БАЙДАРАЧНАЯ аграсядзіба “Вузлянка” — адзіная з Мядзельшчыны ўдзельніца праекта «АГРА 2.0». Захацелася сустрэцца з яе гаспадаром Андрэем ГЛАДКІМ, каб, як кажуць, з першых вуснаў даведацца пра так званы сямейны бізнес.  Як развіваецца? Што задавальняе, а што не зусім? І, вядома, чаго гаспадар аграсядзібы чакае ад праекта, у якім вырашыў паўдзельнічаць.

Аграсядзіба “Вузлянка” ўдзельнічае ў праекце "АГРА 2.0"

— Пачну з таго, што на рынку турысцкіх паслуг байдарачная аграсядзіба “Вузлянка” з 2014 года. Аднак па-сапраўднаму заяўляе пра сябе трэці сезон. Галоўная наша фішка — байдаркі. Ёй і не здраджваем.

— Андрэй Адамавіч, якім выдаўся сёлетні сезон? Ці наклаў адбітак на вашу сферу дзейнасці каранавірус?

— На пачатку сезона адпачынку, дзесьці ў маі-чэрвені, нашы кліенты сталі рэзка адмяняць заказы. Прычына агульнавядомая — каранавірус. Сітуацыя была сапраўды для многіх незразумелая. Ніхто не ведаў, што бу¬дзе далей. А калі пандэмія пайшла на спад, становішча нарма¬лізавалася. Беларусы, якія раней ездзілі падчас водпускаў у Турцыю, Егіпет, засталіся дома. І ўбачылі нашу краіну, скажам, з іншага боку, што радуе. У нас жа такія цудоўныя мясціны, чыстае паветра і адпачынак — ціхі, спакойны. Адным словам, для душы, што многія на самай справе для сябе адкрылі. Разам з тым, бягучы год паказаў, што нельга будаваць грандыёзных планаў. Яны не заўсёды ажыццяўляюцца, прычым па прычынах, якія ад нас зусім не залежаць.

— Хто вашы асноўныя кліенты?

— Розныя людзі. Ёсць і моладзь, і пенсіянеры. Асобныя прыязджаюць сем’ямі, з малымі дзецьмі. Што датычыць заказаў, то цяпер стала больш дробных. Калі раней многія прыязджалі вялікімі кампаніямі, то сёлета — пераважна па два-тры чалавекі. Адпачывалі, напрыклад, медыкі — восем чалавек. Яны вандравалі па многіх кутках Беларусі. Да мяне ў Вузлу прыехалі з Вілейкі. Пабылі некалькі дзён, адпачылі і адправіліся далей — на Віцебшчыну: у Паставы, Браслаў…

— А ці адпачываюць у вас мядзяльчане?

— Так, і даволі нядрэнна. Асобныя арганізацыі нават кампаніямі збіраюцца сюды на карпаратывы. Тая ж бальніца, электрасеткі, работнікі Белтэлекама… Дзве-тры гадзіны паплаваюць на байдарках, пасмажаць шашлыкі, пасядзяць у альтанцы — і дадому. Прыязджаюць таксама пастаўцы, віляйчане. Значыць, ім тут падабаецца. Такая прыгажосць наўкола! Рэчка Вузлянка наша бяспечная. І маршрут нескладаны. Можна плыць па цячэнні і нават не веславаць. І лодкі нашы добрыя, устойлівыя. Вось і катаюцца на іх з задавальненнем і бацькі з малымі дзецьмі, і каму далёка за 70… Падчас падарожжа на байдарцы па рацэ, дарэчы, можна палюбавацца наваколлем. Мясціны ў нас сапраўды адметныя. Проста з лодкі вачам адкрываюцца розныя краявіды. Пясчаныя берагі змяняе сасновы бор. Ёсць і разлівы з дрэвамі лісцевых парод. Заварожваюць таксама жоўтыя гарлачыкі на воднай гладзі… Плыві паціху, мар, фатаграфуйся на памяць аб адпачынку…

Аграсядзіба “Вузлянка” ўдзельнічае ў праекце "АГРА 2.0" Аграсядзіба “Вузлянка” ўдзельнічае ў праекце "АГРА 2.0" Аграсядзіба “Вузлянка” ўдзельнічае ў праекце "АГРА 2.0"

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 6.11