ТОЙ, хто хоць раз паспытаў хлеба, спечанага ў пякарні “Камарова”, заўсёды яго шукае на паліцах крам. На жаль, рэалізуецца ён пакуль далёка не ўсюды. А там, дзе і прадаюць прадукцыю камароўскіх хлебапёкаў, яна не залежваецца на паліцах.
З чаго ўсё пачыналася? Гэта пытанне і задаў дырэктару бізнес-інкубатара “БІКамарова” Эдуарду Вайцяховічу. Перш чым адказаць, ён крыху задумаўся.

— Пачну з таго, што вырас я ў гарадскім пасёлку Свір. Наш дом стаяў насупраць пякарні. Таму водар свежаспечанага хлеба заўсёды напаўняў наваколле. Яго і зараз не магу забыць. А хіба не за шчасце было дзецям паласавацца хрумсткай скарыначкай?! — расказвае Эдуард Антонавіч.

Потым была вучоба ў Свірскім ПТВ, інстытуце, які, дарэчы, закончыў з чырвоным дыпломам. Так здарылася, што 26-гадоваму юнаку даручылі ўзначаліць калектыў сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

Давялося шмат пабываць за мяжой, паглядзець, як там жывуць людзі, як рыхтуюць спецыялістаў для той альбо іншай га­ліны. Адметна тое, што за мяжой вельмі многа часу адводзіцца на практычныя заняткі, — распавядае суразмоўца. — Добрыя, сяброўскія адносіны склаліся з нямецкай абшчынай Хюльхорст. Наладжваліся спартыўныя і культурныя сувязі. А вёска — гэта не толькі сельская гаспадарка. Вось тады і з’явілася ідэя зрабіць штосьці падобнае ў Камарове, развіваць малыя прад­прыемствы. Скажам, чаму жыхар вёскі, напрыклад, раніцай не можа з’есці свежую духмяную булачку? Для гэтага пякарня павінна быць непадалёку. У ліцэі планавалі арганізаваць навучанне повароў, кандытараў. Вось тут у пякарні для іх была б найлепшая практыка. Спачатку планаваў пякарню і кандытарскі цэх адкрыць у Свіры, у адной палове былога будынка хлебапякарні. А ў другой арганізаваць выцісканне соку з яблыкаў. Тады гэта было вельмі папулярна ў насельніцтва. Але атрымаць будынак не ўдалося. Тады пайшлі іншым шляхам. Зрабілі рамонт у былым збожжаскладзе. Абсталяванне нам перадалі з Германіі як гуманітарную дапамогу. Зманціравалі яго і ў 2000 годзе спяклі першы хлеб. Па нямецкім прыкладзе побач з пякарняй адкрылі магазін “Гарачы хлеб”. Далёка не кожны пойдзе туды, каб купіць толькі бохан хлеба ці булачку. Зразумела, ён сябе не акупляў. Таму давялося пашыраць асартымент. Ды і вытворчасць хлебабулачных вырабаў, іх аб’ёмы неабходна было нарошчваць.

У 2006 годзе змянілася кіраўніцтва ліцэя. І пякарня, як кажуць, стала. Вялі перамовы з новым кіраўніцтвам ліцэя наконт арэнды памяшкання. Абсталяванне нават давялося дэманціраваць, закансерваваць. Час ішоў. Усё мянялася. Нарэшце Вайцяховічу ўдалося набыць частку аднаго з будынкаў сядзібна-паркавага комплексу Камарова.

— Распрацавалі новы праект, атрымалі інвестыцыі — і за справу. У лютым распачалі рамонт, а ў чэрвені закончылі. Неўзабаве спяклі і першы хлеб. Аднавіла пякарня сваю работу ў 2017 годзе. Спачатку працавала адна змена, — працягвае размову Эдуард Антонавіч. — Вывучалі рынак збыту, наладжвалі сістэму пастаўкі сыравіны. Потым вымушаны былі адкрыць і другую змену. Такім чынам, дзякуючы пякарні створана 12 працоўных месцаў. Калі сказаць праўду, то задумваемся і пра трэцюю змену, яшчэ шэсць чалавек змогуць працаўладкавацца.

— А дзе зараз рэалізуеце сваю прадукцыю? — цікаўлюся.
— У магазіне ў Камарове, у гарадскіх пасёлках Свір і Лынтупы, курортным пасёлку Нарач, аграгарадках Нарач, Занарач. На перспектыву прапрацоўваем пытанне адкрыцця гандлёвых кропак у Мядзеле, Астраўцы. Словам, не стаім на месцы, — чую ў адказ.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 29.07

Ігнат Лубнеўскі. Фота аўтара.

Хлеб — усяму галава, або свежая "Чыабата" з Камарова на сняданакХлеб — усяму галава, або свежая "Чыабата" з Камарова на сняданак

Хлеб — усяму галава, або свежая "Чыабата" з Камарова на сняданак

Хлеб — усяму галава, або свежая "Чыабата" з Камарова на сняданак