2010: параметры развіцця вызначаны

ПЕРАДАПОШНІ дзень мінулага снежня ў грамадскім жыцці нашага азёрнага краю адзначыўся правядзеннем XXVII сесіі раённага Савета дэпутатаў XXV склікання. Адметнасць яе ў тым, што народныя абраннікі Мя­дзельшчыны не толькі абмеркавалі вынікі работы народнай гаспадаркі рэгіёну за 2009 год, але і прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2010 год, раённы бюджэт. Адным словам, як нам належыць  папрацаваць, каб забяспечыць далейшае ўстойлівае развіццё народнай гаспадаркі, дастойна завяршыць пяцігодку. Для гэтага, як вынікала з уступнага выступлення старшыні райвыканкама Аляксандра Іванавіча Даніленкі, усім кадрам давядзецца шчыраваць на даручаных участках з поўнай аддачай сіл. Прытым, неадкладна, пачынаючы з сённяшняга дня! Мі­ні­мальны прырост ва ўсіх сферах вытворчасці ў новым годзе павінен скласці 12-14 працэнтаў. Што датычыцца аграпрамысловага комплексу, то найперш сітуацыю трэба выпраўляць у жывёлагадоўлі, бо наяўныя паказчыкі, акцэнтаваў Аляксандр Іванавіч увагу кіраўнікоў кааператываў, не могуць задаволіць. Бюджэт па-ранейшаму будзе мець сацыяльную накіраванасць. З улікам жа неабходнасці хутчэйшага пераадолення негатыўных наступстваў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, а таксама таго, што ліш­ніх грошай няма, усім давядзецца жыць ашчадна, па сродках.

Затым з дакладам па першым пытанні парадку дня сесіі – аб выніках работы народнай гаспадаркі раёна за 2009 год і прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2010-ы – выступіў намеснік старшыні райвыканкама Леанід Сцяпанавіч Берняковіч. Ён адзначыў, што за справаздачны перыяд удалося захаваць і развіць станоўчыя тэндэнцыі ў рэальным сектары эканомікі. Выкананне важнейшых прагнозных паказчыкаў дазволіла вырашаць пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва. У раёне выкананы ўсе асноўныя нарматывы дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Не абышлося, на жаль, і без істотных недапрацовак. Так, два прадпрыемствы знізілі аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі: філіял “Нарацкі завод напіткаў” на 535 мільёнаў рублёў, прыватнае унітарнае прадпрыемства “Хлебапёк” – на 86 мільёнаў рублёў. Не справіліся яны і з заданнем па выпуску спажывецкіх тавараў. А вось на унітарным прадпрыемстве “Ілаўскае” аб’ём вытворчасці да ўзроўню 2008 года ўзрос на 727 мільёнаў рублёў.

На 1 снежня 2009 года на складах прадпрыемстваў раёна знахо­дзілася прадукцыі на 0,9 мільярда рублёў, што склала 55,2 працэнта да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці пры нарматыве – 40. Найбольшыя яе запасы меліся ў філіяле “Нарацкі завод напіткаў” – на 614 мільёнаў рублёў. Што датычыцца асноўных прычын невыканання прагнозных паказчыкаў па тым жа “Хлебапёку”, то гэта – зношанае тэхналагічнае абсталяванне, недахоп уласных абаротных сродкаў, неканкурэнтаздольнасць прадукцыі па якасці і цане. У 2010 годзе тут плануецца павялічыць аб’ёмы вытворчасці за кошт абнаўлення асартыменту хлебабулачных вырабаў з прымяненнем чатырохстадыйнай тэхналогіі, набыцця новага абсталявання ў цэх хлебапячэння. Гэта дазволіць значна палепшыць якасць прадукцыі. А працяг работ па рэканструкцыі кацельні з пераводам яе на прыродны газ дазволіць зэканоміць напалавіну расход паліва-энергетычных рэсурсаў і на 30 працэнтаў павялічыць аб’ёмы вытворчасці, асвоіць выпечку кандытарскіх вырабаў з пясочнага паўфабрыкату, мучных прысмакаў, рулетаў з рознымі начынкамі і атрымаць дадаткова 86 мільёнаў рублёў.

Далейшае развіццё, згодна прагнозных паказчыкаў на 2010 год, атрымаюць аграпрамысловы комплекс, іншыя галіны народнай гаспадаркі раёна. Будзе ўведзена ў эксплуатацыю жылых дамоў агульнай плошчай 32 тысячы квадратных метраў. Мяркуецца асвоіць 160 мільярдаў рублёў інвестыцый, што дазволіць забяспечыць выкананне пяцігадовай праграмы на ўзроўні 202,8 працэнта пры прагнозе – 198,5-215,5. Вялікія перамены чакаюць унітарнае прад­прыемства “Ілаўскае”, дзе актыўна вядзецца мадэрнізацыя вытворчасці. Дастаткова сказаць, што агульны аб’ём інвестыцый там складзе 8,8 мільярда рублёў. Яш­чэ большыя яны прадугледжваюцца ў Нарацкім філіяле ААТ “Ма­ладзечанскі малочны камбінат”, санаторыі “Спадарожнік”. Рознічны тавараабарот праз усе каналы рэалізацыі плануецца давесці да 150 мільярдаў рублёў, што дазволіць перавыканаць пяцігадовую праграму. Гэта стане магчымым дзякуючы далейшаму развіццю сеткі гандлю і грамадскага харчавання: будаўніцтву новых магазінаў, ка­фэ, удасканаленню форм і метадаў абслугоўвання насель­ніцтва за кошт развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы, укаранення прагрэсіўных метадаў работы.

Сур’ёзныя зрухі да лепшага чакаюцца ў сферы платных паслуг. Найбольшую ўдзельную вагу ў ёй займаюць санаторна-аздараўленчыя – 56,5 працэнта. У бытавым абслугоўванні прыярытэтнымі стануць паслугі рамонтна-ўзнаўленчага характару, па вырабу сучасных акон. Плённы працяг атрымае і работа па ўдасканаленні транспартных, жыллёва-камунальных, турысцка-экскурсійных паслуг, а таксама паслуг сувязі.

Аб раённым бюджэце на 2010 год праінфармаваў начальнік райфінаддзела Леанід Паўлавіч Малец. Коратка спыніўшыся на папярэдніх выніках выканання леташняга бюджэту, ён паведаміў дэпутатам і запрошаным пра ўмовы распрацоўкі і асаблівасці фарміравання яго праекта на новы год. Пры гэтым улічваліся змены ў падатковым заканадаўстве, параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2010 год, дадзеныя Мі­ністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, стаўка падатку на дабаўленую вартасць павялічваецца да 20 працэнтаў. У той жа час адмяняюцца збор у рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, харчавання і аграрнай навукі па стаўцы 1 працэнт выручкі ад рэалізацыі прадукцыі; падатак на набыццё аўтатранспартных сродкаў, мясцовы падатак з продажу тавараў у рознічным гандлі; мясцовыя зборы з карыстальнікаў за паркоўку (стаянку) транспартных сродкаў у спецыяльна абсталяваных месцах.

Даходы бюджэту раёна на 2010 год без уліку бязвыплатных паступленняў прагназіруюцца ў суме 23 мільярды 321,7 мільёна рублёў – з ростам на 101,2 працэнта да чакаемага выканання за 2009 год. Асноўнымі крыніцамі даходаў бюджэту працягваюць заставацца наступныя падаткі: падаходны з фізічных асоб – 42 працэнты ад агульнай сумы, на дабаўленую вартасць – 17,6 працэнта, на прыбытак і даходы – 10,3 і на ўласнасць – 8,1 працэнта.

На ўзроўні абласнога Савета дэпутатаў мяркуецца ўвесці збор на развіццё тэрыторыі, які будзе вылічвацца ў памеры 3 працэнтаў ад прыбытку, які застаецца ў распа­­ра­джэнні прадпрыемства. Ён цалкам цэнтралізуецца на ўзроўні абласнога бюджэту. А яшчэ – збор з нарыхтоўшчыкаў у памеры 5 працэнтаў падатковай базы і падатак на паслугі ў памеры 5 працэнтаў ад рэалізацыі іх. Сума, якая прагназіруецца, складзе адпаведна 29,2 і 230,9 мільёна рублёў. Уся яна, за выключэннем падатку на паслугі сотавай рухомай электрасувязі, залічваецца ў бюджэт раёна. Як і падатак, які ўводзіцца на абласным узроўні за ўтрыманне сабак у кватэрах.

Асноўныя задачы ў галіне палітыкі расходаў бюджэту ў 2010 годзе – захаванне дасягнутага ўзроўню сацыяльных паслуг, падтрымка рэальнага сектара эканомікі. Асігнаванні на фінансаванне галін сацыяльнай сферы і мерапрыемстваў па сацыяльнай абароне насельніцт­ва вызначаны ў суме 38 мільярдаў 853 мільёнаў рублёў, што складае 72,4 працэнта ад агульных расходаў. Пры іх планаванні на ўтрыманне сацыяльна-культурных арганізацый перш за ўсё ставілася задача забяспечыць неабходнымі фінансамі абароненыя артыкулы: заработная плата, харчаванне, лекавыя сродкі, трансферты і камунальныя паслугі.

Аб’ём бюджэтных сродкаў на ахову здароўя вызначаны на 2010 год у суме 11 мільярдаў 706 мільёнаў рублёў, на адукацыю – 21 мільярд 366 мільёнаў рублёў, што на 9,7 працэнта больш узроўню мінулага года, на сацыяльную палітыку – 3 мільярды 3,5 мільёна рублёў, на культуру і сродкі масавай інфармацыі – 2 мільярды 356,2 мільёна рублёў, на фізічную культуру і спорт – 351,6 мільёна рублёў. На аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі найменш абароненым катэгорыям насельніцтва, якія маюць даходы ніжэй гарантаванай часткі бюджэту пражытачнага мінімуму, прадугледжваецца 184,6 мільёна рублёў, забеспячэнне бясплатным харчаваннем дзяцей першых двух год жыцця – 295,6 мільёна рублёў. Значныя сумы таксама прадугледжаны на пакрыццё розніцы ў цэнах на рэалізуемае насельніцтву паліва – 800 мільёнаў руб­лёў, на добраўпарадкаванне населеных пунктаў – 2 міль­ярды 630,4 мільёна рублёў, на фінансаванне расходаў па жыллёва-камунальнай гаспадарцы -
7 мільярдаў 286,9 мільёна рублёў, на ахову навакольнага асяроддзя – 323,9 мільёна рублёў…

У спрэчках па дакладах прынялі ўдзел старшыня праўлення СВК “Занарацкі” Пётр Уладзімі­равіч Каўрус і старшыня Сваткаўскага сельскага Савета дэпутатаў Вера Уладзіміраўна Хацяновіч. Яны адзначылі, што 2009 год у цэлым склаўся спрыяльна, спыніліся на задачах, якія стаяць перад вытворчымі калектывамі, народнымі абраннікамі на бліжэйшую перспектыву і заклікалі дэпутатаў зацвердзіць бюджэт раёна на 2010 год. Што і было зроблена аднагалосна. Сесія таксама прыняла рашэнне аб пераўтварэнні некаторых населеных пунктаў ў аграгарадкі.

Мела слова і старшыня раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” С. Л. Маслоўская. Святлана Лявонаўна ўручыла членскі білет старшыні райвыканкама А. І. Даніленку. Аляксандр Іванавіч па­дзякаваў ёй за аказаны давер, падкрэсліўшы, што рашэнне наконт уступлення ў рады аб’яднання прыняў усвядомлена, а гэты яго крок можа стаць добрым прыкладам для іншых, бо ўсе мы за моцную і квітнеючую Беларусь!

Павел ЖУКАЎ.



06 Студзень 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

0-178 возера Глубелька 223_ Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела