З Нараджэннем Хрыстовым!

708

“Нарадзiўся сёння Збавіцель, якiм ёсць Хрыстос Пан” (Лк 2, 10-11)

ЧАТЫРЫ тыдні Адвэнта мы, вернікі Касцёла, рыхтаваліся да свята Божага Нараджэння. Езус нарадзіўся больш за два тысячагоддзі таму, але і сёння, у дваццаць першым стагоддзі, Ён голасам Касцёла стукаецца ў нашы сэрцы. Ці дазваляем мы Яму ўвайсці ў наша жыццё? Ці хочам, каб Ён яго перамяніў? Каму мы больш давяраем: Яму ці абяцанням гэтага свету, у якім няма трываласці і які сатрасаюць розныя крызісы?

Умілаваныя браты і сёстры! Чарговы раз нашы сэрцы скіраваны да падзей Віфлеемскай ночы, калі Божае святло прыйшло на зямлю, несучы з сабой Божую праўду i невычарпальны зарад духоўнага аднаўлення, каб развеяць цемру чалавечага сэрца.

Езус стукае ў нашы сэрцы і хоча, каб мы пачулі Яго стук і знайшлі Яму месца, бо толькі ў Ім чалавек сам будзе шчаслівы і будзе будаваць шчасце ўсяго грамадства. Марыя з Іосіфам у тую халодную і цёмную ноч, спяшаючыся, шукалі месца, дзе мог бы нарадзіцца Збавіцель свету. Там Бог нахіліўся да зямлі, каб прыйсці ў гэты свет. Тыя, хто шукае Бога, таксама павінны нахіліцца.

Свята Божага Нара­джэння — гэта час, калі Адно Сэрца падарожнічае да ўсіх. Бог набліжаецца да твайго сэрца. Ці ўпусціш ты Яго? Ці падрыхтавана тваё сэрца для Бога і Яго Любові? Брат, сястра, затрымайся і запрасі Дзіцятка ў сваё жыццё, да сваіх радасцей і праблем — Дзіця пасмяецца разам з табою і з табою паплача.

Для нас i дзеля нашага збаўлення Бог прыняў людское цела, каб вызваліць нас з няволі граху, каб мы нанава “ад Бога нарадзіліся” (Ян 1, 13), сталіся братамі Яго Сына і Яго ўсыноўленымі дзецьмі. Дык няхай урачыстасць Божага Нараджэння ажывiць у нашых сэрцах агонь веры, каб мы маглi жыць у яго бляску i цяпле, маглi асвятляць i саграваць iм iншых. Хай Божая дабрыня, якая з’явілася ў Езусе Хрысце, Уцелаўлёным Слове, умацуе ва ўсіх веру, надзею і любоў і дасць суцяшэнне тым, хто яго патрабуе.

Браты і сёстры! Сёння мы радасна ўсклікаем: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!” Няхай наша Бацькаўшчына — Беларусь — стане краінай сапраўднага праслаўлення Бога праз захаванне Яго закону і жыцця згодна з маральнымі нормамі! Няхай у ёй запануе Божы супакой, узаемная згода і паразуменне, падмуркам якіх з’яўляецца супакой у душы кожнага чалавека! Няхай Марыя, Іосіф і Немаўля, якое ляжыць у яслях, дапамогуць нам знайсці вялікае шчасце, якім для чалавека з’яўляецца сям’я, якая нараджае дзяцей і выхоўвае іх годнымі грамадзянамі.
Ад усяго сэрца віншую ўсіх вернікаў са святам Божага Нараджэння. Віншую католікаў і тых хрысціян, якія разам з намі адзначаюць гэта свята. Віншую ўсіх людзей добрай волі і жадаю ім падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збавіцелю.

Дарагія браты і сёстры! Жадаю вам святасці ў штодзённым жыцці, святасці ў вашых сем’ях. Бацькі, маліцеся да Езуса аб мудрасці для сябе ў выхаванні дзяцей, маліцеся аб веры. Няхай Дзіцятка Езус наведае кожную нашу сям’ю. Няхай прыклад Бога, які схіліўся над грэшным чалавецтвам і стукае ў нашы сэрцы, дапаможа ў духу пакоры перамагчы нашу ганарлівасць і падзелы нашага грамадства, каб мы ўсе ў Езусе Хрысце былі адзінымі.

Радасных, шчаслівых, поўных Божай ласкі і прысутнасці Хрыста ў нашых сэрцах святаў Божага Нараджэння і шчаслівага надыходзячага Новага года.

Хрыстос нарадзіўся — Бог аб’­явіўся! Ён стукае ў нашы сэрцы! Іх неабходна адчыніць! Езус вас любіць! Вы патрэбны Яму! З гэтым роздумам перасылаю вам, браты і сёстры, сардэчныя святочныя пажаданні на Божае Нараджэнне.

Айцец Павел ЛЕЛІТО.
Пробашч парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзеле.