Максім Танк

Яму належыць вечнасць

НАРЭШЦЕ-ТАКІ здзейснілася даўняя мара прагрэсіўнага люду азёрнага краю — каля гарадскога Дома культуры ў Мядзеле ўрачыста адкрылі першы ў краіне помнік цудоўнаму песняру Максіму Танку. Ды і не толькі нашага рэгіёну! Да гэтай, прама скажам, гістарычнай падзеі прычыніліся многія. Найперш дзяржаўныя структуры — Міністэрства культуры, абласны і раённы выканаўчыя камітэты. Увіхаліся Саюз пісьменнікаў Беларусі і нашы знакамітыя землякі: народныя артыстка Марыя Захарэвіч, мастак Васіль Шаранговіч…

Конкурс на стварэнне лепшых эскізных праектаў помніка аб’явілі больш за два гады таму, які прымяркоўваўся да 100-годдзя з дня нараджэння слаўнага паэта. А перамаглі ў ім работы скульптараў Івана Міско, Аляксандра Фінскага, архітэктара Армэна Сардарава. Як сцвярджалі многія з прысутных на свяце, калі прадстаўнікі слаўнай кагорты моладзі Мядзельшчыны знялі з бронзавай фігуры творцы белае пакрывала, у іх ёкнула ў душы. Ад пачуцця імгненнага дачынення да велічнага, той цёплай энергетыкі, якая зыходзіла ад скульптурнай кампазіцыі, на вачах у некаторых заблішчалі слёзы. Значыць, помнік удаўся на славу, жыць яму ў стагоддзях! Побач з бронзавай фігурай позірк вабіць валун з выявай разгорнутай кнігі. На яе старонках выбіты радкі з верша паэта “Ёсць адна песня песняў — Пра Радзіму”, над якімі застыла ў палёце нарачанская чайка.

— Гэта толькі першы этап, — адзначыў пры адкрыцці скульптурнай кампазіцыі, звяртаючыся да шматлікіх удзельнікаў мітынгу, старшыня райвыканкама Ілья Шацько, — па ўвекавечанні памяці народнага паэта Максіма Танка, які шчыра праслаўляў на ўвесь белы свет не толькі нашу азёрную старонку, але і Беларусь, сваю родную сэрцу краіну. На чарзе — музей вялікаму майстру роднага слова. Мядзельшчына вельмі багатая на таленавітых людзей, адметныя гістарычныя падзеі. І мы, па меры сваіх магчымасцей, разам з вамі пастараемся адлюстраваць іх для нашчадкаў, каб не згубіліся бясследна ў таямнічых лабірынтах гісторыі. Выказваю сардэчную ўдзячнасць тым, хто з душой ствараў гэты цудоўны помнік, усім удзельнікам суботнікаў, на якіх мы па капеечцы збіралі грошы для яго ўзвядзення. Упэўнены, што агульнымі намаганнямі зробім яшчэ нямала добрых спраў дзеля дабрабыту і ўздыму культурнага прэстыжу нашага курортнага краю.

— Сёння ў культурным жыцці краіны свята, — меў слова намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік. — Мы адкрываем помнік славутаму чалавеку — акадэміку, народнаму паэту Беларусі, ганароваму грамадзяніну Мінска, ураджэнцу Мядзельшчыны.

Творчасць Максіма Танка надзвычай велічная, яе ведаюць як у нас, так і далёка за межамі рэспублікі. Можам смела казаць, што Максім Танк — сусветны паэт. Ад першых зборнікаў, якія прыйшліся на 30-ыя гады, ён пачаў пісаць вялікую кнігу пра беларускі народ, яго гісторыю, пра мінулае, сучаснае і будучае краіны. Добрых слоў у свой адрас заслугоўвае раённы выканаўчы камітэт, які нямала парупіўся, каб менавіта ў Мядзеле адкрыўся гэты помнік славутаму сыну беларускага народа…

Да мікрафона на ўрачыстасці таксама падыходзілі дэкан архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, архітэктар Армэн Сардараў, наш зямляк, народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч, праўнук песняра Яўген Скурко…Васіль Пятровіч акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што сёння знакавая і радасная падзея ў жыцці Беларусі, не кажучы ўжо пра Мядзельшчыну. Максім Танк уславіў азёрны край на ўвесь свет. І не выпадкова менавіта за паэтычны зборнік “Нарачанскія сосны” яго заахвоцілі Ленінскай прэміяй.

Гэта пра нешта гаворыць. “І мы, мядзельцы, — падкрэсліў Васіль Пятровіч, — павінны ганарыцца сваёй зямлёй, якая нарадзіла такога паэтычнага волата! Наш геніяльны зямляк мне заўсёды ўяўляўся многавяковай велічнай нарачанскай сасной, сапраўдным чалавекам: працавітым, шчырым, добрым, які любіў не столькі сябе, колькі другіх людзей. І трэба не толькі памятаць пра волата беларускай літаратуры, але і самім старацца ўздымацца да вышынь той чалавечнасці, якую меў Максім Танк”. 

Пасля ўскладання кветак да помніка Максіму Танку ўсе накіраваліся ў залу райвыканкама на цудоўную канцэртную праграму Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча. Яе ўзбагаціла народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, прачытаўшы са сцэны кранаючыя да глыбіні душы творы Яўгена Іванавіча. А клуб аматарскай песні “Верасень” па-майстэрску выканаў гімн Мядзела і раёна, за аснову якога ўзяты верш “Наш край Нарачанскі” славутага земляка. Крыху пазней ў размове Марыя Георгіеўна заўважыла, што нясгасная зорка цудоўнага паэта і чалавека Максіма Танка і цяпер натхняе на светлыя думкі, ідэі, чула адгукацца на чужы боль. Нават у халаднаваты снежаньскі дзянёк пры адкрыцці помніка Песняру, на душы землякоў, якія дружна сабраліся цесным паўкругам вакол скульптурнай кампазіцыі, было цёпла і ўцешна.

Гэтым падзеям з раніцы папярэднічалі іншыя адметныя мерапрыемствы па ўшанаванні памяці Максіма Танка, якія адбываліся на Мядзельшчыне. Група творцаў на чале з першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзем Пашковым, прадстаўнікамі ўлады і грамадскасці завіталі на могілкі ў Новікі, дзе пясняр пахаваны разам са сваёй жонкай Любоўю Андрэеўнай, вернай спадарожніцай жыцця. Усклалі на курганок пад двума крыжамі, да якога не зарастае народная сцяжынка, кветкі і ўпрыгожаную калядна-навагоднюю ялінку. Затым, па дарозе на Мядзел, не абмінулі літаратурна-краязнаўчы музей у Сваткаўскай сярэдняй школе імя Максіма Танка, дзе іх сардэчна віталі вучні, правялі па яго багатых экспазіцыях цікавую і пазнавальную экскурсію. І зрабілі гэта, на мой погляд, даволі прафесійна, за што заслугоўваюць самых добрых слоў. Аповед пра слыннага земляка распачала дзесяцікласніца Лена Паршута: “Ёсць куток на зямлі, дзе крыніцы звіняць…”. Трапна адзначана, што калі сям’я Скурко, пачынаючы з прадзедаў, і мела штосьці на сваім хутары каля вёскі Пількаўшчына, то дзякуючы ўласным мазолістым рукам. Найдаражэйшым чалавекам для Максіма Танка з дзяцінства была маці, Домна Іванаўна, жанчына надзвычай працавітая і сціплая. Бацька, Іван Хведаравіч, таксама не любіў падману, лайдакоў, а сам, калі даваў слова — абавязкова стрымліваў.

Да пары бацькам, як дапоўніла аднакласніца Лены Каця Цівунчык, былі іх сваякі, людзі паважаныя ў наваколлі. Яны ніколі не спадзяваліся на “манну нябесную”. Так, брат Івана Фадзей, дзядзя Максіма Танка, вырашыўшы прыдбаць зямлі і завесці ўласную гаспадарку, адправіўся на заробкі ў Аргенціну. Кім ён там толькі не рабіў?! Працаваў у Буэнас-Айрэсе таксістам, на аўтазаводскім канвееры, аб’язджаў скакуноў. Дадому вяртаўся з грашыма, аднак тут распачалася рэвалюцыя і ўсе зберажэнні “ляснулі”. Так ён і застаўся жыць на бацькоўскім хутары…

Кожны з нас нямала ведае пра жыццёвы шлях, выпрабаванні, якія выпалі на долю Максіма Танка і яго сям’і. Аднак нельга не ўзгадаць, што гэта не толькі паэт з сусветным імем, але і пяшчотны сын і брат, клапатлівы муж і бацька, грамадскі дзеяч і верны сябар, сапраўдны сын Беларусі. Усё сваё жыццё ён таленавіта ствараў песню пра сваю Радзіму. А яе вытокі — нарачанская зямля, пількаўскія ваколіцы, родны хутар, землякі. Усенародныя павага і прызнанне тлумачацца яшчэ і тым, што нямала людзей звярталася да Максіма Танка за дапамогай і нікому ён не адмаўляў. Бывала, без лішніх слоў прытуліць у сваёй сталічнай кватэры чалавека на начлег, альбо паспрыяе ў аднаўленні хаты пасля пажару, ці пасадзейнічае сям’і ў атрыманні жылля, а захварэўшаму — патрапіць на прыём да добрага ўрача… Вось землякі і не забываюць свайго песняра, які заслужыў усенароднае прызнанне.

Яркі працяг гэтай тэмы атрымаўся затым у гарадскім Доме культуры, дзе праходзіла літаратурна-паэтычная кампазіцыя па творчасці Максіма Танка “Усё ўзяла душа без берагоў”. На ўпрыгожаную сцэну, пасля невялікага экскурсу ў паэтычную скарбонку Яўгена Іванавіча Скурко, вядучыя запрашаюць Генадзя Пашкова. Генадзь Пятровіч расказаў аўдыторыі пра асабістыя сустрэчы з геніяльным Танкам, якога яму пашчасціла ўбачыць упершыню яшчэ ў дзяцінстве (калі вучыўся ў Войстамскай сярэдняй школе на Смаргоншчыне) на беразе Нарачы разам з Міхасём Лыньковым. Ды і пазней, пасля заканчэння факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, Генадзь Пашкоў патрапіў працаваць на беларускае радыё ў рэдакцыю літаратурна-драматычных перадач для дзяцей і юнацтва. Там ладзіліся пастаноўкі, выступленні пісьменнікаў, у тым ліку і Максіма Танка. Неўзабаве, пасля пераходу на працу ў часопіс “Полымя”, стасункі з ім сталі больш частымі. Менавіта Яўген Іванавіч раней, да таго, як абралі старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі ў 1967 годзе, быў галоўным рэдактарам гэтага аўтарытэтнага ў творчым асяродку літаратараў рэспублікі выдання. Не губляў ён сувязей з ім і надалей, друкаваў свае вершы толькі ў “Полымі”, пераважна ў вераснёўскіх нумарах. Чаму? Таму, што сямнаццатага верасня не толькі святая дата ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, але і дзень нараджэння Паэта. Візіты Максіма Танка запаміналіся супрацоўнікам часопіса не толькі новымі нізкамі цудоўных вершаў, але і цікавымі расказамі пра замежныя паездкі, сустрэчы з кіраўнікамі рэспублікі, вядомымі людзьмі Савецкага Саюза.

Узгадаў Генадзь Пятровіч і надзвычайную таварысцкасць, сардэчную дабрыню, прастату ў адносінах карыфея паэзіі з пачынаючымі творцамі. Пацвярджэннем таму невялічкі, але вельмі красамоўны аповед аб адной з выпадковых сустрэч з Максімам Танкам. Было гэта восенню 1974 года. Якраз тады на сакратарыяце Саюза пісьменнікаў у Маскве разглядалася пытанне аб рабоце з маладымі літаратарамі ў Беларусі. Канечне, паехалі туды прадстаўнікі ад кіраўніцтва рэспубліканскай пісьменніцкай арганізацыі, а для “нагляднасці” ўзялі з сабой і некалькі “піянераў” ад літаратуры — паэтэсу Яўгенію Янішчыц, празаіка Алеся Жука і паэта, публіцыста Генадзя Пашкова. Усіх пасялілі ў гатэлі “Масква”, на сакратарыяце, дзе далі слова і маладым, пісьменніцкая арганізацыя Беларусі атрымала высокую ацэнку. Пасля гэтага “трыа”, упершыню трапіўшы ў сталіцу, накіравалася знаёміцца з маскоўскімі плошчамі, праспектамі, крамамі. У гатэль вярталіся ўжо вечарам і ў вестыбюлі сутыкнуліся з Максімам Танкам. Ад такой неспадзяванкі нават разгубіліся. Яўген Іванавіч пазнаў землякоў і з прыязнай усмешкай на твары заўважыў: “Як добра, што сустрэліся! Запрашаю вас у рэстаран “Зімовы сад”, гэта пры гасцініцы, будзем адзначаць маю ўзнагароду”. Аказваецца, Максіму Танку, які прыехаў у Маскву асобна па выкліку Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, толькі што ўручылі Залатую зорку Героя Сацыялістычнай Працы. “Мы быццам трапілі ў казку, — шчыра дзеліцца Генадзь Пашкоў. — Жылі ў адной гасцініцы з такім вялікім чалавекам, сядзелі разам за адным сталом з Максімам Танкам, частаваліся. Тое шчаслівае ўзрушэнне памятаецца і сёння. А калі з рэстарана падымаліся па лесвіцы ў нумары, а поручні там і на самай справе зусім не высокія, Яўген Іванавіч паказаў месца, адкуль пайшоў у вечнасць у чэрвені 1942 года Янка Купала”… “Дзякуй Богу, — заключыў Генадзь Пятровіч, — што на беларускай зямлі нараджаюцца такія сыны, якія служаць для нас духоўным арыенцірам!”. А яшчэ Генадзь Пашкоў пад шчырыя апладысменты залы за актыўную прапаганду беларускай літаратуры ўручыў дыплом Саюза пісьменнікаў дырэктару цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка Таццяне Нырцовай і перадаў у фонды гэтай установы некалькі дзясяткаў кніг, некаторыя — з аўтографамі паэтаў і празаікаў.

Шмат цікавага пра творчасць Максіма Танка распавялі старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Шагойка, доктар філалагічных навук, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, літаратуры і мовы Нацыянальнай акадэміі навук Іван Саверчанка. Лідзія Паўлаўна звярнула ўвагу на тое, што Яўген Іванавіч распрацаваў паэтычныя жанры, якія раней у беларускай паэзіі не выкарыстоўваліся. Многія і зараз з цікавасцю чытаюць танкаўскія верлібры. Заслугоўвае глыбокай павагі і яго ўклад ва ўзвышэнне беларускай мовы, якая выткана

З легендаў і казак былых пакаленняў,

З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,

З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,

З грымучага ззяння бурлівых крыніц…

Па меркаванні Івана Васільевіча, самая галоўная дамінанта Максіма Танка — вялікая грамадзянскасць. Яго цікавіць і захапляе жыццё народа ў пераломныя гістарычныя моманты. У сувязі з гэтым узгадваюцца абгрунтаваныя і энергетычныя творы паэта наконт неабходнасці ўз’яднання Беларусі, у якіх таленавіта перадаецца дух, воля і чаканне прыгнечаных людзей, якія хацелі і мелі права жыць у адзінай краіне. Ніколькі не вагаўся патрыёт, змагар за Радзіму і пры агрэсіі гітлераўскай Германіі. Яўген Іванавіч, па натуры жыццялюб, назаўсёды адданы сваёй зямлі, адразу адчуў у душы тую глабальную бяду, якую нясе народам фашызм і ўвесь свой талент накіраваў на барацьбу з ім.

Надзвычай цёпла зала таксама ўспрыняла выступленне паэтаў Міколы Шабовіча, Рагнеда Малахоўскага, Іны Фраловай, Ані Чумаковай, якая не толькі прачытала свае вершы, але і выканала некалькі песень пад гітару на словы Максіма Танка. Спадабалася, што расказ вядучых творчай сустрэчы Таццяны Конанавай і Аляксандра Цыгельнікава пра самабытную творчасць Яўгена Іванавіча, чалавека рэдкага душэўнага дару і абаяльнасці, суправаджаўся дэманстрацыяй яго фотаздымкаў, пачынаючы з басаногага дзяцінства. Вельмі дарэчы аказалася і аформленая ў фае тэматычная выстава, прымеркаваная да адкрыцця помніка супрацоўнікамі музея гісторыі беларускай літаратуры. Цэнтральнае месца на ёй займала нядаўняе 13-томнае выданне твораў славутага песняра. Не будзе аніякім перабольшваннем, калі скажу, што ўзнёслае мерапрыемства, а яно атрымалася менавіта такім, стала для ўсіх яго ўдзельнікаў яшчэ адным красамоўным урокам мудрасці і дабрыні, сціпласці і прастаты, вернасці і чалавечнасці ад багатай спадчыны, якую пакінуў нам велічны Максім Танк.

 Павел ЖУКАЎ.

 На здымках: на адкрыцці помніка Максіму Танку на скрыжаванні вуліцы 17 верасня і плошчы Шаранговіча ў Мядзеле выступаюць: 1. Старшыня райвыканкама Ілья Шацько; 2. Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік; 3. Народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч; 4. На сцэне гарадскога Дома культуры — паэтэса Аня Чумакова; 5. Многіх у актавай зале райвыканкама да глыбіні душы кранула таленавітае выступленне народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч; 6. Удзельнікам літаратурна-паэтычнай кампазіцыі па творчасці Максіма Танка вельмі спадабалася жывое і цікавае выступленне першага сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзя Пашкова; 7. Гараджане на адкрыцці помніка Максіму Танку; 8. У літаратурна-краязнаўчым музеі Сваткаўскай сярэдняй школы — (злева направа) вучаніца 9 класа Марта Русак, доктар філалагічных навук Іван Саверчанка і пляменнік Максіма Танка Іван Скурко; 9. Цудоўна праводзяць экскурсіі ў сваім музеі вучні Сваткаўскай сярэдняй школы, якія распачынае 10-класніца Лена Паршута.

Па сцежках Максіма Танка

АДМЕТНАЯ падзея адбылася ў мінулую пятніцу ў сценах Сваткаўскай сярэдняй школы. У рамках педагагічнага праекта “Дарога да Максіма Танка” (гэта імя адукацыйная ўстанова носіць амаль 18 год) была праведзена рээкспазіцыя мясцовага літаратурна-краязнаўчага музея. Мэта яго: фарміраванне ў вучняў актыўнай асабістай і грамадзянскай пазіцыі ў працэсе актыўнага ўключэння ва ўсебаковае вывучэнне гісторыі і культурнай спадчыны. А накірункі работы — даследаванне спадчыны паэтаў-землякоў, вывучэнне сялянскага побыту і, вядома ж, далейшая папулярызацыя творчасці Максіма Танка. Шмат часу і сродкаў давялося патраціць, каб абнавіць музей. Затое цяпер проста вока радуецца. Але пра ўсё па парадку.

 

Напачатку прысутных запрасілі на другі паверх — у літаратурную гасцёўню. А завіталі на імпрэзу прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў раёна. У тым ліку прыняла ўдзел у гэтым мерапрыемстве начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Ефімава. Прыехалі госці і са сталіцы: Таццяна Гуліцкая — куратар вышэйназванага праекта, старшы выкладчык кафедры гуманітарных дысцыплін дзяржаўнай установы “Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі”, а таксама наш зямляк Рагнед Малахоўскі — паэт і фотамастак, член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны спецыяліст Мінскага абласнога аддзялення СП Беларусі. Гэта своеасаблівае пасяджэнне прайшло па змястоўным сцэнарыі, які быў паспяхова рэалізаваны з дапамогай вучняў школы. Яны цікава распавядалі пра Максіма Танка, яго малую радзіму, цытавалі вершы. У выкананні народнага ансамбля “Натхненне” прагучалі песні на словы славутага паэта, якія не могуць не кранаць душу. І, сапраўды, якія цудоўныя радкі:

Зямля мая была зямлёю слёз,

Усеяна магіламі, крыжамі,

Шурпатымі, сівымі валунамі.

Я ведаю яе, бо я тут рос.

У сваім выступленні дырэктар школы Ганна Тачыцкая, у прыватнасці, сказала:

— Спазнаць радзіму дзіцяці адразу няпроста. А пачынаецца яна менавіта з бацькоўскай хаты. І мы імкнуліся праз гэты педагагічны праект ахапіць паэтапна ўсе ўзросты: праз вандроўкі, даследаванні, экскурсіі. Дзеці не толькі дакраналіся да творчасці Максіма Танка, але пазнавалі яго, як чалавека, набывалі жыццёвыя ўрокі.

Затым удзельнікі мерапрыемства наведаліся ў вёску Новікі, каб ушанаваць памяць Паэта. Там, на старых могілках, Максім Танк разам са сваёй вернай спадарожніцай жыцця жонкай Любоўю Андрэеўнай знайшоў месца апошняга спачыну. І зноў з гэтага пагорка прагучалі ўдзячныя словы волату паэтычнага духу, вяшчальніку свайго часу.

А па вяртанні ў школу адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленага музея. Ганаровае права перарэзаць стужку прадастаўляецца начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяне Ефімавай і паэту Рагнеду Малахоўскаму.

І зноў рэй павялі вучні 7-11 класаў, якія выступілі ў ролі экскурсаводаў. А расказаць ім было пра што. Назаву сем асноўных раздзелаў экспазіцыі музея, прысвечаных творчаму і жыццёваму шляху песняра: “Шчодрая на таленты зямля”, “Дзе карані мае, адкуль мой род пачаўся?”, “На этапах”, “Праз вогненны небасхіл”, “Прайсці праз вернасць”, “Ёсць недзе песня, што сябрам пакінуў” і “Калыска песні паэта”. Іх назвы сведчаць самі за сябе. Школьнікі проста на выдатна справіліся з заданнем. Прысутныя пачулі па кожным раздзеле грунтоўны, даходлівы, эмацыянальны аповед. Як тут не ўзгадаць прозвішчы юных экскурсаводаў. Гэта Вікторыя Кайко, Кацярына Калеснік, Дар’я Ціунчык, Вікторыя Шчарбіна, Андрэй Кляноўскі, Юлія Калбун, Кірыл Тачыцкі, Марта Русак і Крысціна Стрыжань. Яны, дарэчы, з’яўляюцца членамі савета музея.

Акрамя рэчаў Максіма Танка, рэдкіх выданняў яго кніг, разнастайных дакументаў, фатаграфій, у музеі прадстаўлены таксама і прадметы сялянскага побыту: прас, калаўрот, ткацкія прылады і некаторыя іншыя. Яны даюць уяўленне, якімі рэчамі карысталіся вяскоўцы ў той час, калі праходзіла маленства паэта. А лепш наведацца сюды і самім пераканацца ў вартасці зробленага.

Кіраўнік музея Святлана Шылько ад усяго вучнёўскага і педагагічнага калектыву школы выказала падзяку гасцям за ўдзел у такім неардынарным мерапрыемстве.

— Сённяшняя падзея, — кажа Святлана Іосіфаўна, — для нас сапраўды свята. Бо дае шырокія магчымасці працягваць высакародную справу, якую пачаў у 1982 годзе заснавальнік музея настаўнік рускай мовы і літаратуры Іван Берняковіч: фарміраваць у вучняў пачуццё патрыятызму, грамадзянскасці, гонару за сваю зямлю, родны куточак, дзе жыло і жыве столькі таленавітых людзей.

І на развітанне прапанавала пакінуць у кнізе водгукаў колькі радкоў аб набытых уражаннях і свае пажаданні. Дарэчы, гэта тая самая кніга, што была заведзена яшчэ падчас заснавання музея. Апошні запіс у ёй зроблены дванаццаць год таму, калі святкавалі 90-годдзе песняра зямлі Нарачанскай. Што ж, цяпер быць працягу!

Аляксандр БЫКАЎ. 

На здымках: 1. На адкрыцці музея начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Ефімава і паэт Рагнед Малахоўскі; 2. Куток вясковага побыту.

Фота Георгія Прысмакова.

“Бруіла ў сэрцы прага творчасці”

ПАД такой назвай 17 верасня ў гарадскім Доме культуры адбылася вечарына, прымеркаваная да дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко). Паэтычная творчасць нашага слыннага земляка — цэлая эпоха ў гісторыі нацыянальнай літаратуры. Удзельнікі літаратурна-музычнай кампазіцыі адну за адной гарталі старонкі дзённікаў паэта, узгадвалі яго паэтычныя радкі: “З ранняга дзяцінства шукаў я работу, якой бы хапіла на тысячу год. І такой работай для мяне стала паэзія”, — менавіта так пісаў пра сябе Яўген Іванавіч. І працягваў “… закончыў адну песню, а другая ўжо гучыць у сэрцы”. Так і падчас мерапрыемства адзін верш змяняў другі: Вы пытаеце: з чаго я Песні гэтыя складаю? Я і рад бы адказаць вам, Ды, прызнацца, сам не знаю. Можа — з гоману крыніцаў, Шуму ніў і хваль азёрных, З весніх галасоў птушыных, Залатых праменняў зорных?

Самыя лепшыя песні знаходзіў Максім Танк у сваёй роднай Пількаўшчыне, светлыя, шчырыя паэтычныя радкі нараджаліся ў сэрцы паэта, калі ён жыў на сваім лецішчы на беразе Нарачы. Тут ён наталяўся жыццёвай сілай. Пра родныя мясціны апавядае паэма “Нарач”, вершы “Ёсць куток на зямлі”, “Зноў я на тых сцежках”, якія прагучалі са сцэны падчас вечарыны. Асобная старонка кампазіцыі прысвячалася родным і блізкім паэта: маці Домне Іванаўне і жонцы Любові Андрэеўне. Гучыць запіс з голасам М. Танка. Ён чытае верш “Калі б вы паслухалі просты расказ маёй маці…”. Здаецца, не голас гучыць паэта, а ён сам з хваляваннем дэкламуе нам свае радкі. Не менш хвалюецца і ўдзельніца клуба аматараў песні “Верасень”, былая настаўніца Святлана Пятроўна Суханская, выконваючы песню пра маці. Вершы, прысвечаныя маці, прагучалі і з вуснаў шаноўнай госці нашай вечарыны народнай артысткі Беларусі, актрысы Нацыянальнага Акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы Марыі Захарэвіч. Пераканана, што ніхто лепш, чым Марыя Георгіеўна, не зможа перадаць пачуцці паэта да сваіх родных, якія поўняцца ціхай радасцю, пяшчотай, трапяткой увагай, пранікнёным клопатам і глыбокай жыццёвай мудрасцю. Дамовіліся быць Мы неразлучнымі заўсёды, Як хлеб надзённы наш, дзяліць І радасці і ўсе нягоды. Гэтыя радкі Яўген Іванавіч адрасаваў сваёй жонцы Любові Андрэеўне. Яны ў любові і згодзе пражылі больш за паўвека. Любоў Андрэеўна добра разумела паэзію, была першым слухачом, крытыкам і цэнзарам. Ізноў прысутныя змаглі пачуць голас паэта: прагучаў верш “Я помню крылы вашых рук”. Саліст Сваткаўскага сельскага Дома культуры, былы настаўнік Пётр Віктаравіч Маўчан цудоўна выканаў песню на словы М. Танка “Завушніцы”. Са сцэны гучаць вершы пра “простае шчасце людское”, пра наша жыццё, пра Радзіму, якую паэт так бязмежна любіў сваім шчырым сэрцам. Пра гэта сведчыць і верш “Наш край нарачанскі”, які пакладзены на музыку і гучыць як гімн роднай Мядзельшчыне. Гэта песня і з’явілася своеасаблівым фінальным акордам вечарыны, данінай павагі нашаму земляку, сапраўднаму паэту-патрыёту. Застаецца дадаць, што ў кампазіцыі, падрыхтаванай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Танка, прынялі ўдзел: А. Цыгельнікаў, Т. Конанава, С. Чарняўская, Л. Мінкоўская, Т. Нырцова, Г. Казакевіч, клуб аматараў песні “Верасень”. Мультымедыйную прэзентацыю падрыхтавала загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі І. Згерская.

Л. НЕСЦЯРОВІЧ.

Намеснік дырэктара Мядзельскай ЦБС.

img_2563

І чайкай ляціць твая песня ў бязмеж…

Некалі так паэтычна Максім Танк пісаў пра сваю “малую ра­дзіму” – Мядзельшчыну, якая ў гэтыя дні святкуе 100-годдзе з Дня нараджэння земляка і народнага пісь­менніка Беларусі. За восемдзесят два гады, што ён пражыў, паэт пакінуў нам вялікі скарб літаратурных шэдэўраў, прыклад цвёрдай грамадзянскай пазіцыі, памяць пра шчодрасць і адкрытасць беларускай душы. Сёння застаўся толькі светлы сум, што гэтага чалавека больш няма. Засталіся кнігі паэзіі і прозы, якія ўвабралі ў сябе фарбы і колеры роднай зямлі і мовы, раскрылі іх адметнасць і прыгажосць. Творчасць аўтара выйшла за гарызонты свайго часу, на абсягі новай эпохі, XXI стагоддзя.

Сталічны Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры таксама прымае актыўны ўдзел у справе ўшанавання памяці паэта. Дзеля гэтага зроблена перасоўная выстава “Гартаючы жыцця свайго старонкі…”, якая распавядзе, у першую чаргу моладзі, пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Яна ахоплівае не толькі дзейнасць паэта ў межах беларускай культуры, але і расказвае пра яго сяброўскія адносіны з прадстаўнікамі іншых народаў, раскрывае перакладчыцкую дзейнасць паэта на нацыянальную мову лепшых твораў сусветнай літаратурнай класікі.

Падчас свята прэзентуецца яшчэ адна выстава, зробленая па выніках Міжнароднага фотаплэнера. Яна называецца “Дарогамі Максіма Танка”. Гэта арыгінальны калаж з фотаработ знакамітых майстраў і старых здымкаў часоў Максіма Танка. У наведвальнікаў экпазіцыі з’явіцца цудоўная магчымасць успомніць былое, паглядзець на ўзоры фотамастацтва і бліжэй пазнаёміцца з творчасцю знакамітага пісьменніка. Сярод вядомых фотамастакоў – С. Плыткевіч, В. Сібрыкаў, В. Ракевіч і інш.

Падрыхтаваць згаданыя выставы музею дапамаглі сваякі і знаёмыя творцы. У юбі­лейны 2012 год у музей было перададзена шмат рэчаў, звязаных з жыццём славутага творцы. Яны сталі каштоўнымі прадметамі фондаў музея. Сярод іх скураны партфель, з якім пісь­меннік хадзіў на працу, рарытэтныя сямейныя і сяброўскія фота­здымкі, сувенірныя фотаальбомы, аўтарскія рукапісы і сшыткі з нізкамі вершаў, кнігі з аўтографамі вядомых людзей, падараваныя у свой час пісьменніку, кнігі пачатку ХХ стагоддзя, якімі карыстаўся Максім Танк падчас вучобы, мастацкія работы П. Сер­гіевіча і М. Гуціева.

Шлях Максіма Танка да зорнага пісь­менніцкага небасхілу распачаўся з Нарачанскага краю, дзе 17 верасня 1912 года ў сям’і Домны і Івана Скурко нарадзіўся хлопчык Яўген (сапраўднае імя пісьменніка). У кожнага творцы быў свой куток зямлі, як кажуць «зямля абетаваная», праз прызму якой мастак глядзіць на свет. Такім месцам для будучага Максіма Танка стала вёска Пількаўшчына Мядзель­скага раёна, дзе пабудавалі хату яго баць­кі. “Малая радзіма” была той крыніцай

натхнення, якая жывіла яго паэзію ўсё жыццё:

Парог, вычасаны з успамінаў,

Астаўся за мной;

Дзверы на завесах

цвыркуновай песні,

Асталіся за мной;

Вокны, зашклёныя

вачамі блізкіх,

Асталіся за мной, -

Як жа мне не азірнуцца назад,

Нават калі б я застыў

Слупом солі?

Казкі і песні матулі Домны моцна паўплывалі на ўспрыняцце Жэнем свету, на яго густы. “Кожная гісторыя, – успамінаў паэт, – пакуль стане гісторыяй, абапёртай на факты і дакументы, – пачынаецца з легенды ці казкі. Біяграфія – гісторыя чалавека. І я пачынаю яе з успамінаў казак сваёй маці.” Нават верлібр, які так моцна палюбіў Максім Танк у творчасці, меў сваімі вытокамі вусныя народныя песні. У беларускім фальклоры існуе напеў, але незаўсёды захоўваецца рыфма.

Яшчэ зусім малым хлопец ужо цягнуўся да кніг, меў неатоленую прагу да ведаў. Спачатку ён хадзіў у Шкленікове і Сватках у поль­­­-
с­кую пачатковую школу, потым вучыўся ў Вілейскай рускай і Радашковіцкай беларускай гімназіях. За ўдзел у школьнай забастоўцы, накіраванай супраць ліквідацыі беларускіх школ, у 1928 го­дзе яго выключылі з навучэнцаў знакамітай Радашковіцкай гімна­зіі. Ён паехаў у “крывіцкую Мекку” для маладых талентаў (па сл. У. Жылкі), у Віль­ню. Сяброўства з такімі асобамі, як У. Самойла, А. Станкевіч, Р. Шырма, Е. Путрамант, Г. Дэмбінскі, Ё. Каросас узбагацілі паэта духоўна. Менавіта тут ён працягнуў вучыцца ў беларускай, а потым Віленскай рускай гімназіі імя А. С. Пушкіна, выдаў свае першыя кнігі, вёў падпольную барацьбу за вызваленне Заходняй Беларусі. Горад стаў для будучага пісьменніка пераломным і ва ўласным жыцці: ён сустрэў сваё каханне, прыгажуню з дзіў­ным імем Любоў, якая стала спадарожніцай Максіма Танка на ўсё жыццё.

У старажытнай Вільні Яўген Скурко прайшоў і свой “жыццёвы ўніверсітэт”. Творчая атмасфера, дух незалежнасці і самадастатковасці вітаў у паветры, даваў магчымасць маладым лю­дзям актыўна праяўляць свае здольнасці. Такая пазіцыя не вельмі падабалася кіруючым у той час польскім уладам. За супрацоўніцтва ў легальных і нелегальных выданнях камуністычнага характару і рэвалюцыйную пазіцыю паэт трапляў пад увагу паліцыі і за краты ў Лукішскую турму. Упершыню творцу затрымалі ў красавіку 1932 года. Пад увагу ахоўнікаў правапарадку трапіў часопіс “Пралом”, у двух экзэмплярах выдадзены Жэнем Скурко і мастаком Янкам Гарохам. “На вокладцы, – успамінаў Максім Танк, – Янка Гарох намаляваў разбураную турэмную сцяну. На руінах яе стаіць рабочы. У адной руцэ ў яго молат, у другой – чырвоны сцяг.” А ў 1936 годзе была ўзбуджана ўжо чарговая судовая справа з-за першай кнігі маладога паэта Максіма Танка, якая была названа аўтарам вельмі сімвалічна – “На этапах”. Кніжка пабачыла свет па ініцыятыве знакамітага Рыгора Шырмы. Ён угаварыў свайго сябра В. Труцько стаць выдаўцом зборніка. Кнігу канфіскавалі, а над выдаўцом і паэтам навісла пагроза турэмнага зняволення на некалькі месяцаў. Аднак выданне заўважылі і далі яму добрую адзнаку, “баявое хрышчэнне” пісьменніка адбылося.

17 верасня 1939 года з Чырвонай арміяй на зямлю Заходняй Беларусі прыйшла з усходу доўгачаканая свабода. Гэтым падзеям суджана было адбыцца ў дзень нараджэння будучага Народнага паэта Максіма Танка. Ён успамінаў у адным са сваіх інтэрв’ю: “Ну, Максім – гэта ад Горкага, пад уплывам якога мы ўсе тады знаходзіліся. А Танк… нават сам не магу добра растлумачыць: ча­му Танк? Як многім пачынаючым паэтам, мне здавалася, што літаратур­ны поспех залежыць і ад гучнага псеўданіма. Свет “раслінных” псеў­да­німаў быў ужо, што называецца, разаб­раны: Колас, Чарот, Пушча, Васілёк… Мне нічога не заставалася, як пашукаць што-небудзь “жалезнае”, вось я і спыніўся на Танку. Ведаў я тады ці не ведаў, што гэта слова мае адносіны і да вершаў: танка – адзін з класічных жанраў япон­скай і карэйскай паэ­зіі?.. А танкі з чырвонымі зоркамі на вежах, якія прынеслі нам свабоду, былі саснёны, і, магчыма, сэрца падказала, што нады­дзе такі дзень…”.

Праца ў віленскіх перыядычных выданнях 1930-х гадоў, газетах “Наша воля”, “Беларускае жыццё”, “Poprostu”, часопісах “Беларускі летапіс”, “Калоссе” ў якасці журналіста, крытыка і пачынаючага пісьменніка прынесла свой плён. Былі выдадзены кнігі паэта “Журавінавы цвет” (1937) і “Пад мачтай” (1938). “Паэзія наша – цяжкая, як камень, вырваны з бруку падчас вулічных баёў, немілагучная – як стогн і крык, чырвоная – як пралітая кроў”, піша Танк у “Лістках календара”.

З прыходам савецкай улады для 27-гадовага аўтара адкрыліся новыя магчымасці. Ён працуе ў родных ваколіцах, у газеце “Вілей­ская праўда”, а з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны камандзіруецца ў Маскву ў штаб рэдакцый газет “Раздавім фашысцкую га­дзіну” і “За Савецкую Беларусь”, якую ў той час узначальваў Мі­хась Лынькоў, у будучым адзін з самых блізкіх сяброў паэта. З-пад пяра неабыякавага Танка выхо­дзяць палымяныя вершы і сатырычныя апавяданні. У 1943 годзе друкуецца знакамітая паэма “Янук Сяліба”, якую чыталі і перадавалі адзін аднаму беларускія партызаны ў перапынках паміж баямі.

У трыццаць шэсць год Максім Танк стаў галоўным рэдактарам самага адметнага ў БССР літаратурнага часопіса “Полымя”. У складзе савецкіх дэлегацый ён шмат вандраваў па замежных краінах, бываў у Заходняй Еўропе, у ЗША, Чылі, у Кітаі і Япо­ніі, тройчы прадстаўляў дзяржаўныя інтарэсы краіны ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Мак­сім Танк быў удзельнікам Першага сусветнага кангрэсу пры­хіль­нікаў міру. Гэта знайшло адлюстраванне ў паэме “Пражскі дзённік” (1949), дзе ўз­дымаецца праблема лё­су чалавецтва, актуальная і сёння, у ХХІ стагоддзі. Потым ён бу­дзе ўдзельнічаць у пася­джэннях за абарону міру на Зямлі не адзін раз.

Шмат вершаў ён пры­свяціў сваім уражанням ад традыцый розных культур. Узніклі сапраўдныя шэдэўры, прысвечаныя яго падарожжам: “У Парыжы”, “Палёт над айсбергамі”, “Мост вечнага спакою”, “Вецер радзімы”, “Касмалогія”, “Ля падножжа Охас-дэль-Салады”, “У Хіра­сімскім музеі”, “Трэска з дома Шэкспіра”. Вандруючы, па ўспамінах сына, пісьменнік імк­нуўся трапіць на рынак, бо там, як нідзе, можна было адчуць менталітэт мясцовых жыхароў, убачыць краіну ў паўся­дзённым жыцці. Ехаў Максім Танк з маленькім чамаданчыкам, а вяртаўся з некаль­кімі вялікімі. Напрыклад, з Амерыкі, ён прывёз чамадан гальштукаў і кожнаму са знаёмых літаратараў падарыў. Любіў Танк, як усе творчыя асобы, прывозіць і незвычайныя рэчы, звязаныя з наведанымі мясцінамі. Напрыклад, з Чылі ён прывёз кавалак меднай руды на памяць, а з Англіі – трэску ад до­ма, дзе працаваў знакаміты
У. Шэкспір (сёння гэтыя рэчы захоўваюцца ў музеі).

З 1966 па 1990 год Максім Танк узначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі, быў актыўным членам камісіі па літаратурных сувя­-
зях у СССР. Ён шмат сіл паклаў для папулярызацыі літаратур нацыянальных меншасцей у складзе магутнай савецкай дзяржавы. Падчас сустрэч з дзеячамі культуры на чужыне пісьменнік абменьваўся вопытам, завязваў сяброўскія адносіны, імкнуўся перакласці вядомыя літаратурныя творы. Ш. Петэфі, Н. Хік­мет, Дж. Байран, А. Міцкевіч,
Ю. Тувім, У. Бранеўскі, Ю. Славацкі, М. Горкі і У. Маякоўскі, А. Твардоўскі, Т. Шаўчэнка і
І. Франко, П. Тычына, М. Рыль­скі, М. Бажан, У. Сасюра і С. Ту­дор, Т. Цільвіціс, А. Венцлава і Э. Межалайціс, Я. Судрабкалн і М. Кэмпе – класікі і выдатныя сучаснікі, творы якіх перакладаў Максім Танк на беларускую мо­ву. Вершы самога Танка выходзілі асобнымі выданнямі на рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, узбекскай, таджыкскай, казахскай, польскай, балгарскай, карэйскай і іншых мовах. У спадчыне паэта пераклады твораў звыш як ста шасці­дзесяці паэтаў свету – “яскравае сведчанне не толькі маштабаў перакладчыцкай дзейнасці і шырыні Максіма Танка, але і інтэнсіўнасці, абсяжнасці ягоных пошукаў, імкнення да ўніверсальнасці” (паводле В. Бечыка).

“Кожная мова, – пісаў творца, – гэта непаўторны скарб, якім трэба даражыць. З выкрэсліваннем яе не толькі ты становішся нікім, але і бяднее, губляе многа непаўторных якасцей міжнародная культура… Вось ёсць, скажам, з боку мовы, здавалася б, бедныя народы. Але тыя ж чукчы на адно толькі акрэсленне снегу маюць каля сотні слоў. Ні ў адной з самых развітых еўрапейскіх моў мы гэтага не зной­дзем. Вось і перакладай… Здава­-
лася б, куды ўжо багатая руская мова, а вось: “миру – мир”. Не хапіла табе аднаго слова… Я люблю сабаку і люблю чалавека. Я люблю і я кахаю – гэта ж два розныя словы. А ўжо такая багатая мова, такая багатая. І так поўна, усюды. Мова – гэта неад’емная якасць кожнага чалавека, і трэба даражыць гэтай якасцю. Справа не толькі ў тым, што гэта твая мова; калі ты даражыш мовай сваёй, то ты бу­дзеш даражыць і мовай суседа. Таму што праз яе ты завязваеш кантакт з ін­шымі, узмацняеш братэрскія сувязі і самога сябе. Чым жа ты ўзмацніш – кілбасой?..”.

Ужо напрыканцы жыцця, у 1991 была выдадзена кніга яго пера­кладаў “На зорных шляхах”. Дакранаючыся да скарбніц ін­шых культур, пісьменнік гаварыў, што ўсюды ёсць прыгожыя мясціны, але самыя светлыя, самыя лепшыя вершы ён пісаў на роднай зямлі…

Як вандроўны мастак,

Я заўсёды з сабою нашу

Краявіды радзімы…

Танкаўскія несупынныя пошукі магчымасцей – пазнаваць, сябраваць, пісаць, глыбіня яго светапогляду дапамаглі паэту выйсці за рамкі савецкай ідэалогіі, зазірнуць у будучыню, за гарызонты новай эпохі. У рытме свайго арытмічнага сэрца паэт пісаў верлібры на самыя розныя тэмы: пра родны Нарачанскі край, пра пераломныя падзеі гісторыі краіны, праблемы беларускага грамадства, інтымны свет кожнага чалавека, радасць існавання, каханне, пра шляхі, якія мы выбіраем. Свой шлях ён выбраў і, прайшоўшы ўсе выпрабаванні, застаўся верным сабе, сям’і, сябрам, радзіме. Мак­сім Танк стаў чалавекам сусветнай прасторы – вялікага зямнога свету, выбранцам духоўнай спадчыны беларускай зямлі…

Н. Настасіч.

Старшы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

“Пазваніце ці напішыце Жэню…”

Неўзабаве наша грамад­скасць будзе адзначаць 100-годдзе з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта і грамад­скага дзеяча Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко), які нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна.

Максім Танк пражыў вялікае, насычанае яркімі падзеямі і мастацкімі адкрыццямі жыццё. Ён пакінуў пасля сябе дзесяткі арыгінальных паэтычных кніг, кожная з якіх (сёння асабліва даляглядна бачна) з’яўляецца этапнай у гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Паэту належаць творы непрамінальнай красы і сілы эмацыянальнага ўздзеяння – вершы “Спатканне”, “Песня кулікоў”, “Паслухайце, вясна ідзе…”, “Родная мова”, “Каб ведалі”, “Камяні”, “Рукі ма­ці”, “Заечы дом”, “Ave Maria”, “Дрэвы забылі пра буры і страты…”, “Пера­піска з зямлёй”, “Біб­ліятэка”, “Мне здаецца”, “Перакройванне шыняля”, “Мыццё бабкі Улляны”, “Хоць раз у год”, “У парэпанай раме дзвярэй”, “Мне пагаварыць бы”, “Ля замежных пасольстваў”, “Калі горыччу перапоўнена сэрца…”, паэмы “Сказ пра Вя­ля”, “Люцыян Таполя” і іншыя, што зрабілі б гонар любой нацыянальнай культуры свету. У перакладах лепшых спецыялістаў яго кнігі выдаваліся ў Расіі, на Украіне, у Літве, Латвіі, Польш­чы, Балгарыі, Чэхаславакіі, Югаславіі, Кі­таі, іншых краінах, знаходзячы там сваіх удзячных чытачоў і прыхільнікаў. Па сіле і размаху прыроднага дару, ідэйна-мастацкага мыслення, сцвярджэнні спаконвечных асноў народнага жыцця, па адмысловай якасці і самабытнасці рэалізацыі ў слове высокай эстэтыкі чалавечага духу Максім Танк, на мой погляд, не мае сабе роўных у айчыннай паэзіі, пераўзыходзіць мно­гіх вядомых і аўтарытэтных еўрапей­скіх майстроў прыгожага пісь­менства, лаўрэатаў знакамітай Нобелеўскай прэміі.

Мы ведаем, паэт выхоўваўся ў дружнай і працавітай сялянскай сям’і, аснову якой складалі дзед Хведар Маркавіч Скурко – валявая, каларытная асоба, вечныя працаўнікі-рупліўцы – бацька Іван Хведаравіч і маці Домна Іванаўна. У ёй панавалі шчырасць і цеплыня, узаемаразуменне і павага, характэрнае душэўна-чалавечае супольніцтва. Згаданыя асаблівасці адзначалі і адзначаюць іх суседзі і знаёмыя, а таксама вядомыя грамадска-культурныя дзеячы, пісь­меннікі – Анатоль Вялюгін, Ула­дзімір Караткевіч, Алег Лойка, Мі­кола Мятліцкі і іншыя, якім даводзілася наведваць знакаміты пількаўскі хутар. Кожны тут клапаціўся пра кожнага, вымяраў свае памкненні і дзеянні сістэмай агульных каардынат і крытэрыяў, сямейных каштоўнасцей і прыярытэтаў.

Гэта і шмат што яшчэ добра пацвярджае красамоўны дакумент, які каторы ужо год захоў­ваецца ў маім хатнім архіве, – ліст Язэпа Семяжона да Максіма Танка і яго жонкі Любові Анд­рэеўны.

Як вядома, Язэп Семяжон, выдатны беларускі перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, Заслужаны работнік культуры Беларусі, быў мужам малодшай сястры Максіма Танка Людмілы Іванаўны. 18 лютага 1968 года ён устрывожана і тужліва пісаў з Мінска ў Маскву:

“Дарагія Яўгеній Іванавіч і Лю­боў Андрэеўна!

Я толькі што вярнуўся з паездкі ў Пількаўшчыну і, управіўшыся з дзецьмі і хатнімі справамі, адразу ж сеў напісаць Людміле – туды, і вам – у Маскву.

Самі ведаеце, хацеў бы парадаваць, але, на вялікі наш жаль, радаваць няма чым. Бацька наш вельмі слабы. Гэта ўсё, што я магу вам сказаць. Урачы ж, як вядома, ківаюць галовамі і спа­дзяюцца на лепшае.

Мы засталі яго ў пятніцу амаль у непрытомным стане. Людміла гаворыць, што ў параўнанні з тым, якім яна яго пакінула ў мінулую нядзелю, стан яго значна пагоршыўся. Тады ён яшчэ мог з дапамогай каго-небудзь падымацца з ложка. Цяпер ён ужо не здольны не толькі падняцца, а нават павярнуцца на бок. Нас ён яшчэ пазнаў, але быў амаль безудзельны – пакуты яго цяжка перадаць. Маму мы засталі ў слязах, змарнелую, змучаную бяссоннымі начамі, пастаянным клопатам каля хворага і ў хаце. Калоць хворага амаль няма куды – настолькі ён схуднеў і знябыўся. І ўсё-такі Людміла тут жа паставіла на плітку шпрыцы і стала рыхтаваць уколы таго лякарства, якое заслала Любоў Андрэеўна. У пятніцу ж яму рабілі ўколы і мясцовыя ўрачы. Мы іх сустрэлі па дарозе, і я выйшаў з таксі, каб спытаць, як і што. Іх адказ нас не суцешыў.

Натапіўшы кухню (тут стаяць вялікія марозы), мы перш за ўсё яго пераапранулі ў чыстае і сухое. Маме ўжо было не пад сілу апошнія дні спраўляцца з такім цяжка хворым…

Адным словам, пятніца была чорным днём. Рабілі ўсё, каб падтрымаць сэрца, прадухіліць застой у лёгкіх, увесці лякарства, якое дзейнічае расслабляюча на мачавы пузыр. Папа быў увесь халодны. Мама ўжо нагатавала была свечку і мы ўвайшлі ў хату, калі яна яе запальвала.

Цуда не адбылося, але к поўначы з пятніцы на суботу папу быццам бы крышачку палягчэла. Ён перастаў трызніць. Па яго просьбе я яго падняў і ён некалькі мінут пася­дзеў, ахінуты коўдрай і падушкамі. Па­прасіў вады і мы ўгаварылі яго выпіць цёплай кавы з малаком. Ноч прайшла без сну: Людміла двойчы ўводзіла камфару і іншыя лякарствы. У суботу пад ранне ён на нейкі момант заснуў і не трызніў у сне. А як развіднелася, папрасіў цёплай вады памыцца. Мы гэта зрабілі за яго, бо, канечне, у хворага не хапіла б сіл зрабіць гэта самому. Удзень і ўвечары зноў яго калолі ўколамі, хоць ён і просіць уколаў больш не рабіць – усе яны вельмі балючыя. К вечару ў суботу яму як быццам бы крышачку стала лягчэй, асабліва пасля таго, як паставілі на левы бок банькі. Угаварылі тое-сёе з’есці. Ён папрасіў прастаквашы з бульбай і з’еў, можа, адну бульбіну, можа, паўтары, сказаўшы: “Вот цяпер я і падужэў”. Якая там дужасць! Пасядзеў крыху, трымаючы ў руках вяровачку (мама навязала яе за два цвічкі, каб аблягчыць яму магчымасць падымацца з ложка), і зноў лёг. Ляжыць і пачынае памаленьку ўспамінаць усіх, распытвацца. Пытаўся і пра вас, дзе цяпер Жэня, чаму ён у Маскве. Усё чакае не счакаецца пісьма. Мы яму сказалі, што паехала да вас Люба. А ён: “Ну, вот яна яму пра ўсё раскажа і, можа, Жэня і прыедзе. Хацелася б яшчэ з ім пагаварыць і сказаць адно слова, пакуль магу…”.

І тут жа запытаўся ў нас, а як мы даехалі. Мы сказалі, што як злезлі ў Мядзеле з аўтобуса, там стаяла таксі. Мы дамовіліся з шафёрам і ён нас хуценька давёз да самай Кацярынінай хаты. А ўчора старшыня аддаў загад, каб расчысцілі дарогу грэйдзерам, і цяпер да самага дварышча пад дубам дарога, як настольніца. Бацька наш аж павесялеў і заўважыў: “Ну, вот і добра. Лягчэй будзе лю­дзям дабірацца”.

Ад гэтых яго слоў у мяне зайшлося сэрца. І мама, і Людміла заплакалі. Ён, мабыць, адчувае, што памрэ.

Дарагі Яўгені Іванавіч, сёння, перад ад’ездам (гэта было ў 7 г. ра­ніцы) я падыйшоў да ложка, каб з ім развітацца і ён яшчэ раз мне сказаў: “Бу­дзеце ў Мінску, пазваніце ці напішыце Жэню, як я тут. Зможа прыехаць, то няхай не адкладае на доўгі час…”.

Людміла перад ад’ездам падала заяву з просьбай даць ёй водпуск па сямейных абставінах на два тыдні. Больш яна не магла прасіць, бо, здаецца, па закону больш працяглы тэрмін і не дазваляецца. Яна там засталася, я вярнуўся. Жанчынам адным там амаль не справіцца. Я не ведаю, як мне быць з паездкай у ГДР? Білеты, як вядома, заказаны на 27.ІІ. Я павінен быць у Маскве 26.ІІ. Але як выязджаць на такі тэрмін, калі яна там? На каго кідаць дом ды і з якім душэўным настроем паедзеш? Ці не нельга адтэрмінаваць паездку на няпэўны час? Калі зможаце даведацца аб такіх магчымасцях, зрабі­це ласку – паведаміце мне па тэлефоне. Напамінаю, мой мінскі тэлефон Б2-00-41.Званіце пасля 10 г. вечара. Я буду ўсе дні ў гэты час чакаць. Усяго вам добрага! Жадаю здароўя, нам усім трэба крапіцца.

Са шчырым прывітаннем ад папы, мамы і ўсіх нас

Я. Семяжон”.

У гэтыя дні Максім Танк, першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, знаходзіўся ў Маскве ў камандзіроўцы, рыхтаваўся да ўдзелу ў рабоце сакратарыята праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. Клопатаў у паэта, звязаных з рознымі пасадамі, грамадскімі абавязкамі і даручэннямі, было шмат. 21 лютага ён занатоўвае ў сваім дзённіку: “Атрымаў цяжкую звестку ад Язэпа, што бацька хворы, што ён ледзь можа кратацца. Калі ён прыехаў з Людмілай у Пількаўшчыну, застаў у слязах маму, якая запаліла свечку і ўжо хацела яе даць старому. Буду старацца хоць на пару дзён вырвацца да іх. Прыехалі Брыль і Мележ. Заўтра буду на сакратарыяце”.

На сакратарыяце разглядаліся важныя пытанні жыццядзейнасці Саюза пісьменнікаў Беларусі, абмяркоўваліся праблемы будаўніцтва Дома літаратара. Назаўтра, 23 лютага, Максім Танк збіраўся выехаць у Мінск, а адтуль – у родную Пількаўшчыну, аднак раніцай паэта ажалобіла цяжкое паведамленне аб смерці бацькі. Пабачыць Івана Хведаравіча жывым ён ужо не паспеў. Пра гэта ў яго дзённікавых нататках знаходзім поўны адчаю і гаркоты запіс: “23.02.1968 г. Атрымаў тэлеграму ад Мілкі. Памёр папа ўчора вечарам 22-га. Я многіх страціў, але гэта страта – страшная і балючая. Адыйшоў чалавек, якому я абавязан усім і нічым яму не змог дапамагчы, аддзячыць, кроме пустой славы, што ён – бацька вядомага паэта. Ехаць у Мінск не хацеў – не хацеў адрывацца ад зямлі і быць хоць крыху залежным ад дзяцей. Які гэта быў сціплы і вялікі чалавек! Вялікі і святы”.

Дрогкім марозным ранкам 24 лютага 1968 года, у дзень пахавання бацькі, Максім Танк быў ужо ў Мінску і практычна адразу разам з некаторымі роднымі і блізкімі, якія яго чакалі, выехаў у Пількаўшчыну. Сэрца паэта разрывалася ад віны і болю па цяжкой, незваротнай страце. “Дома засталі поўную хату лю­дзей, – запіша ён пазней у дзённіку. – Тата ляжаў прыбраны ў труне. Паклалі яму ў галаве прывезеныя кветкі і шапку. Хвароба так яго адчарніла, што і пазнаць было цяжка. Страшна выглядала і мама, якая каля двух месяцаў пакутавала з татам. Шкада, што я не змог з ім пабачыцца перад смерцю. Казалі, ён, атрымаўшы маё пісьмо, заплакаў. Адчуваў тата яшчэ восенню, што гэту зіму ён не перажыве. Відаць, заўсёды буду вініць сябе, што праз праклятыя свае камандзіроўкі не змог яго наведаць”.

Застаўшыся на хутары адна, хворая і нямоглая Домна Іванаўна не магла абыйсціся без клопату і ўвагі сваіх родных і блізкіх, і найперш – сыноў Яўгена і Хведара і дачкі Людмілы. Вядома, яны ўсяляк імкнуліся дапамагчы ёй. Што датычыць старэйшага сына, Максіма Танка, дык ён фактычна пры любой магчымасці і нагодзе вырываўся ў Пількаўшчыну, каб наведаць родныя мясціны, прывезці маці неабходныя лекі, прадукты і рэчы, дапамагчы па гаспадарцы, проста пабыць з ёю – падтрымаць душэўнай гутаркай, развеяць цяжкія думы. “Ездзіў праведаць ма­му, – чытаем да болю шчымлівы дзённікавы запіс паэта ад 15 ліпеня 1968 года. – Усё ўспамінае бацьку і плача: “Каму я цяпер патрэбная…” Ніяк не ўталкую, што яна ўсім нам патрэбная… Прывыкла за ўсіх клапаціцца і зараз ніяк не можа ўявіць, што каб нехта па­клапаціўся аб ёй. Наслухалася ад баб, што многія дзеці адмовіліся ад старых бацькоў. Апавядае і плача. Зараз пры ёй застаецца Людміла, потым – Федзя. Калі ад’язджалі, доўга стаяла ля варот, накінуўшы на галаву чорную хусцінку, і ўсё хрысціла нас і хрысціла.

Аж сэрца сціскаецца ад невыказнай тугі і болю”.

Да глыбіні душы кранае яго занатоўка, якая датуецца 5 жніўня 1969 года: “Ездзіў у Пількаўшчыну. Пахадзіў па лясных сваіх нетрах, зайшоў у пуню, дзе яшчэ ляжаць снапы саломы і пласты сена, яшчэ сабраныя бацькам. Стаяць у кутку яго кош, граблі, вілы, сталярскі струмант, а самога гаспадара – няма. І мама такая хворая, што аж страх глядзець. Абрадавалася, што прыехаў. На адыходзе, як заўсёды, перажагнала мяне. З хаты ўжо не выходзіла. Слабая”. І далей: “Заехалі на могільнік. Паклалі кветкі на магілу дзядзькі Фа­дзея і бацькі. Трэба хутчэй паставіць помнік. А то і маці непакоіцца. І светла на сэрцы ад наведвання сваіх родных мясцін, і сумна, што так сумна канчаецца жыццё ўсіх, каго ты любіў і каго не стала. Засуха выпаліла траву і ў лесе і на асушаных балотах. Дарогі пыляць. Ні ягад, ні грыбоў. Цяжкі год”.

Гэтыя і многія іншыя дзённікавыя запісы Максіма Танка ўспрымаюцца як абразок высокіх духоўна-маральных клопатаў і турбот вялікага грамадзяніна і патрыёта роднай зямлі, прамяніста-светлай асобы, носьбіта выдатных душэўна-чалавечых якасцей, клапатлівага сына сваіх бацькоў – простых беларускіх сялян.

У 1968 годзе Максіму Танку было прысвоена ганаровае званне народнага паэта БССР, праз год яго, ужо дэпутата і старшыню Вярхоўнага Савета БССР, выберуць дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, а яшчэ праз два – старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1972 годзе паэт стане акадэмікам Акадэміі навук БССР, а ў 1974 го­дзе – Героем Сацыялістычнай Працы. У 1970-я гады пабачаць свет ці не лепшыя кнігі Максіма Танка – “Хай будзе святло” (1972), “Дарога, закалыханая жытам” (1976), “Прайсці праз вернасць” (1979), якія атрымаюць высокую ацэнку не толькі грамадска-культурнай супольнасці Беларусі і Савецкага Саюза, а і еўрапейскай крытыкі – польскай, чэшскай, англійскай і інш. За зборнік вершаў у перакла­дзе на рускую мову “Нарачанскія сосны” (1977) яму будзе прысуджана Ленінская прэмія – найвышэйшая адзнака працы і яе вынікаў у былым СССР. Але пра ўсё гэта, на жаль, ужо не будзе ведаць яго маці Домна Іванаўна, якой не стане золкім летам 1971 года.

Як і ў выпадку з бацькам, па збегу акалічнасных абставін, у дзень смерці маці Максім Танк знаходзіўся ў Маскве – на гэты раз прымаў удзел у рабоце пятага з’езда Саюза пісьменнікаў СССР. Атрымаўшы тэлеграму з цяжкою весткай, паэт адразу вылецеў у Мінск і неўзабаве быў у Пількаўшчыне. Пра развітанне з самым блізкім і дарагім чалавекам ён запіша ў сваім дзённіку 13 ліпеня: “Мама ляжала ў труне, збітай з нейкіх таўшчэзных дошчак. Ху­дзенькая, як лучынка. Здаецца, упершыню ў сваім жыцці так спакойна адпачывала. Перад смерцю скардзілася: “Чым я так саграшыла, што і зямелька не хоча мяне забіраць…” Перад маім ад’ездам у Маскву, калі Федзя спытаў у яе, ці пазнае мяне, сказала: “І нашто я цябе, сынок, вучыла? Быў бы ты заўжды са мной…” Часам ёй здавалася, што яна не дома, а ў Мінску. І тады прасіла, каб яе завезлі ў Пількаўшчыну, дзе яна магла б надыхацца свежым паветрам. Калі падавалі ёй ваду, не забывалася падзякаваць. Ёй, відаць, здавалася ўсё жыццё, што толькі яна павінна ўсіх даглядаць і абслугоўваць. Да апошняй хвіліны свайго жыцця непакоілася, што не можа нас пачаставаць…”.

І далей: “Не стала на зямлі нашай Маці, з якой я нікога не магу параўнаць па сціпласці, працавітасці, любові да дзяцей і святасці. Ніхто, як яна, не ўмеў радавацца, калі мы яе наведвалі. Бласлаўляла, калі прыязджа­-
лі, хрысціла, калі клаліся спаць, калі пакідалі яе.

Цяпер днём і ноччу стаіць перад маімі вачамі”.

Вобраз маці Максім Танк пранясе праз усё сваё жыц­цё. Ён будзе сілкаваць сацыяльна-маральную энергетыку паэта, трымаць яго ў цяжкія часіны нягод, выпрабаванняў і страт, прасвятляць духоўна, натхняць на творчыя пошукі і адкрыцці. “Матчына ма­літва, Якая не раз Вяртала” мастака “Нават з-за свету” (“Звычайна, калі адпраўляўся…”), будзе саграваць яго сэрца да самых апошніх жыццёвых змрокаў. “Самы святы і нерукатворны” вобраз маці-працаўніцы, маці-руп­лівіцы (“Здарожыўся, ля студ­ні…”) з яе вечнымі трывогай і перажываннямі за сваіх дзяцей і блізкіх, за роднае котлішча ярка і пераканаўча паўстае ў вершах Максіма Танка “У парэпанай раме дзвярэй”, “Помню: маці заўсёды клалася спаць…”, “На прызбе” і іншых. Дзівоснае трымтлівае хваляванне ахоплівае чытача, калі ён чытае, напрыклад, наступныя прачулыя радкі верлібра:

З непрытульнага

Слабадскога пагоста,

Хоць і абгароджанага толькі

Заламанымі ў роспачы рукамі

І шумам сосен,

Ніхто зноў не вяртаўся.

І ўсё ж,

Здаецца мне,

У парэпанай раме дзвярэй

Зноў цябе бачу, маці!

Бачу, пасівелую, як валун,

Што і сёння трымае

На згорбленых плячах

Зруб нашага шчасця.

(“У парэпанай раме дзвярэй”)

“Непрытульны Слабадскі пагост” даў вечны супачынак і самому паэту. Закончыліся вялікія і малыя клопаты і турботы, напружаныя нарады і сходы, стамляльныя камандзіроўкі.

Закончылася жыццё…

Але не – яно працягваецца. Працягваецца ва ўдзячнай памяці землякоў, знаёмых, малодшых калег-таварышаў, сяброў, шматлікіх шчырых прыхільнікаў творчага дару вялікага мастака…

Без ніякіх сумненняў, гэта бы­ла асаблівая сям’я. Яна акумулявала ў сабе багатыя залежы народнай самасвядомасці, спаконвечнай жыццесцвярджальнай энергетыкі, што базавалася на маральных імператывах дабрыні і шчырадушнасці, праўды і сумлення, узаемадапамогі, стваральнай працы і інш. У яе атмасферы не толькі расла душа выдатнага беларускага паэта і грамадскага дзеяча Максіма Танка, які – мы ведаем – літаральна мілаваў кожную драбніцу ў гісторыі сваёй радаслоўнай, у сваім пількаўскім котлішчы. Гэтая сям’я выхавала, прафесійна аформіла такія крэатыўныя асобы, як ужо згаданы намі Язэп Семяжон, зяці паэта: муж дачкі Веры – намеснік міністра абароны Беларусі Аляксандр Тушынскі, муж дачкі Ірыны – кандыдат тэхнічных навук Юрый Пачанін. У яе ўлонні наталяў свабоду свайго душэўнага самапачуцця яго сын – кандыдат хімічных навук, вучоны сакратар Інстытута біяхіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Максім Скурко.

У беларускую літаратуру ідуць новыя пакаленні маладых талентаў, дарогу якім шчодра асвятляе нязгасная зорка выдатнага паэта і чалавека Максіма Танка.

М. МІКУЛІЧ.

001033_00000573896Сёлета будзем адзначаць 100 год з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта Максіма Танка. На Мядзельшчыне нямала прыхільнікаў творчасці славутага земляка. У тым ліку і сярод вучняў школ раёна, педагогаў. Больш двух дзясяткаў аўтараў з устаноў адукацыі даслалі ў рэдакцыю ўласныя творы, у якіх узгадваецца імя песняра Нарачанскага краю, яго маленькая радзіма. Вось што напісала ў сваім лісце настаўніца рускай мовы і літаратуры Будслаўскай СШ Я. С. Скроцкая: “Успомніўся апошні прыезд Максіма Танка ў Мядзел. Зала гарадскога Дома культуры была поўнай, людзі чакалі дарагога госця. Але ён спазняўся – цяжка хворы паэт выказаў жаданне завітаць па дарозе ў родную Пількаўшчыну. Мядзяльчане, канечне, дачакаліся земляка. Сустрэча атрымалася цікавай, запамінальнай. На жаль, апошняй… Тады ў мяне і склаліся вось гэтыя радкі.

Менавіта вершам Яніны Скроцкай і распачынаем паэтычную падборку.

Мядзел чакаў Паэта…

Мядзел чакаў Паэта…

Прыцішана зала гула.

Ведалі: ён са шляху

Звярнуў да свайго двара.

Пількаўшчыны сцяжынкі

Паклікалі, як калісьці.

Бачна, хацелася вельмі,

Па родным двары прайсціся,

Зірнуць на магілы продкаў,

Адчуць роднай хаты пах,

Суседзяў былых пабачыць,

А потым прадоўжыць шлях.

Апошняе падарожжа

У родны азёрны край,

Які у сваіх паэмах

І вершах не раз усхваляў.

Даўно ўжо сустрэча гэта

У гісторыю адышла.

Мядзел чакаў паэта…

Сустрэча апошняй была…

Яніна СКРОЦКАЯ.

 

У Пількаўшчыне

Пількаўшчына!

Сцежкаю знаёмай

Да хаціны Танкавай ідзём.

Тут душа так шчыра нарадзіла

Вершы, падказаныя жыццём.

Пра бацькоў, пра родных,

Пра суседзяў.

Гумар ціхі,

Шчодрыя пачуцці.

Так хацеў Паэт,

Каб яго вершы

Усе людзі на зямлі пачулі.

Пількаўшчына.

Мілая мясціна.

Ты заўсёды выглядаеш годна.

Крочым мы да Танкавай хаціны -

Сонца ўсміхаецца лагодна.

Наталля ДУНЕЦ.

Вучаніца 10 класа

ДУА “Камароўская СШ”.

Максіму Танку

З тых далёкіх часоў -

З Нарачанскага краю,

Яго вершы напеўна

Для народа гучалі.

Нялёгкую выбраў

Хлапчына дарогу:

Праслаўляў ён свой край,

Песціў родную мову.

І былі тыя вершы,

Як належыць, ад сэрца.

Аб ім памяць людская

У вяках застанецца.

Марыя ЛЁТКА.

Настаўніца беларускай мовы

і літаратуры ДУА “Крывіцкі

вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

На Нарачы

Лёгкі ветрык над Нараччу,

Крыкі чаек чуваць над вадой.

Плёскат хваль,

цішыня і спакой -

Як тут хораша марыцца!

Міхаіл СЕМЯНОВІЧ.

Вучань 5 класа ДУА

“Сярэдняя школа №2 г. Мядзел”.

Прысвячэнне

У вершах Паэта – душа народа,

Шчасце і доля, каханне, святло.

Бруіцца крынічка ў лесе пад голлем,

І бусел махае з нябёсаў крылом.

Анастасія ЛУБНЕЎСКАЯ.

Вучаніца 6 класа Мядзельскай

СШ №1 імя У. Дубоўкі.

Дзень добры!

Дарога-стужка векавога бору

Вядзе нас да радзімы песняра.

Здаецца, соснам

мала зноў прасторы,

І рвуцца ўвысь, як песня гусляра.

Калісьці быў тут,

каля стромкіх сосен -

Натхнялі на цудоўныя радкі.

За летам прабягала следам восень,

Зіма кідала белыя шматкі.

Паэт спяваў адвечны

гімн прыродзе:

Азёры чулі, рэкі і палі.

Каб жыў вякамі

наш народ у згодзе,

І ў шчасці поўным

на святой зямлі.

Дзень добры,

край Максіма Танка!

Душой з табой, калыска песняра.

Хачу, каб ад світанку да світанку

Яго паэзія нас па жыцці вяла.

Галіна ШВАЙКОЎСКАЯ.

Настаўніца рускай мовы

і літаратуры ДУА “Пузыроўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

Пясняр

На Мядзельшчыне ён з’явіўся,

З Радзімай лёс свой паяднаў.

Для новых вершаў нарадзіўся,

І светлы шлях сабе абраў.

Ён славіў сонейка і маці,

І хваль блакіт, і неба ўзлёт.

І хлеб у печы ў роднай хаце,

І казкі, што любіў народ.

Аляксандра НАЗАРАНКА.

Вучаніца 5 класа ДУА

“Сярэдняя школа №2 г. Мядзел”.

Цікавыя радкі ўдалося адшукаць і ў іншых дасланых у рэдакцыю вершах, якія ідуць ад душы і сэрца. Так, настаўніца беларускай  мовы і літаратуры Будслаў­скай СШ Я. В. Дземідовіч пранікнёна напісала: “Пясняр Нарачанскага краю -  волат абліччам і духам – Ля хаты бацькоўскай у гаі салаўіную песню падслухаў.” Сапраўды, прыгожа сказана! А сямікласнік з СШ №2 г. Мядзел Максім Тарасёнак быццам дадае: “З маленства любіў ён прыроду і кнігу”. Шасцікласніца з Крывічоў Паліна Шкадун узгадвае няпросты жыццёвы шлях паэта: “Турмы, краты не раз замянялі яму мілы кут і бацькоўскія сцены. Прага волі вяла песняра-земляка на змаганне, за шчасце і волю”. Шэраг твораў вучні прысвяцілі роднаму Нарачанскаму краю, тым мясцінам, дзе самі жывуць. “Лашчыць вока, цешыць сэрца зноў азёрнае бязмежжа” – гэта радкі з верша вучня 5 класа СШ №2 г. Мядзел Паўла Маташнюка. А шасцікласніца Алена Варанец з гэтай жа школы ў вершы “Мая вуліца” слушна сцвярджае: “Я з вуліцай жыву сваёй: яна расце, расту і я. І з нашай дружнаю сям’ёй чакаю будучага дня”.

Застаецца падзякаваць усім тым аўтарам, хто паэтычным радком адгукнуўся на юбілей нашага славутага земляка. У кожнага свой  шлях у жыцці,  але галоўным назаўжды застаецца – служыць Бацькаўшчыне і народу. Чаму і прысвяціў свой талент Максім Танк.

Падрыхтаваў

Аляксандр БЫКАЎ.

d182d0b0d0bdd0ba“У азёрнай старонцы маёй…”

СЁННЯ можна толькі дзівіцца: адметных майстроў літаратурнага слова і паэтычнага радка ў далёкія сямідзясятыя гады ў Сваткі прыцягвала бы магнітам. Такога мноства пісьменнікаў не завіт­вала тады, бадай, ні ў якую ін­шую школу азёрнага краю. Наколькі ўдалося высветліць, прыязджалі дзякуючы, найперш, настаўніку беларускай мовы і літаратуры Мікалаю Пашкевічу, чалавеку адкрытаму і гасціннаму, светламу і таленавітаму. Ён адным з першых у рэспубліцы зацікаўлена і даволі плённа адшукваў сярод вясковай дзятвы здольных вучняў з іскрынкамі творчасці. Створаны ім пры школе літаратурны гурток зачынаўся з двух пяцікласнікаў. <!–more–>У яго неўзабаве ўлілося мноства вучняў з сярэдніх і старэйшых класаў. Там не сумавалі дапытлівыя, Мікалай Арсенавіч жыва клапаціўся наконт пашырэння іх кругагляду. Перавага надавалася
экскурсіям і паходам па родным краі, сустрэчам з цікавымі людзь­мі накшталт першай выканаўцы ролі Паўлінкі з аднайменнай камедыі Янкі Купалы, паездкам у сталічныя тэатры і музеі. “Паўлінка” і “Лебядзінае возера”, “Людзі на балоце” і “Цыганскае каханне”, “Хто смяецца апош­нім” і “Міль­ён за ўсмешку”, “Лявоніха на арбіце” і “Два вяронцы” – толькі частка рэпертуару агульнавядомых класікаў, прагледжанага тагачаснымі вучнямі. Убачанае і асэнсаванае хлопцамі і дзяўчатамі абмяркоў­валася на пася­джэннях літаратурнага гуртка, знаходзіла адлюстраванне ў іх вершах і апавяданнях, дарожных нататках. Мікола Янэль, Аня Малько, Марыя Мычка, іншыя пачынаючыя дараванні друкаваліся не толькі ў сваёй насценнай газеце “Маладая рунь”, але і раённай – “Нарачанская зара”, рэспубліканскіх выданнях “Чырвоная змена”, “Літаратура і мастацтва”. Адно шкада, век Мікалаю Пашкевічу вы­паў нядоўгі, усяго трыццаць шэсць гадкоў. Аднак і за гэты час Мікалай Арсенавіч перарабіў нямала добрых спраў, пакінуў прамяністы след на педагагічнай ніве. Яскравае сведчанне таму ўражваючы факт: аповесць “Абе­ліск” Васіль Быкаў прысвяціў светлай памяці менавіта нашага земляка з Гарадзішча М. А. Паш­кевіча, дзе ён і пахаваны на сціп­лых вясковых могілках.

Першаадкрывальнікамі Сваткаўскай школы са слаўнай кагорты мастакоў слова сталі Ніл Гілевіч, Іван Навуменка. Арганізоўвалі падобныя сустрэчы на той час з дапамогай сакратарыята Саюза пісьменнікаў альбо па сяброўскай дамоўленасці з літаратарамі. Менавіта на другое рабіў акцэнт Мікалай Пашкевіч, бо можна абысціся без бюракратычнай цягані­-
ны, ды і ў эканамічным плане для школы атрымлівалася больш прымальна. Наступны дэсант вядомых аўтараў аказаўся куды больш уражваючы – Алег Лойка, Ула­дзімір Караткевіч, Язэп Семяжон, Генадзь Бураўкін, Вячаслаў Рагойша, Леа­нід Акаловіч. У калгасным клубе, дзе прахо­-
дзі­ла творчая вечары­-
на, яблыку не бы­ло дзе ўпасці! Сюды папрыходзілі пешшу з многіх навакольных вёсак дарослыя і дзеці. Ім не цярпелася пабачыць пісьменнікаў, пачуць іх аўтарытэтнае слова, раздабыць аўтограф. На­дзеі гэтыя цалкам апраўдаліся. На вечарыне хапала ўсяго – вершаў і выступленняў, жартаў і песень. Пасля афіцыйнай часткі распачаліся танцы. Ды якія! Весяліліся ад душы ледзь ці не да раніцы. Дарагіх гасцей вяскоўцы праводзілі ў дарогу ўжо на наступны дзень, бліжэй да абеду. Уражанняў ад вечарыны хапіла не на адзін месяц, некаторыя добра памятаюць яе і сёння!

Адна з такіх – Вольга Іванаўна Пястун. У Сватках яна з няблізкага на сёння пяцідзясятага года, калі прыехала сюды па накіраванні пасля заканчэння Маладзечанскага настаўніцкага інстытута. З першых дзён выкладала ў школе беларускую мову і літаратуру. Тых гадзін, якія адводзіліся на вывучэнне роднай мовы, хранічна не хапала. Выйсце маладая настаўніца знайшла ў пазакласных уроках. На дзіва некаторых педагогаў, дзеці застава­ліся на іх з ахвотай, з імпэтам
удзельнічалі ў дыскусіях па творах беларускіх паэтаў і празаікаў, пісалі сачыненні на зададзеную тэму, не міналі і багатых экспа­зіцый школьнага музея.

У гэтай ладнай купцы вучняў сваёй неардынарнасцю, імкненнем да ведаў вылучаўся Мікалай Пашкевіч. Хутчэй за ўсё, Вольга Іванаўна стала для хлопца першай настаўніцай, якая змагла прывіць яму сапраўдную любоў да матчынай мовы. Навечна! Можна лічыць заканамерным, што пасля службы ў арміі юнак паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, а калі атрымаў дыплом, вярнуўся ў родную школу. Да таго часу Вольга Іванаўна паспела завочна закончыць Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў. Таму ёй прапанавалі перадаць асвоены ўчастак педагагічнага поля свайму колішняму вучню, а самой выкладаць дзецям нямецкую. Пярэчанняў ніякіх не ўзнікала. Вольга Іванаўна была ўпэўнена, што Мікалай, да яе настаўніцкіх удач, дабавіць мноства новых, больш прагрэсіўных. Так яно і атрымалася. Апрача ўзгаданых вышэй пісьменнікаў, Мікалай Арсенавіч меў стасункі з Васілём Быкавым і Міхасём Лыньковым, Рыгорам Барадуліным і Міколам Аўрамчыкам, іншымі творцамі. Сустрэчы з імі ён справядліва лічыў удзячнай сцяжынкай у справе абуджэння ў дзіцячых душах жывенькай цікавасці да роднай мовы, роднай літаратуры. Ды і сам не задавальняўся наяўным багажом уласных ведаў – паступіў завочна ў аспірантуру. Затое, калі Мікалая Арсенавіча не стала, а для школы гэта з’явілася горкай стратай, Вольга Іванаўна праз некаторы час прадоўжыла справу свайго вучня, што ў жыцці здараецца вельмі рэдка.

Так ужо атрымалася, што Мак­сім Танк патрапіў у Сваткаўскую школу, якая цяпер носіць яго імя, значна пазней за некаторых іншых пісьменнікаў. Пачатку творчых зносін паспрыяла сустрэча з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры раёна, якая праходзіла ў прасторнай актавай зале гэтай навучальнай установы. Яўген Іванавіч выступіў перад землякамі, прачытаў некалькі вершаў. З ахвотай адказаў на пытанні. Адно з іх тычылася псеўданіма паэта, чаму менавіта Максім Танк?

- А што мне заставалася рабіць, – з адценнем гумару адказаў Яўген Іванавіч, – калі ўсе прывабныя кветачкі ўжо разабралі: Эдзі Агняцвет, Вера Вярба, Кандрат Крапіва… А для мяне застаўся толькі кавалак жалеза.

- З вершаў тады, – узгадвае Вольга Іванаўна, – найбольш уразіў такі:

“Не знаю, калі я паспеў пастарэць,

Расстацца з юнацкімі марамі;

Амаль развучыўся смяяцца і пець,

Узброіў свой нос акулярамі…

Прывык да дыэты, да цёплых галёш,

Да лазні з бярозавым венікам.

Пісаць пачынаю

ўсё горш я і горш -

Пара выбіраць акадэмікам”.

- Вось, падумалася, які сама­крытычны паэт, – шчыра дзеліц­ца Вольга Іванаўна. – Мяне на першым часе не вельмі цікавіла творчасць Максіма Танка. Мабыць, такое стаўленне тлумачылася запалітызаванасцю інстытуцкай праграмы па беларускай літаратуры, у якую ўключалі толькі “ўра-патрыятычныя” вершы. А хацелася нечага для душы, пра каханне, нарэшце. Таму перавагу аддавала паэзіі Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа. І толькі пазней, больш глыбока пазнаёміўшыся з творчасцю таленавітага земляка, зразумела, які гэта багаты пласт для правядзення змястоўных урокаў, выхавання юнацтва на прыкладзе жыцця Яўгена Іванавіча, яго апантанай вернасці сям’і і Радзіме.

Запалітызаванасці і на самай справе хапала. Што раней казалі настаўнікі, знаёмячы вучняў з біяграфіяй Максіма Танка? Маўляў, нарадзіўся ў беднай сялян­скай сям’і. Пасля гэтых слоў Вольгі Іванаўны школьнікі з Пількаўшчыны пачыналі хіхі­каць. А той і няўцям, з чаго гэта раптам! І толькі пазней даведалася, што сям’я Скурко мела па вясковых мерках нямала зямлі, коней, кароў. Аднак нічога гэтага не зва­лілася, як кажуць, з неба. Усе працавалі ад цямна да цямна, дзядзя Яўгена Іванавіча Фадзей ездзіў на заробкі ў далёкую Амерыку, каб можна было ў свой час прыкупіць зямліцы. Чалавекам быў адукаваным, адмысловым паляўнічым, мог жывёлу палячыць. Многія з наваколля звярталіся да яго па слушную жыццёвую падказку, і нікому ён благога не параіў. Не пераносіў безгаспадарчасці, абыякавасці. Калі мясцовы калгас далучылі да Сватак, справы напачатку ніяк не ла­дзіліся, кіраўнікоў ледзь ці не штогод прывозілі з раёна новых. Аднойчы на агульным сходзе ў калгасным клубе не вытрымаў, сказаў у адрас прэзідыума:

- Што вы мяняеце старшынь, як цыган коней? І каго вы нам прывозіце: год пабудзе і ўцякае! Дайце выбраць свайго чалавека, тады і толк будзе!..

Прыязджаючыя ў Сваткі пісь­меннікі, карыстаючыся нагодай, нярэдка збочвалі на гасцінны бацькоўскі хутар Максіма Танка, дзе ад цямна да цямна завіхаліся на падворку ў бясконцых вясковых клопатах бацькі, брат паэта Фёдар са сваёй жонкай Марыяй. Хто бываў там, не дадуць зма­ніць: яны вечна былі загружаны работай! На плячах з адзення – зашмальцаваны кажушок, патрапаная ватоўка… Бывае, штосьці і раскажуць, але зусім не шмат, нейкае слова-другое. Паглядзіш на іх, і адразу зразумееш: калі і ёсць набыткі ў гэтай хаце, дык толькі дзякуючы дружнай і цяжкой рабоце яе гаспадароў. Пры гэтым яны заставаліся сціплымі, сардэчнымі і спагадлівымі да навакольных, рубель для іх не быў даражэйшым за душу. У пацвяр­джэнне мне расказалі ў вёсцы такую, яшчэ даваенную гісторыю. Піліп Скурко з Піль­каўшчыны задумаў купіць карову. Што гэта для сялянскай сям’і з дзецьмі, думаю, тлумачыць не трэба. Карміцелька і выратавальніца! А вось грошай на карову ў Піліпа не ставала, і нямала. Прачуўшы пра гэта, бацька Максіма Танка Іван Хведаравіч вырашыў выручыць бедака:

- Бачу, што ты хочаш лепш жыць, і я табе дапамагу. Бяры ў мяне рагулю за тыя грошы, што ёсць. Астатнія аддасі калі-небудзь.

Для добрых людзей дзверы яго хаты былі заўсёды адчынены, а гасцей на стале чакаў шчодры і апетытны сялянскі пачастунак. У той жа час Іван Хведаравіч не шанаваў гультаёў, вельмі не любіў і тых, хто залішне зазіраў у чарку.

Уражаны спрацаванымі рукамі маці песняра Домны Іванаўны Уладзімір Караткевіч напісаў пазней кранаючыя да слёз радкі ў сваім лісце ў Сваткаўскую школу: “Чорныя, як зямля, усе пасечаныя шнярамі і зморшчынамі”. Заязджалі той раз пісьменнікі ў Пількаўшчыну на адкрытым грузавіку, з усёй групы найбольш лёгка і не па сезону аказаўся апранутым Караткевіч у сваім лёгенькім паліто, спрадвечным берэце. Разважліва прыкінуўшы, што ў такой амуніцыі на пранізлівым марозным ветры, а на дварэ стаяў снежань, нядоўга і замерзнуць, бацька Яўгена Іванавіча прапанаваў Уладзіміру Сямёнавічу ў зваротную дарогу доўгі, да самай зямлі, кажух сына. На што Рыгор Барадулін з ходу адгукнуўся эпіграмай на Караткевіча:

“Ледзь толькі раскрыў я вочы -

Змахнуў шаблонаў труху,

І смела ў класіку крочу…

У Танкавым кажуху”.

З актавай залы школы Яўгена Іванавіча запрасілі завітаць на хвілінку ў клас беларускай мовы і літаратуры, пазнаёміцца са шмат­лікімі тэматычнымі экспа­зіцыямі. Прапанавалі пагартаць альбом з фотаздымкамі пісьменнікаў, якія ўжо да гэтага праводзілі творчыя сустрэчы ў Сватках. Максіма Танка ўразіла: як гэта так, у школе землякоў пабывалі і Васіль Быкаў, і Ула­дзімір Караткевіч, і Ніл Гілевіч, некаторыя з літаратараў нават не адзін раз, а ён толькі-толькі зайшоў.

- Атрымалася якраз, як у тым анекдоце, – заўважыў Максім Танк.

- Якім? – пацікавіліся ў яго настаўнікі.

- А вось паслухайце. Фанабэрысты пан пытаецца ў свайго слугі:

- Мотка, ты ў Варшаве быў?

- Не, панок, не быў.

- А ў Кракаве?

- Не.

- А ў Вільні ты хоць быў?

- І ў Вільні не быў.

- Дык ты ж дурань!

-Дурань, панок, дурань.

Пастаяў Мотка, крыху падумаў, а потым ветліва так звяртаецца да пана:

- Паночак, а ты ў Кабыльніку ці быў?

- Не, не быў.

- Што, і ў Даўгінава не быў?

- Не.

- А ў Куранцы?

- І ў Куранцы не быў.

- Ой, і што цяпер будзе?!

Павучальны анекдот. Іншым разам за даляглядамі, мы і сапраўды не бачым адметнага і дарагога, што ў нас зусім побач. Паказалі тады песняру і ліст Уладзіміра Караткевіча, у якім ён узгадвае наведванне пількаўскага хутара. Было бачна, што найбольш Максіма Танка кранулі радкі Уладзіміра Сямёнавіча пра маці. Яўген Іванавіч надоўга задумаўся, а потым са скупой усмешкай на твары заўважыў на развітанне: “Трэба мне нешта падумаць”.

З тае вечарыны і пачынаецца летапіс цеснай сувязі Максіма Танка са Сваткаўскай школай. Яўген Іванавіч часценька заяз­джаў сюды, прывозіў у мясцовы музей цікавыя экспанаты, дакументы, мноства кніжак з аўтографамі. Адно, не любіў нарабляць з гэтага вялікага шуму, нават пра­сіў тагачаснага дырэктара Зою Іванаўну Лубешку не надта афішыраваць яго візіты, якія, зразумелая справа, надавалі гонару і настаўнікам, і вучням. Як-ніяк, далёка не ў кожную школу завітваў народны паэт Беларусі, акадэмік, Герой Сацыялістычнай Працы! Паспрыяла ўстойлівым творчым кантактам і наступная акалічнасць. У Сватках мелася добрая традыцыя: перад экзаменамі выпускнікі з педагогамі адпраўляліся ў падарожжа вакол возера Нарач. Шлях няблізкі, ішлі з прываламі, начоўкай. І заўсёды прыпыняліся каля драўляных домікаў у акружэнні меднастволых сосен Максіма Танка, Міхася Лынькова, дзе творцы любілі працаваць ледзь не цэлае лета. Неяк Яўген Іванавіч і запрасіў да сябе ў дом Вольгу Іванаўну з мужам Барысам Сцяпанавічам, які ў размове заўважыў:

- А я, Яўген Іванавіч, у школе вучыўся разам з вашай меншай сястрой Людай.

Максім Танк адразу ажывіўся, пачаў распытваць пра сваіх знаёмых па юнацкіх гадах:

- Як там пажываюць Хіхіч, Кайка, Мычка Серафім?..

Пазнаёміўшыся бліжэй, бываючы ў Сватках, Яўген Іванавіч ужо не мінаў і гасціннай хаты Пястуноў… Звычайна, у такіх выпадках тэлефанавалі ў Будслаў да намесніка дырэктара тамтэйшай школы Васіля Пятровіча Жука, заслужанага настаўніка Беларусі, таксама знаёмага з Максімам Танкам, і той на ўсіх парах імчаў да іх. Тады за сяброўскім сталом у святліцы хаты пад кі­лішак гарэлкі альбо кубачак гарбаты на зёлках завязвалася размова за жыццё-быццё. Вядомая справа, усім хацелася больш паслухаць паэтычную знакамітасць, а Максім Танк, наадварот, любіў, калі расказвалі іншыя. У нетаропкай бяседзе закраналіся розныя тэмы. Васіль Жук неяк пацікавіў­ся ў народнага песняра:

- Нешта, Яўген Іванавіч, не магу прыгадаць, каб з вашых вершаў пырскалі радасць, заўзяты смех. Вы нават, калі анекдоты расказваеце, самі амаль не смеяцеся.

- Чаму тут здзіўляцца, – задуменна адказаў Максім Танк, – жыццё такое! Самі ведаеце, падкідвала яно мне жорсткіх іспытаў і да верасня трыццаць дзявятага, і пасля…

Канечне, акрамя няпростых жыццёвых пераплётаў, былі ў Яўгена Іванавіча і светлыя набыткі. Адзін з самых важных з іх да вайны – сям’я. Добрыя сябры ведалі, што кахання, як кажуць, з першага погляду, у іх з Любоўю Андрэеўнай не было. Родам яна з таго ж краю, з суседняй з Піль­каўшчынай вёскі Новікі. Ды і проз­вішча такое ж – Скурко. Бацькі дзяўчыны яшчэ раней пераехалі жыць у Вільню. Таму не дзіўна, што, уладкаваўшыся там у гімназію, пачынаючы паэт здымаў пакойчык у сваіх землякоў. Тут, бадай, важней іншае: як толькі польскія ўлады кінулі Максіма Танка за краты ў Лукішкі, Любоў аказалася адной з тых, хто не адвярнуўся ад юнака, а паспяшаўся падтрымаць яго. Напэўна, з тых трывожных сакавіцкіх дзён 1932 года і бярэ пачатак высакароднае пачуццё Яўгена Іванавіча да гэтай дзяўчыны, якое ён пранёс праз усё жыццё. І калі ўжо значна пазней Домна Іванаўна пацікавілася ў сына, які ж падарунак ён думае паслаць Любові да дня нараджэння, Максім Танк цвёрда адказаў:

- А падарунак такі: прапаную ёй сваю руку і сэрца!

Яшчэ праз колькі год ён напіша:

“Вось дом і сад, завулак той,

Вячэрні цень гатыцкай вежы,

Дзе не заўважылі з табой

Мы расцвітаючага бэзу…”.

Так, гэта пра Вільню, юнацкія перажыванні паэта. Прыцягваюць увагу трапнай змястоўнасцю і радкі твора:

“І гэты бэз іх і вішняк

(Сад, праўда, быў тады гусцейшы)…

Яшчэ тут нейкі жыў дзівак,

Пісаў, казалі людзі, вершы”.

Якое б адметнае мерапрыемства ні праводзілася ў гонар Максіма Танка, землякі, калі іх запрашалі туды, ніколі не ўдарылі тварам у гразь. Найперш – сваткаўцы. У размове ўспаміналася юбілейная вечарына з нагоды 70-годдзя Яўгена Іванавіча, якая праходзіла ў Мінску, у оперным тэатры. Дэлегацый панаехала з усіх саюзных рэспублік. Былі там і прадстаў­нікі Мядзельшчыны – першы сакратар райкама партыі Барыс Путрык, старшыня мясцовага калгаса “Зара” Іосіф Тарасёнак, настаўнікі Іван Берняковіч і Вольга Пястун. Землякам далі слова ў апошнюю чаргу. Яшчэ дома вырашылі, што на трыбуну пойдзе Вольга Іванаўна, таму і ў прэзідыум яе запрасілі.

- Сядзела там бы мышка пад венікам, побач з паэтам Васілём Зуёнкам, – дзеліцца Вольга Іванаўна. – Вывераную “кантычку” з тэкстам спачатку ў руках церабі­ла, потым паклала ў сумачку. Калі ж паклікалі за трыбуну, зусім пра яе забылася, давялося гаварыць па памяці. Дзякуй Богу, не збілася. Максім Танк слухаў вітанне стоячы, дзве дзяўчыны з Пількаўшчыны ў нацыянальных строях паднеслі імянінніку кветкі і каравай з новага ўраджаю, Барыс Путрык уручыў слыннаму песняру падрыхтаваныя сувеніры, а Іосіф Тарасёнак з Іванам Берняковічам – важкую бочачку медавухі. І ўсё гэта пад такія словы:

“Ад пількаўскіх палёў жытнёвых,

Ад Нарачанскае зямлі

Мы гэты каравай мядовы

З паклонам нізкім прыняслі.

Каб не старэў зямляк ніколі,

Каб быў душою малады,

Зайграйма пількаўскую польку,

Юнацтва ўспомняцца гады!”.

Не паспеў прагучаць апошні радок, як на сцэну выбеглі будслаў­скія музыкі на чале з Францам Пляшкуном і “ўрэзалі” польку. Заўзята, высокапрафесійна. На фоне строга рэгламентаванай афіцыйнасці гэта выглядала так сардэчна, так ярка, што душа зарадавалася і эмацыянальна рванула вонкі не толькі ў юбіляра, але і ўсёй залы. Нямала хто з прысутных на вечарыне потым казаў: “Вось гэта землякі! І каларытна, і прачула, і весела. Ай, ды малайцы!”.

Запомнілася Вользе Іванаўне і больш позняя сустрэча з Яўгенам Іванавічам, якая адбылася ў санаторыі “Аксакаўшчына”. Яна адпачывала ў суседняй здраўніцы “Навука” і са знаёмай нярэдка хадзілі туды на канцэрты, якія ладзіліся даволі часта. На адной з алей убачылі задуменнага Максіма Танка, прывіталіся, крыху пагутарылі. Той запрасіў жанчын да сябе ў нумар папіць гарбаты альбо кавы, аднак яны адмовіліся. Маўляў, не хочацца вам замінаць. Перад развітаннем Яўген Іванавіч паці­кавіўся, што яны збіраюцца гля­дзець у канцэртнай зале?

- Выступленне ліліпутаў!

- А вось я, – з сумам заўважыў Максім Танк, – не магу глядзець на людзей, знявечаных прыродай. Не дазваляе сэрца. Ну, а для вас нічога страшнага, адзін раз паглядзець можна…

Мела слова Вольга Іванаўна і на апошнім спатканні песняра з землякамі, якое праходзіла ў Мядзеле 28 кастрычніка 1994 года. На той вечарыне яе муж Барыс Сцяпанавіч падараваў Максіму Танку сваю карціну з мясцовымі краявідамі, а слынны паэт ім – зборнічак вершаў “Мой каўчэг” з кароценькім, але красамоўным аўтографам: “Паважаным Пястунам. З любоўю. Максім Танк”. Гэту кніж­ку Вольга Іванаўна захоўвае цяпер як самую дарагую рэлік­вію. Па яе глыбокім перакананні, творчасць нашага волата паэтычнага свету ўрываецца ў адкрытую душу, прымушае думаць, суперажываць, станавіцца чалавеку лепшым. Трэба толькі чытаць вершы, трапныя верлібры Яўгена Іванавіча не мімаходзь, а без спеху, унікаючы ў іх глыбінны сэнс, і тады перад вамі быццам блісне асляпляльнымі пром­нямі велічны алмаз, з якога здзьмухнулі пыл забыцця і недаацэнкі…
<p align=”right”><strong> Павел ЖУКАЎ.</strong></p>

Цэнт­ральная бібліятэка імя М. Танка выпусціла ліс­тоўкі пад наз­вай “Пяс­няр Нарачан­скага краю”

Да Года кнігі і стагоддзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка цэнт­ральная бібліятэка імя М. Танка выпусціла для біб­ліятэчных і клубных устаноў раёна ліс­тоўкі пад наз­вай: “Пяс­няр Нарачан­скага краю”. У іх змешчаны партрэт нашага знакамітага земляка. Ад­люст­раваны таксама асноўныя этапы яго жыцця.

Максім Танк – волат паэтычнага свету

001033_00000573896НАРЭШЦЕ такі ажыццявілася даўняя надзея літаратараў ды многіх прыхільнікаў друкаванага слова – з пачатку сту­дзеня, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, па нашай краіне крочыць Год кнігі. Значыць, ёсць падстава спадзявацца, што гэта паспрыяе павышэнню яе ролі ў сучасным грамадстве, выхаванню ў маладога пакалення любові да мастацкага слова, развіццю айчыннай літаратуры, забеспячэнню дзяржаўнай падтрымкі нацыянальнага кнігавыдання. У яркім і вабным сузор’і рэгіёнаў, якія ганарацца сваімі вядомымі паэтамі і празаікамі, ладзяць тэматычныя мерапрыемствы, адметнае месца займае Мядзельшчына. І, у першую чаргу, дзякуючы Максіму Танку, які быў і застаецца велічнай зоркай ва ўсім славянскім пісьменстве. Тым больш, што якраз сёлета 17 верасня мы ўрачыста ад­значым стагоддзе з дня нараджэння Яўгена Іванавіча. Удзячны сын азёрнага краю са сваіх першых вершаў, са свайго першага зборнічка “На этапах”, выйшаўшага ў свет у далёкім 1936 годзе, абараняў бедны люд ад панскага прыгнёту. Ён абраў для сябе шлях змагара з белапольскімі акупантамі, выкарыстоўваючы пры гэтым трапнае паэтычнае слова, уздымаючы народ на барацьбу за вызваленне Бацькаўшчыны: “Колькі часу шукаў я сцяжынкі-дарогі да бунтарскіх напеваў вясны-перамогі…”. Быццам звон, рашучы ваяр з сацыяльнай несправядлівасцю і маною, такі, як Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч, стукаўся ў людскія душы і нагадваў, што беларусы маюць гонар, што яны павінны стаць згуртаванай і квітнеючай нацыяй на сваёй зямлі. І калі ў адной з рэакцыйных газет таго часу напісалі, маўляў, “няма ніякіх беларусаў і іх мовы”, юнак, якому не споўнілася яшчэ і дваццаці год, катэгарычна запярэчыў:

“Калі няма на свеце маёй мовы,

Майго народа і мяне самога, -

Дык для каго будуеце, панове,

Канцлагеры, катоўні і астрогі?”.

А з такімі патрыётамі зямлі беларускай улады панскай Польшчы не цацкаліся: не аднойчы Максіму Танку давялося разам з іншымі палітвязнямі зведаць на сабе ўвесь драматызм тагачасных ві­ленскіх Лукішак. Слабых жорсткія выпрабаванні ломяць, моцных – загартоўваюць, надаюць сілы і веры ў больш светлае заўтра. І яно прыйшло для Яўгена Іванавіча, як і для ўсяго народа Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года, акурат у дзень яго нараджэння. Можна дзівіцца, але выпадаюць у жыцці і вось такія гістарычныя падарункі лёсу!

Затым была Вялікая Айчынная вайна, уступленне ў народнае апалчэнне, супрацоўніцтва ў франтавой газеце “За Савецкую Беларусь”, якую рэдагаваў Мі­хась Лынькоў. Пасля Перамогі Максім Танк стваральную творчую дзейнасць цесна спалучаў з грамадскай. Яго шматлікія зборнікі вершаў і паэм атрымалі ўсеагульнае прызнанне. За выдадзеную на рускай мове кнігу “Нарочанские сосны” Яўгену Іванавічу прысудзілі Ленінскую прэмію – найбольшае прызнанне яго заслуг за важкі ўклад у развіццё ўсёй савецкай літаратуры. Наш знакаміты зямляк – Герой Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, залатым медалём “Барацьбіту за мір”… Важна і наступнае. Па ўспамінах многіх людзей, якую б пасаду Максім Танк не займаў, – галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”, старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыні Вярхоўнага Савета БССР – ён заўсёды заставаўся даступным для людзей, простым і шчырым, гатовым падтрымаць чалавека, прыйсці на дапамогу.

Мне ўспамінаецца апошні прыезд Максіма Танка на Мядзельшчыну. Было гэта напрыканцы 1994 года. На той час вялікага песняра ўжо даймалі хваробы. Відаць, ён адчуваў, што яго місія на гэтым свеце пакрысе набліжаецца да завяршэння, і вырашыў яшчэ раз пабываць на Бацькаўшчыне, якая заўсёды надавала моцы і аптымізму, крыху падсумаваць у шчырай бяседзе са сваімі землякамі творчыя набыткі. У нечым гэта нагадвала развітальную песню жорава, адлятаючага за небакрай. І хаця той восеньскі вечар не быў звязаны з ніякім юбілеем, людзі перапоўнілі прасторную канцэртную залу тагачаснай дзіцячай музычнай школы, многія стаялі на праходах ля акон і дзвярэй. Разам з Яўгенам Іванавічам са сталіцы прыехалі доктар філалагічных навук Вячаслаў Рагойша, крытык Генадзь Шупенька, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч… З ёй мы бачыліся нядаўна і за кубачкам гарбаты ўзгадалі тую памятную для мно­гіх мядзяльчан літаратурна-музычную вечарыну.

- Тады, па дарозе з Мінска, – дзеліцца Марыя Георгіеўна, – спачатку заехалі ў Пількаўшчыну, на бацькоў­скі падворак Максіма Танка. Яўген Іванавіч вадзіў нас у старую ха­ту, у якой ён нарадзіўся, а зараз багата напоўненую кніж­камі, дасціпна жартаваў. Побач з ёй стаіць і новая, дзе пражываў яго брат Фёдар з жонкай. Яны і за­прасілі ўсю нашу кампанію, як гэта заведзена ў гасцінных беларусаў, пераку­сіць. На стале, накрытым ільняным абрусам, стаялі вясковыя стравы – бульба і тушаная капуста, агуркі ды каўбаса. З нагоды такой адметнай па­дзеі ўзялі нават па чарачцы самагону. Аднак доўга на хутары не затрымліваліся, бо маглі спазніцца на сустрэчу. На вечары Максім Танк чытаў збольшага творы са свайго апошняга зборніка “Мой каўчэг”, які толькі-толькі выйшаў у свет, з ахвотай адказваў на пытанні залы. І ўсё – мудра, сардэчна, добразычліва. На сцэне і ў зале панавалі шчырасць і ўзаемаразуменне. Адчувалася, што на малой радзіме цудоўна падрыхтаваліся да сустрэчы з вялікім Песняром. Мела слова на тым вечары і я, прачытала некалькі вершаў Яўгена Іванавіча. У іх ліку – і пра маці, на пяці­крылай далоні якой “выраслі мы, наш хлеб, нашы песні”. Альбо давайце ўзгадаем іншыя яго радкі, па-мастацку глыбокія, таленавіта вымалёўваючыя гаротны жаночы лёс:

Асенні вечар гасне ў хаце.

Пляце, задумаўшыся, маці

Вянкі цыбулі залатой.

А з успамінаў перад ёй

Жыццё ўстае, што праляцела

І непагодай прашумела

Над гэтай хатаю старой,

Над яе доляй, над зямлёй…

Цыбуля ж горкая такая,

З вачэй аж слёзы выціскае.

Ці вось такія красамоўныя і пранізлівыя словы наконт незайздроснай адзіноты многіх старых людзей на вёсцы, якія не згубілі сваёй вострай актуальнасці і сёння, хоць і напісаны тры дзесяцігоддзі таму:

- Як жывецца, бабуля Агата?

- Ніштавата, сынок, ніштавата.

Толькі паразляталіся дзеці

Па далёкіх паселішчах дзесьці.

Да сябе клічуць у пераведы.

Ды куды я, старая, паеду

Ад свайго качарэжніка з лавай,

Ад прывычнай вадзіцы і стравы,

Ад сваіх пылянят і дварышча,

Ад жытнёвага шуму-ігрышча,

Ад пагоста, дзе родных нямала,

Дзе сабе месца аблюбавала…

Вось, прысеўшы на прызбе, чакаю:

Мо яшчэ хто з дзяцей завітае.

Хто лепш пра гэта скажа? Бадай, ніхто! А тады было бачна, што спатканне з землякамі яму вельмі падабаецца, Максім Танк расхваляваўся да глыбіні душы, часам вочы яго вільгатнелі, аднак твар заставаўся прыязным і адкрытым. Хаця, як адзначыла пра сябе, і чытанне вершаў, і працяглая сустрэча даваліся паэту цяжкавата. Пра гэта можна было меркаваць і па тым, што ўрач, які сядзеў у зале ў першым радзе крэслаў, у час кароценькіх перапынкаў непрыкметна даваў яму лякарства. Таму, калі на сцэне падыш­-
ла мая чарга ўзяць мікрафон, а хтось­ці з аўдыторыі перад гэтым цікавіўся ў нашага Песняра наконт мэты неспа­дзя­ванага прыезду на Мядзельшчыну, сказала і вось такія словы: Яўген Іванавіч завітаў сюды нават у та­кім стане здароўя, каб аддаць удзячным землякам часцінку свай­го сэрца. І зала дружна заапла­дзі­ра­вала…

- Дадому, – працягвае Марыя Захарэвіч, – мы вярталіся позна, у Мінск патрапілі пасля апоўначы. Максім Танк быў вельмі задаволены, што ўдалося выбрацца ў родны азёрны край, не хаваў свайго добрага настрою. Вечарына яго проста акрыліла, ён усміхаўся, па дарозе расказваў розныя вясёлыя гісторыі. Народны паэт быў шчаслівы! Па прыездзе ў сталіцу, дапамаглі Яўгену Іванавічу занесці ў кватэру пачастункі, якія даў яму ў дарогу брат Фёдар, сувеніры, уручаныя землякамі. Максім Танк надзвычай цёплpа з намі развітаўся, шчыра па­дзякаваў за сумесную паездку. З год таму мне давялося пабываць ля магілы Максіма Танка і яго жонкі Любові Андрэеўны ў Новіках, на радавым хутары Песняра ў Пількаўшчыне. А нагода была такая: таленавіты тэлежурналіст Уладзімір Субат здымаў сваю чарговую перадачу пра вяскоўцаў, іх жыццё і побыт…

Адным з найбольш памятных народная артыстка Марыя Захарэвіч лічыць творчы вечар у Доме літаратара па кнізе Максіма Танка “Дарога, закалыханая жытам”.

- Наогул, – апавядае Марыя Георгіеўна, – для многіх акцёраў гэты дом быў пасля тэатра на першым месцы. У ім праходзілі прэзентацыі новых кніг, якія называліся “паэтычная пятніца”, з удзелам артыстаў. На той раз мы падрыхтавалі паэтычную кампазіцыю, у ліку іншых акцёраў была і Галіна Бальчэўская, наша зямлячка з Будслава. Мы з ёй спявалі народныя песні, чыталі вершы:

Калі трэба была песня -

Ні ў чые не грукаў дзверы.

Я яе знаходзіў дома,

Як пад лаваю сякеру,

Як у прыпечку – цяпельца,

У сальніцы – жменю солі,

На дрывотні – кій дарожны,

Жаўрука – на родным полі.

А калі зноў песні буду

Я патрэбны, добра знаю:

Мяне знойдзе яна ў хаце

Ў тым жа Нарачанскім краі

Ці за плугам, ці ў дарозе,

Ці ў дуброве рана-рана,

А не знойдзе – хай пакліча.

Я і з-пад кургана ўстану.

Вечар удаўся на славу, Максім Танк расчуліўся, запрасіў нас у кафэ Дома літаратара. Там асабліва нічога не было, Яўген Іванавіч частаваў усіх чырвоным шампанскім, у якое мы мачалі сітны хлеб і з апетытам елі. Тым не менш, было радасна і весела: нас аддзячвае сам Максім Танк. Пасля гэтага ён пры сустрэчы са мной заўсёды з цеплынёй казаў: “А, мая зямлячка!”, пачаў дарыць свае кніжкі з цёплымі аўтографамі. Ёсць сярод іх і такі: “Дарагой Марыі Захарэвіч з найлепшымі пажаданнямі і ўдзячнасцю за яе непаўторнае мастацтва”.

У гутарцы Марыя Георгіеўна зазначыла, што пры жыцці яна не часта бачылася са знакамітым Максімам Танкам. Аднак не-не, ды і выпадалі сумесныя паездка ў Маскву на саюзнае мерапрыемства альбо ўдзел у рэспублікан­скіх урачыстасцях. Адна з іх прысвячалася юбілею ўз’яднання беларускага народа, праходзіла ў оперным тэатры. У прэзідыуме сходу, разам з кіраўнікамі рэспублікі быў і Максім Танк, некаторыя іншыя пісьменнікі.

- Мяне даволі часта запрашалі выступіць на розных “высокіх” пасяджэннях, – расказвае Марыя Захарэвіч. – Канечне, рыхтавалася да іх заўсёды сур’ёзна. Раней ніхто з нас з паперак не чытаў, усё вучылася на памяць. І не дай Бог было збіцца з тэксту, памыліцца! Тады, апрача ўсяго іншага, знайшла цудоўны верш Яўгена Іванавіча, у якім расказваецца, як да яго ў астрог прыходзіць дзед і прачытала гэта “Спатканне” са сцэны:

- Ну што ж, кажы, што ў вас чуваць? -

Пачаў стары пра сенажаць,

Успомніў жыта і авёс…

А вочы… мокрыя ад слёз…

На мой погляд, мы нярэдка не цэнім таго, з якімі людзьмі бачымся, сустракаемся, можам іх паслухаць, пагаварыць, зрабіць здымак на памяць. Думаем, яшчэ будзе час, адкладваем многае на потым. Альбо саромеемся патурбаваць. Маўляў, можа чалавек працуе, можа ён заняты. Таму і не звонім, баімся пагрукаць у дзверы. Аказваецца, не трэба гэтага палохацца, бо час ляціць, людзі нас пакідаюць. Незваротна! Да такой высновы прыйшла яшчэ раз, калі з пісьменніцай Нінай Загорскай завіталі да хворага Максіма Танка ў апошні год яго жыцця. У кватэры якраз быў урач, а калі ён пайшоў, у нас завязалася ажыўленая гутарка. Мы адказалі на пытанні, якія цікавілі Яўгена Іванавіча. Потым ён чытаў нам толькі што напісаныя вершы, прысвечаныя сваёй жонцы Любові Андрэеўне. Для нас тым днём выпаў вялікі дарунак: велічны Танк аказаў нам столькі ўвагі, прабавіў з намі багата часу. Думаецца, і яму гэта таксама патрабавалася, бо пры развітанні выказаў задаволенасць такой вось нязмушанай сустрэчай, мы яго пакінулі ў добрым настроі. Ды і ў нас так хораша стала на душы. Таму пасля таго выпадку пераканана: многія жыццёвыя справы трэба спяшацца рабіць, не адкладваць іх на заўтра, каб потым не шкадаваць…

У кожнага адметнага талента свой лёс, свая дарога. І можна лічыць удалай заканамернасцю, што жыццё і творчасць Максіма Танка надзвычай моцна знітаваны з Нарачанскім краем. Мноства яго вершаў прысвечана роднай Мя­дзельшчыне:

Ёсць такая зямля: дзень адзін пражывеш,

І адступяць ліхія нягоды,

Будзеш марыць аб ёй, будзе сніцца табе,

Будзеш помніць яе ты заўсёды…

Некаму можа падацца, што ў гэтым нарысе прыведзена зашмат паэтычных радкоў Яўгена Іванавіча. Але ж праўда і тое, што аб’ектыўную ацэнку творчасці лепш за ўсё даваць па першакрыніцы. Мяркую, чым больш мы будзем чытаць творы Максіма Танка, тым больш станем усведамляць, які ў нас велічны зямляк – Волат паэтычнага свету. Зразумеем і тое, што мы застаёмся ў вялікім даўгу перад Песняром. Не створана пакуль, на жаль, ні яго добрага музея, ні яго велічнай скульптурнай выявы, месца якой не дзе-небудзь, а мена­віта на беразе сінявокай Нарачы, якую ўславіў на ўвесь белы свет у сваёй творчасці наш геніяльны Максім Танк.

Павел ЖУКАЎ.

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Сакавік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Лют    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Фотападарожжа

від на Мядзел _dsc1133-3 на Блакітных азёрах        0-170

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси