Паштовая сувязь: дыплом ад журы і ўдзячнасць ад кліентаў

114

Як паведамлялі раней, другое месца на ХХІV Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства РУП “Белпошта” заняла наша зямлячка — аператар Мядзельскага ўчастка паштовай сувязі Наталля Карабейнік.

— Вядома, рада, што выступіла добра, — дзеліцца Наталля. — Калегі, даведаўшыся пра маё другое месца на рэспубліцы, тэлефанавалі, віншавалі. Было прыемна, вельмі ўдзячна ўсім ім. Вялікі дзякуй і тым, хто рыхтаваў мяне да конкурсу.

— Вельмі рада, што Наталля Аляксандраўна цяпер у нас, — кажа пра дзяўчыну начальнік Мядзельскага ўчастка паштовай сувязі Алена Жыхар. — Яна аператар па дачы водпускаў, а таму, хоць і нядаўна ў нас, паспела папрацаваць у многіх населеных пунктах раёна. І ўсюды паказала сябе кампетэнтным спецыялістам, культурным і ветлівым чалавекам, пра яе найлепшыя водгукі. Хоць, трэба сказаць, усе нашы работнікі добрыя.

З апошнім нельга не пагадзіцца: добрая слава ідзе пра многіх рупліўцаў галіны. За працу ім дзякуюць, так бы мовіць, у вуснай і пісьмовай форме. Вось і напярэдадні прафесійнага свята паштавікоў ліст са словамі падзякі даслала жыхарка аграгарадка Лук’янавічы Ала Скурко. “У Мядзельскім аддзяленні сувязі пастаянна абслугоўванне на высокім узроўні, — гаворыцца ў ім. — Хачу адзначыць Марыну Сяргееўну Сыракваш, Алену Генадзьеўну Осіну — добрыя спецыялісты, зычлівыя, усмешлівыя. Усё зразумела растлумачаць, да кожнага знойдуць падыход. Асаблівыя словы падзякі начальніку перасоўнага аддзялення паштовай сувязі №1 Марыне Уладзіміраўне Серадзінскай і паштальёну Галіне Усцінаўне Гурскай — старанныя, адказныя, добрыя, спагадлівыя. Марына Уладзіміраўна абслугоўвае хутка, якасна. Да апошняга кліента — нікога не пакідае на заўтра. Спакойная, ніколі не павысіць голас. Прафесіянал сваёй справы! А Галіна Усцінаўна ў любое надвор’е паспявае да кожнага, і ад яе можна пачуць толькі добрыя словы. Хочацца, каб пра іх ведалі ў раёне, а не толькі ў нашым аграгарадку”. Ёсць у гэтым лісце словы падзякі і Алене Жыхар — за кампетэнтны падбор кадраў і працу з імі.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 9.10