Віншуем вернікаў са святам! (12 красавіка – Вялікдзень па календары каталіцкай канфесіі)

606

Дзень поўны радасці настаў,
Хрыстос жывы з грабніцы ўстаў,
З мёртвых паўстання прыклад даў.
Алелюя!

ГЭТЫЯ радасныя словы песні нядзельным ранкам гучаць у сэрцах усіх хрысціян. Хрыстос з мёртвых паўстаў і даў нам прыклад. Даў нам упэўненасць, што, калі прыйдзе час, мы таксама разам з ім з мёртвых паўстанем да вечнага жыцця.

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! Жалобная цішыня, маркота і смутак, якія агарнулі ўвесь свет з прычыны смерці Божага Сына, разбуджаны вясёлым Алелюя. Па ўсіх кутках зямлі разняслася радасная вестка: Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс! Гэтымі словамі велікоднага прывітання ўсіх вас вітаю і віншую са святам Уваскрэсення нашага Пана Езуса Хрыста.

Традыцыі гэтай светлай урачыстасці ідуць з глыбіні стагоддзяў, сімвалізуючы перамогу жыцця, адраджэнне і абнаўленне духоўнага свету чалавека. Вялікдзень раскрывае сапраўдны гуманізм хрысціянства, які зацвярджае вялікую духоўную энергію ўсёдаравання і любові. У такія дні вернікаў перапаўняюць пачуцці глыбокай, шчырай радасці і імкненне рабіць добрыя справы, акружаць цяплом і клопатам тых, хто мае патрэбу ў дапамозе і спагадзе.

Уваскрэсенне Хрыста – свята веры, якое азначае перамогугу дабра над злом і з’яўляецца крыніцай высокіх духоўных каштоўнасцей, якія сёння так неабходны чалавецтву. Гэта свята дазваляе глыбей усвядоміць радасць жыцця і згоды ў нашым грамадстве. Няма нічога важнейшага, чым мір на роднай зямлі, шчасце і ўзаемаразуменне ў сем’ях. Кожны з нас хоча бачыць надзейную апору ў сваіх блізкіх людзях. Але варта ведаць, што рабіць гэта неабходна, у першую чаргу, пачынаючы з самога сябе: берагчы сям’ю, калектыў, у якім мы працуем і дзе нясём грамадскае служэнне, быць прыкладам у жыцці, бачыць у блізкіх толькі добрае і служыць гэтым якасцям душы. Таямніца Уваскрэсення Хрыста з’яўляецца найглыбейшай таямніцай нашай веры. Абвяшчаючы Уваскрэсенне, мы абвяшчаем пачатак Каралеўства Божага на зямлі. У час Вялікага Дня ўзмацняюцца наша вера, надзея і любоў. Хрыстос памёр за нас, калі мы былі слабымі і бязбожнымі, грэшнікамі і непрыяцелямі. Таму цяпер мы закліканы клапаціцца аб кожным чалавеку.

Дзе б мы ні знаходзіліся, заўсёды варта памятаць наша чалавечае прызначэнне: народжаны чалавек вернецца ізноў у тое жыццё, адкуль прыйшоў, бо голы ты прыйшоў, голы і адыдзеш, але з якім багажом душы сваёй? Тады ўбачаць усе тваё добрае, калі праслаўляў сваім жыццём Бога ў дабрадзейнасці, любіў блізкага свайго, як самога сябе, тады і Уваскрэслы Хрыстос палюбіць тварэнне сваё і скажа: “Увайдзі ў радасць Пана Бога твайго”. Іншага шляху няма, каб трапіць у Царства Нябеснае. Стукайце – і адчыняць вам. Дзе сэрца ваша, там будзе і душа ваша.

Жадаю, каб Божая ласка памнажала веру ў нашых сэрцах, каб мы, як апосталы Ян і Пётр, адважыліся прайсці пустой магілы, якую бачаць нашы вочы, да моцнай веры ў сэрцах, народжанай асабістай сустрэчай з Уваскрэслым Хрыстом. Няхай Ён будзе крыніцай новай надзеі, няхай вызваліць нас ад усялякай боязі і сумненняў, дазволіць паверыць у “немагчымае” і заўважаць знакі Яго прысутнасці паміж нас.

Для нашых праваслаўных братоў і сясцёр, якія цяпер распачынаюць Вялікі Тыдзень, шлю сваё пастырскае благаславенне і жадаю шчыра і натхнёна перажыць гэты важны перыяд, радасна сустрэць Пасху.

Кожнага з вас я ахінаю сваёй малітвай, жадаю здароўя і шчодрых ласкаў ад Уваскрэслага Пана. Няхай вера ў Змёртвыхпаўсталага Езуса Хрыста, Які ідзе з намі па дарогах iтодзённага жыцця, будзе для нас крыніцай моцы ў цяжкасцях, надзеі — у расчараваннях, супакою — у хваляваннях, а таксама крыніцай любові, якая перамяняе свет.

Хрыстое Уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс! Алелюя!

а. Павел ЛЕЛІТО.
Пробашч парафіі Маці Божай Шкаплернай у г. Мядзеле.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц