Абраны кіруючыя органы раённага Савета дэпутатаў

255

resize-of-rotation-of-p5140014У мінулую пятніцу адбылася першая сесія раённага Савета дэпутатаў 26 склікання. У яе рабоце прынялі ўдзел, акрамя  абраных дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў, началь­нік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта А. А. Бачыла, старшыня райвыканкама А. І. Даніленка і яго намеснікі, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама.

Да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама А. І. Даніленка. Кіраў­нік раёна павіншаваў дэпутатаў з аказаным ім даверам. Шчырыя словы па­дзякі адрасаваў Аляксандр Іванавіч былому старшыні райсавета Святлане Фёдараўне Мінчук, якая на гэтай пасадзе добрасумленна адпрацавала два скліканні, і ўручыў ёй букет кветак.

Далейшую работу сесіі прадоўжыў старшыня раённай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь Л. С. Берняковіч. Леанід Сцяпанавіч паведаміў, што выбарчая кампанія прайшла на Мядзель­шчыне на належным арганізацыйным узроўні. Назіралася нядрэнная актыўнасць выбаршчыкаў. А ўвогуле ўдзел у галасаван­ні прыняло 91,2% жыхароў азёрнага краю. Абраны 2 дэпутаты абласнога, 30 — раённага і 134 — сель­скіх і Свірскага пасялковага Саветаў дэпутатаў.

Затым выбіраецца мандатная камісія. Яна пасля праверкі неабходных дакументаў, прадстаўленых раённай выбарчай камісі­яй, пацвердзіла паўнамоцт­вы ўсіх абраных дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў. Як адзначыў, трымаючы слова ад мандатнай камісіі, ваенны камісар раёна, дэпутат райсавета дэпутатаў па Першамайскай выбарчай акрузе №2 А. Л. Радкевіч, выбары на Мя­дзельшчыне прайшлі ў поў­най адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Выбарчым Кодэксам Рэспублікі Беларусь. Ва ўсіх 30 выбарчых акругах яны адбыліся без парушэнняў існуючага заканадаўства. Сярод абраных дэпутатаў па 4 работнікі сельскай гаспадаркі і аховы здароўя, па 3 — прамысловасці і транспарта, дзяржаўныя служачыя, а таксама прадстаўнікі праваахоўных органаў, МНС, ваеннаслужачыя, 5 — работнікі адукацыі і культуры. Сярод дэпутатаў 7 жанчын альбо 23%.

Прысутныя пераходзяць да асноўнага пытання парадку дня сесіі — выбараў старшыні райсавета дэпутатаў. Слова прадастаўляецца старшыні райвыканкама А. І. Даніленку, які прапанаваў на гэту пасаду кандыдатуру А. А. Бароў­кі, які дагэтуль працаваў начальнікам аддзела культуры райвыканкама. «Многія ведаюць Алега Алегавіча, — адзначыў Аляксандр Іванавіч, — як чалавека энергічнага, пры­стойнага ва ўсіх адносінах. Абранне яго на пасаду старшыні райсавета дэпутатаў надасць, безумоўна, новы імпульс у рабоце з насельніцтвам і з Саветамі дэпутатаў на месцах. Таму прашу падтрымаць маю прапанову». Са станоўчага бо­ку, як кіраўніка і чалавека, характарызавалі А. А. Бароўку дэпутаты: старшыня райпо А. М. Грузд (Зас­вірская акруга № 13) і дырэктар ДУП «Аўтама­більны парк №7» К. М. Грышчук (Школьная акруга №5).

Пра сваё бачанне работы і ролі старшыні райсавета дэпутатаў на цяперашнім этапе паведаміў прысутным А. А. Бароўка. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што асноўнай дзейнасцю органаў мясцовага сама­кі­равання з’яўляецца работа з насельніцтвам. Своечасовае вывучэнне праблем, якія хвалююць грамадзян, аператыўнае рэагаванне на іх запыты і просьбы, пошук магчымасцей і шляхоў іх вырашэння — гэта і ёсць галоўная задача, якая стаіць сёння перад дэпутацкім корпусам раёна. Прычым станоўчыя вынікі можна мець, аб’яднаўшы намаганні Саветаў і выканкамаў, кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый, раённых службаў і самае галоўнае — насельніцтва.

Так як іншых прапаноў наконт абрання  на пасаду старшыні райсавета дэпутатаў не паступіла, то ў бюлетэнь для тайнага галасавання была ўнесена кандыдатура А. А. Бароў­кі. Пра вынікі яго паведаміў прысутным старшыня падліковай камісіі, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Л. П. Малец. Ён нагадаў, што было выдадзена 26 бюлетэняў. «Так» прагаласавалі 25 чалавек, «супраць» — 1. Такім чынам, старшынёй райсавета дэпутатаў абраны А. А. Бароўка. Затым быў абраны намеснік старшыні райсавета дэпутатаў. Ім стала А. Г. Жыхар, начальнік раённага вузла паштовай сувязі, дэпутат па Набярэжнай выбарчай акрузе №3. Былі таксама створаны пастаянныя камісіі: па пытаннях бюджэту, эканомікі, сферы вытворчасці, паслугах насельніцтву і жыллёва-камунальнай гаспадаркі; па аграрных пытаннях, харчаванні, добраўпарадкаванні, рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў; па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны, якія ўз­нача­лілі адпаведна началь­нік фінансавага аддзела райвыканкама Л. П. Малец (Пузыроўская выбарчая акруга № 29), старшыня СВК «Занарацкі» П. У. Каўрус (Занарацкая акруга
№ 10), галоўны ўрач установы аховы здароўя «Мядзельская ЦРБ» Г. А. Русак (Камуністычная вы­барчая акруга №7). Мандатную камісію ўзнача­ліў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях А. А. Каркоцкі (Камароўская выбарчая акруга № 14). Акрамя таго, быў сфарміраваны прэзідыум райсавета дэпутатаў, у які ўвайшлі старшыня райсавета дэпутатаў, яго намеснік і старшыні па­стаянных камісій.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Старшыня Мядзельскага раённага Савета дэпутатаў

Алег Алегавіч Бароўка

Нарадзіўся 14 студзеня 1969 года ў вёсцы Канстанцінава Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Беларус. Адукацыя вышэйшая.

Пасля заканчэння Слабодскай сярэдняй школы ў 1986 годзе Алег Алегавіч паступіў вучыцца ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага. Затым з ліпеня 1987 па май 1989 года праходзіў службу ў радах Савецкай Арміі. Пасля звальнення ў запас з Узброеных Сіл працягваў навучанне ў педінстытуце. Вышэйшую навучальную ўстанову закончыў у 1993 годзе па спецыяльнасці: гісторыя, сацыяльна-палітычныя дысцыпліны і права. Пасля заканчэння ВНУ вярнуўся на радзіму. Адразу працаваў настаўнікам, затым — дырэктарам Слабодскай САШ. Са студзеня 2001 года да дня абрання старшынёй раённага Савета дэпутатаў узначальваў аддзел культуры райвыканкама. У 2004 годзе завочна закончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці:
упраўленне сацыяльнай сферай. Жанаты.