25 лютага дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Супрановіч правяла прыём грамадзян у сельскім выканаўчым камітэце ў Свіры. У прыёмнай старшыні мясцовай улады Валянціны Субач было нешматлюдна, толькі два наведвальнікі, — ускоснае сведчанне таго, што праблемамі насельніцтва ў гарадскім пасёлку лічаць за лепшае разбірацца ўласнымі сіламі.

Першай да Ірыны Аляксандраўны завітала Лілія Гуд з вуліцы Набярэжнай. У яе назбіралася некалькі пытанняў, якія, па меркаванні Ліліі Ігнацьеўны, патрабуюць вырашэння.

Адно з іх тычылася якраз вуліцы Набярэжнай і заключалася ў наступным. Маўляў, у сувязі з паляпшэннем дарожнага пакрыцця ад Свіры да Смаргоні значна ўзрос паток транспарту. Па запэўніванні Ліліі Гуд, пры руху па вуліцы вадзіцелі не звяртаюць увагі на дарожныя знакі, парушаюць хуткасны рэжым. Гэта ўяўляе небяспеку для пешаходаў і веласіпедыстаў, а ў летні сезон — для шматлікіх адпачываючых і дзяцей. З аналагічнай калектыўнай заявай жыхары вуліцы мінулым летам звярталіся ў сельвыканкам з просьбай прыняць меры па абмежаванні хуткасці руху транспарту на гэтым участку дарогі, абуладкаваць пешаходны пераход, а іх зварот прасілі накіраваць у ДАІ. Што і было зроблена. Пасля абследавання вуліцы супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі сумесна з прадстаўніком жыллёва-камунальнай гаспадаркі вынесена прадпісанне наконт абуладкавання там штучнай дарожнай няроўнасці. Сёння яна ёсць. Як і знакі абмежавання хуткаснага рэжыму да 40 кіламетраў у гадзіну ў абодвух напрамках. А каб ён выконваўся, у нас ёсць каму адсочваць…

Лілія Ігнацьеўна таксама панаракала, што камунальнікі ніяк не адладзяць ад яе дома адкачку каналізацыйных стокаў, хаця за паслугу яна заўсёды разлічваецца. А пры телефанаванні на мясцовы ўчастак альбо ва ўнітарнае прадпрыемства “Мядзельская жыллёва-камунальная гаспадарка” там абмяжоўваюцца адгаворкамі. Вярнулася і да сваёй вуліцы: месцамі кустоўе “павылазіла” на дарогу, ды і ў самым пачатку ад Савецкай па ёй не прайсці і не праехаць, мноства выбоін. У той жа час яна запэўніла: калі ў мясціне, дзе яны жывуць, будуць праводзіцца суботнікі па добраўпарадкаванні, то жыхары з задавальненнем прымуць у іх удзел. Трэба толькі, каб людзям аб правядзенні мерапрыемства па навядзенні парадку на зямлі паведамілі загадзя ды забяспечылі трактарам з прычэпам для адвозкі сабранага смецця. Дадам і тое, што пасля завяршэння прыёму насельніцтва Ірына Супрановіч выехала на месца і на свае вочы ўбачыла, у якім стане знаходзіцца цяпер Набярэжная. У цэлым дарога пакідае добрае ўражанне. Адно што вузкаватая. Ды яшчэ ёсць пытанні ў парачцы мясцін з кустоўем, якое замінае і пешаходам, і вадзіцелям. Гэта — непарадак, кусты неабходна высякаць! Хапае ў самым пачатку вуліцы і выбоін. Між іншым, у “Нарачанскай зары” нядаўна апублікаваны пералік работ па бягучым і капітальным рамонце вулічна-дарожнай сеткі Мядзельшчыны на 2021 год. Там якраз і запланавана ўладкаванне выраўноўваючага слою асфальтабетоннага пакрыцця на ўчастку Набярэжнай і на вуліцы Савецкай у гарадскім пасёлку Свір. І хто чытае раённую газету — той гэта добра ведае…

А вось на пытанні, з якімі звярнуўся да дэпутата парламента жыхар вёскі Болькава Генадзь Леош, так адразу і не адкажаш. Па-першае, Генадзь Станіслававіч паскардзіўся, што да ўзгорку ў іх населеным пункце, дзе жывуць чатыры сям і, няма пад езду. Звычайная палявая дарога вясной і восенню “не па зубах” нават “хуткай”. “Гэта адпавядае рэчаіснасці, — пацвердзіла Валянціна Субач. — Канечне, — запэўніла яна, — вясною мы пусцім туды грэйдар, паспрабуем зрабіць падсыпку. А вось каб пракласці сапраўдную дарогу, патрабуецца сур ёзнае фінансаванне, такіх сродкаў у нас на сёння няма”.

Па-другое, наведвальнік хадайнічаў за сына Алега, які жыве ў Свіры па вуліцы Першамайскай і працуе ў мясцовым таварыстве механізатарам. Па словах Генадзя Леоша, дом Алегу Генадзьевічу выдзеліла гаспадарка, аднак кватэра цяпер у вельмі кепскім стане, звонку па сценах пайшлі трэшчыны. Зразумелая справа, даць адказ на гэта можна толькі пасля заключэння адпаведных спецыялістаў: што, калі і як там можна паправіць. Дадам, што вяла прыём Ірына Супрановіч добразычліва, зацікаўлена паглыблялася ва ўзнятыя наведвальнікамі пытанні з мэтай іх безумоўнага вырашэння ў адпаведнасці з заканадаўствам, якое дзейнічае ў нашай краіне. І, вядомая справа, па ўсіх узнятых пытаннях заяўнікі атрымаюць неўзабаве пісьмовыя адказы.

Павел ЖУКАЎ. Фота аўтара.