25 мая прайшло надзвычайнае анлайн-пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Па яго выніках Старшыня ККББ арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адказаў на пытанні Catholic.by.

"Было прынята няпростае рашэнне: перанесці сёлетні Будслаўскі фэст на пазнейшы час". Пра Будслаўскі фэст і пілігрымкі — у інтэрв’ю з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам

— Ваша Эксцэленцыя, чаму Пленарнае пасяджэнне ККББ сёння прайшло ў такім незвычайным фармаце?

— Прычыны відавочныя: выкліканая пандэміяй каранавірусу сітуацыя не дазваляе нам сабрацца разам, але пры гэтым патрабуе хуткага прыняцця некаторых канкрэтных рашэнняў, важных для ўсяго Касцёла на Беларусі. Праз тыдзень завяршаецца Велікодны перыяд, але многія пакуль не змаглі прыступіць да Камуніі, як гэтага патрабуе касцёльны наказ.

Нам як пастырам трэба было неадкладна штосьці з гэтым зрабіць.

Неабходна было таксама абмеркаваць пытанні адносна працэсій Божага Цела і сёлетняга Будслаўскага фэсту. Каб хутка іх вырашыць, мы выкарысталі сучасныя сродкі масавай камунікацыі. Пасяджэнне ККББ у такім фармаце адбылося ўпершыню і, як мне здаецца, «першы блін» не быў «комам».

— На гэтым пазачарговым пасяджэнні былі прынятыя важныя рашэнні, у прыватнасці, пра перанос фэсту ў Будславе. Як у сувязі з гэтым плануецца арганізоўваць пілігрымкі?

— Усімі біскупамі калегіяльна было прынята няпростае рашэнне: перанесці сёлетні Будслаўскі фэст на пазнейшы час.

Канкрэтны тэрмін яго арганізацыі і магчымасць пілігрымак будуць вызначаны пазней, у залежнасці ад таго, як у Беларусі будзе развівацца эпідэміялагічная сітуацыя.

Пакуль складана казаць пра тое, калі і як гэта будзе адбывацца. Але мы не трацім надзею ўшанаваць сёлета Маці Божую ў нашым Нацыянальным санктуарыі.

— А ці змогуць вернікі ў прыватным парадку прыехаць у Нацыянальны санктуарый на ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай 2 ліпеня?

— Так, хоць пажадана пазбегнуць вялікага наплыву людзей з розных мясцовасцяў.

Адпустовыя ўрачыстасці ў Будславе адбудуцца 2 ліпеня. Праграму іх правядзення падрыхтуе пробашч, ксёндз Дзмітрый Дубовік, па ўзгадненні з курыяй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Больш дакладная інфармацыя таксама з’явіцца пазней.

Цалкам матэрыял чытайце тут: catholic.by

Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by