Біяграфія майго двара

Брат

resize-of-s6303012Мой брат, з якім мы разам выраслі, хадзілі ў адну школу, мелі агульных бацькоў-беларусаў  – маіх твораў на роднай мове не разумее. Праўда, з таго не вельмі сумуе. Толькі дзівіцца, як гэта я спадобіўся да беларускай мовы. Зрэшты, і я напачатку не быў шчырым беларусам і маю ва ўласным архіве некалькі агульных сшыткаў з  “рускімі” вершамі. Пэўна каб у нашых умовах прыхінуцца да роднай мовы, трэба яшчэ і нейкае шанцаванне… Як мне, калі пераехаў пасля атрымання журналісцкай прафесіі жыць і працаваць у Нарачанскі край, на радзіму Максіма Танка. Ці проста ў першых імгненнях стварэння Сусвету ўжо было закладзена, каму цурацца радзімы, а каму не?!/p>

Славік

Памятаю яго яшчэ дашкольнікам. І найперш з-за дзівацтваў. Славік часам прагна грыз сырую бульбу, а яшчэ без усялякай для сябе шкоды мог засунуць цвік у электрычную разетку. Апошняга  я, старшакласнік, вядома, паўтарыць не рашаўся і толькі дзівіўся: чаму тут не спрацоўваюць законы фізікі?!  Прайшлі гады. Я пасівеў, зрабіўся дзядулем для сваіх унукаў. А Славіка даўно ўжо няма на гэтай зямлі. Празаічна адышоў у лепшы свет па прычыне залішняй любові да зялёнага змея, хаця быў з нармальнай “цвярозай” сям’і. Нічога не пакінуў пасля сябе: ні ўласнага дома, ні дрэва, ні сына… Дык што не дазволіла выспець у хлапчуковай душы здароваму жыццёваму стрыжню?! Мо ўсё ж не варта было яму тыркаць цвікі ў разетку, думаю я часам з сумнай іроніяй…

Штабікі

Мой бацька, чалавек практычны, вельмі абураўся жанчынамі, якія ўлетку кожны дзень выходзілі пад вечар пасядзець на лаўцы каля пад’езда, каб абмяняцца навінамі, перамыць косці суседзям. Пляткарак называў ёмкім словам “штабікі”. Меркаванні таго “штаба” не вельмі яго краналі і не ўплывалі на паводзіны, ды ўсё ж бурчаў: “Лепш за парадкам у кватэры сачылі б!”. Уставаў ён рана, у пяць гадзін, каб паспець дабрацца да аўтагаража і падрыхтавацца да чарговага рэйса. А па заканчэнні змены, калі яго “ПАЗік” паслухмяна станавіўся на адпачынак у адзін рад з іншымі машынамі, дадому не спяшаўся. Любіў кульнуць з напарнікам чарку-другую, здаралася, і залішне. Тады ўвечары  “штабікі”, паківаўшы галовамі, моўчкі праводзілі бацьку позіркам, і ў які раз пачыналі шкадаваць маці і нас, дзяцей. У іх сем’ях усё было ў парадку. Пакуль…

Пецін

Не ведаю, чаму яму далі гэту мянушку. Але запомнілася з маленства адно: яго выява ў акне першага паверха. Пецін пайшоў на пенсію рана, па нейкай ільгоце. Хобі не меў, акрамя штодзённага дзяжурства  ля свайго акна. Выходзіла яно ў двор, і Пецін бачыў няшмат цікавага: жыхароў пад’езда, іх гасцей, выпадковых прахожых. Ды нашы футбольныя баталіі, што, бывала, завяршаліся голам у Пеціна акно. Так ляцеў год за годам. Паміралі суседзі, іх замянялі новыя жыхары. З часам на яго акне з’явілася металічная рашотка, першая ў доме. Ды толькі ў футбол у двары даўно ўжо ніхто не гуляе… Дзверы пад’езда з цягам часу памянялі на кодавыя, і дом, з якога я даўно з’ехаў, канчаткова стаў чужым, быццам далёкая планета. Толькі Пецін заставаўся яшчэ сядзець ля акна… Мне  здаецца, што ён і цяпер там – нястомна працягвае ахоўваць двор майго дзяцінства. А хто ж, акрамя яго?!

Рыжы

У наш дом ён пераехаў праз шмат год пасля засялення. Звалі мы яго пра сябе “рыжы”, за пэўны колер валасоў, хаця хлопец меў нармальнае імя Толік. Пра мінулае Толіка мала што ведалі, хіба што ў войску папсаваў здароўе. Быў ён  чалавекам скрытным і маўклівым. Ажаніўшыся, скардзіўся пасля пры чарцы, што сямейнае жыццё не склалася, бо жонцы, якую ўзяў з дзіцём,  была патрэбна найперш яго кватэра. Захапляўся  шахматамі і рыбалкай. А яшчэ футболам.  Калі ішлі на школьны стадыён, абавязкова клікалі і яго -  лепшага абаронцу цяжка было адшукаць! Мы ўсе імкнуліся хутчэй забіць мяч, а Толік цярпліва падчышчаў нашы пралікі і ніколі не выказаў жадання паў­дзельнічаць у атацы. Як цяпер разумею, у калектыўнай справе ён браўся за тое, што ўмеў рабіць найлепш. І меў, рэдкі на сёння, талент – усведамляць гэта.

Школа

Школа мая месцілася прама ў двары, нават чуваць было,  як звініць званок. І тым не менш, нярэдка спазняўся на першы ўрок. Тыя, хто жыў значна далей,  даўно ўжо сядзелі за партамі, а я мітус­ліва збіраў пашарпаны ранец, а потым праз прыступку скакаў па лесвіцы і засопшыся падлятаў да дзвярэй свайго класа.
Калі першым урокам была нямецкая ці беларуская мова, што, зрэшты, для нас з’яўлялася аднолькавай бядой, лічыў невялікім грэхам прагуляць заняткі, прыдумаўшы нейкую прычыну. З усіх прадметаў найбольш любіў грамадазнаўства, ведаў на памяць амаль усе сталіцы свету. Толькі вось за жыццё ні ў адной з іх ніколі не пабываў… Замяняе ўсё тэлеканал  “National Geographik”. Ды толькі гэта як мёд праз шкло нюхаць…

Хакей

Мы з братам з малых гадоў захапля­ліся хакеем. І калі праходзіў чэмпіянат свету альбо зімовая алімпіяда, не адрывалі вачэй ад старэнькага “Нёмана”. Фірсаў, Харламаў, Міхайлаў, Пятроў… Шчыра прызнаюся, прозвішчы вядучых ігракоў зборнай СССР ведалі значна лепш, чым палітычных дзеячаў ці гістарычных і літаратурных персанажаў. А на-заўтра, набраўшыся імпэту пасля чарговага матча, збіраліся ў двары і прама на тратуары, без канькоў і спартыўнай амуніцыі, разыгрывалі хакейныя баталіі з аднагодкамі. Эмоцый было не менш чым у нашых дарослых куміраў. І толькі ўсведамленне таго, што зноў пападзе ад бацькоў за падраныя чаравікі, азмрочвала крыху агульную карціну. Кажуць балельшчыкі са стажам: не той цяпер хакей, не тыя эмоцыі. Зіхацяць лядовыя палацы, вабіць вока сучасная форма. А вось не хапае нечага, быццам у супе хлеба… Ці проста гэта  мы ўжо не тыя?

Маці

Жыла яна толькі пражэктамі. Ні аднаго, праўда, так і не давяла да лагічнага завяршэння. Прыгадваю шматлікія выкрайкі, узятыя, здаецца, з часопіса “Сялянка”, а яшчэ мноства адрэзаў матэрыі, пачынаючы ад паркалю да крэпдэшыну, раскладзеныя па шуфлядах яшчэ пэўна даваеннага камода. Быў у нас і сапраўдны рарытэт – швейная машынка “Зінгер”, якую маці берагла як зрэнка вока. Зноў жа, нічога так і не пашыла за сваё жыццё… Маці падсвядома  цягнулася да хараства, няхай і не атрымоўвалася стварыць яго самой. Нават імя па бацьку мела непаўторна-прыгожае – Нарцызаўна.  Ляжыць цяпер на Елісееўскіх могілках: па адзін бок імклівая шаша, па другі – высокая сцяна лесу, які любіла з маленства і дзе збірала зёлкі ад усялякіх хвароб. Пах тых зёлак адчуваю і зараз – ён быццам прабіваецца праз таўшчыню часу: каб вылечыць маю, зачарсцвелую ад часу, душу.

Лаўка

Дзіва, але ля пад’езда і цяпер стаіць лаўка з надзейнымі, непадуладнымі часу сталёвымі нагамі. Колькі людзей пераседзела на ёй, колькі спадзяванняў і мар даверана! І я колісь нясмела абдымаўся там летнімі вечарамі з сінявокай дзяўчынай Таццянай – маёй будучай жонкай, чытаў ёй свае паэтычныя прызнанні. Мо варта падзякаваць камунальнікам, што захавалася, не выкінулі на сметнік?! Шмат разоў рамантаваная, абшарпаная ўшчэнт, яна, бадай, даражэйшая за ўсе каштоўнасці свету – бо прыняла ў свой час маю абранніцу і благаславіла нас на доўгае і, рызыкну сказаць, усё ж шчаслівае жыццё пад адным дахам.

Чыгунка

Чыгунка праходзіла ад нашага дома параўнальна недалёка – кіламетр з паловай, не больш. Уначы, калі сціхаў гарадскі шум, было добра чуваць, як грукацелі колы грузавых і пасажырскіх цягнікоў на стыках сталёвых рэек, як краналася з характэрным  шумам ад вакзала электрычка. Здавалася, што цягнікі  быццам прыходзяць з іншага вымярэння і потым імкліва знікаюць у невядомым сусвеце. У гэты сусвет я і накіраваўся аднойчы ў пошуках нечага лепшага. Каб успамінаць потым усё жыццё непаўторны і такі балючы для сэрца пах прасмаленых шпалаў майго дзяцінства.
Аляксандр БЫКАЎ.



09 верасня 2011.   Каментарыі: Адзін камэнтар.    Размешчана ў Гісторыя

Да запісу Адзін камэнтар

Здравствуйте. Замечательная статья, всей семьёй читали. Давно такого не было в газете. Иногда надоедает читать сколько молока надоили, сколько капусты собрали…. А так легко, жизненно, юморно, Штабики нас сразили))).

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        Царква ў Крывічах 223_ лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела