У Мядзельскім касцёле адбылася Імша-падзяка з нагоды 30-годдзя вяртання парафіяльнай святыні вернікам

677

25 СНЕЖНЯ ў Мядзельскім касцёле Маці Божай Шкаплернай, на вігілію Божага Нараджэння, адбылася Імша-падзяка з нагоды 30-годдзя вяртання парафіяльнай святыні вернікам. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў Яго Эксцэленцыя Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Шчырыя словы падзякі ён выказаў айцам ордэна кармелітаў босых, якія апякаваліся і апякуюцца над парафіяй, вернікам, усім, хто прысутнічаў на ўрачыстасці за шчырую працу па аднаўленні святыні, яе добраўпарадкаванні. Дарэчы, сёлета споўнілася 265 год з дня пабудовы Божага храма.

Яго Эксцэленцыя прыгадаў, як 30 год таму на Вігілію Божага Нараджэння айцец Аўгусцін Квяткоўскі тут цэлебраваў першую святую Імшу.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч шчыра павіншаваў святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў, якія прысутнічалі на ўрачыстасці, з нагоды юбілею, пажадаў ім ласкі нованароджанага Пана, Яго супакою і радасці, а таксама шчаслівага Новага года.

На завяршэнне ўрачыстай святой Імшы прадстаўнікі духавенства і вернікі выказалі арцыпастыру словы падзякі за ўдзел ва ўрачыстасці, склалі свае пажаданні з нагоды дня яго 30-годдзя біскупскага ахвярнага служэння Богу і людзям.