне Наталля Баран расказала пра турыстычны патэнцыял раёна ад Будслава да Камарова. Свой даклад яна суправаджала слайдамі. А вось дырэктар рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды “Планета без межаў” Сяргей Плыткевіч спыніўся на пытаннях прасоўвання турыстычнага прадукта рэгіёнаў у сродках масавай інфармацыі і інтэрнэце.

Пра ролю інкубатара малога прадпрымальніцтва “БІКамарова” ў развіцці прадпрымальніцтва ў рэ­гіёне паведаміў намеснік старшыні раёнага савета па развіцці прадпрымальніцтва, дырэктар вучэбна-практычнай установы па падтрымцы прадпрымальніцтва “БІКамарова” Эдуард Вайцяховіч. Яго дапоўнілі выканаўчы дырэктар міжнароднага грамадскага аб’яднання “Экапартнёрства” Аліна Бушмовіч і дырэктар установы “Садзейнічанне развіццю бізнесу” Яўген Зуеў.

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што ўдзельнікі пасяджэння абмеркавалі накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну з улікам наяўнага турыстычнага патэнцыялу гэтай мясцовасці. Выступоўцы таксама закраналі перспектывы развіцця і іншых раёнаў, якія валодаюць высокім турыстычным патэнцыялам. У дакладах яны засяроджвалі ўвагу на тэме важнасці рэкламнага кантэнту і папулярызацыі брэндаў раёна. Гучалі і прапановы, як лепш павялічваць рэйтынг экатурызму ў раёне і чым прыцягваць патэнцыяльных кліентаў.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

Фота greenbelarus.info