Са святам, вернікі!

339

Хрыстус уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!

“Не бойцеся. Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага? Ён уваскрэс. Яго тут няма”.
(Евангелле паводле Марка 16, 6).

Дарагія браты і сёстры!

Гісторыя Пасхі бярэ пачатак з часоў Старога Запавету, калі ізраільскі народ прабываў у егіпецкай няволі. Бог не пакінуў свой народ у рабстве, але праз Маісея вывеў яго з няволі. І гэты выхад ізраільскага народа называецца па-яўрэйску “пасах” (Пасха). Святкавалі Пасху, ужываючы ў ежу маладое ягнятка. І сімвалам гэтага бязвіннага ягнятка становіцца Хрыстус, які праз сваё ўваскрэсенне выводзіць нас з самай страшнай няволі — няволі граху.

Уваскрэсенне Хрыста — гэта вялікая таямніца нашай веры і радасная вестка аб нашым збаўленні. Езус Хрыстус перамог смерць, вызваліў нас ад граху, адчыніў брамы вечнага Валадарства і даў кожнаму надзею на збаўленне.

Няхай Хрыстус Уваскрэслы, які прыносіць нам супакой, напаўняе вас радасцю і надзеяй, лечыць і аздараўляе вашыя душы, а ў Эўхарыстыі няхай штодня будзе крыніцай адновы вашага жыцця, умацавання веры і братняй любові. Са светлым святам Хрыстовага Уваскрэсення!

Айцец Бэрнард Радзік, пробашч Рыма-Каталіцкай парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзеле.

 

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц