Ні тавару, ні грошай… Асцерагайцеся махляроў пры правядзенні знешнегандлёвых аперацый

489
ПРЫ кантролі за ажыццяўленнем знешнеэканамічных аперацый усё часцей выяўляем парушэнні ўстаноўленых тэрмінаў іх завяршэння (невяртання валютнай выручкі або непаступлення тавару) па прычыне махлярства ў сферы электронных тэхналогій.

На практыцы гэта выглядае так. Суб’ект Рэспублікі Беларусь, прапрацоўваючы за­ключэнне знешнегандлёвай здзелкі, накіроў­вае іншаму боку (нерэзідэнту Рэспублікі Беларусь) па электроннай пошце дагавор ці кантракт, а пасля яго падпісання ў вызначаны тэрмін робіць аплату. Калі ж надыходзіць тэрмін атрымання тавару, высвятляецца, што грошы пастаўшчык не атрымаў. Прычына — няправільныя банкаўскія рэквізіты ў дагаворы (кантракце). У выніку грошы пералічаны іншаму атрымальніку.

Чаму так адбылося? Зламыснікі “ўкліньваюцца” ў перапіску ўдзельнікаў знешнегандлёвай аперацыі і змяняюць у электронных дакументах рэквізіты банкаўскіх рахункаў, а даверлівыя суб’екты пералічваюць на гэтыя рахункі грошы. Якія звычайна вярнуць немагчыма, бо рахункі адразу ж закрываюцца.

Такое здаралася не толькі пры аднаразовых здзелках, але і з пастаяннымі партнёрамі па бізнесе. Абодва бакі не здагадваліся, што іх узаемаадносіны адсочвалі трэція асобы, якія выкарыстоўвалі электронную перапіску ў сваіх інтарэсах.

У выніку — грошай няма, аперацыя не завершана. Суб’екты гаспадарання беспадстаўна мяркуюць, што ў выпадку ўзбуджэння крымінальнай справы па такіх фактах здзелку прызнаюць несапраўднай, запазычанасць — безнадзейнай да спагнання і працягваць тэрмін яе завяршэння не трэба. Таму нагадаем, што здзелка з’яўляецца несапраўднай па падставах, вызначаных Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь або іншымі заканадаўчымі актамі, у выніку прызнання яе такой судом або незалежна ад прызнання (пункт 1 артыкула 167 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Акрамя таго, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27.03.2008 № 178 “Аб парадку правядзення і кантролю знешнегандлёвых аперацый” вызначаны дакладны пералік спосабаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый (абзац 5 часткі 5 падпункта 1.4 пункта 1 Указа № 178), сярод якіх апісаны вышэй спосаб адсутнічае.

Настойліва рэкамендуем удзельнікам знешнегандлёвых аперацый перад пералічэннем сродкаў правяраць рэквізіты ў атрыманых электронных дакументах. Будзьце асабліва пільныя, калі накіроўваеце дакументы з адной інфармацыяй, а адказ прыходзіць са зменамі — магчыма, гэта махлярства.

Упраўленне камітэта кантролю за галінамі гаспадаркі Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці.