У Будславе жыве Соф’я Грышкевіч — сваячка Паўліны Мядзёлкі

resize-of-15Духмяны і спелы жні­вень нібы падводзіць рахунак шчодраму лету. Пах садавіны і гародніны, кветак і раслін змешваецца з няўлоўным пахам восені, якая жоўтым лісточкам, павуцінкай вітаецца з наваколлем. Прыгожа ў гэты час на зямлі, утульна і зацішна ў вёсцы Будслаў.
Гістарычна слаўная мя­с­ціна, дзе вуліцы і дворы­кі хаваюць шмат цікавага, памятаюць падзеі мінулых гадоў і тых, хто тут калісьці жыў, пакінуў свой след у памяці на­шчад­каў. Расказаць пра ўсё могуць толькі сведкі, якіх засталося няшмат. Так хочацца не размінуцца з імі, пакуль яны – жывая повязь сучаснага з мінулым.
Адна са старасвецкіх вуліц пад назвай “Зялёная” вядзе ад касцёла ўздоўж ракі Сэрвач і сустракае зеленню, палітрай фарбаў у кветніках, цішынёй і спакоем. Домік № 10 зялёны, як і назва вуліцы, адметны ў гісторыі не толькі мястэчка, але і Беларусі. Тут нарадзілася, доўгі час жыла і памерла Паўліна Вінцэнтаўна Мядзёлка – заслужаны дзеяч культуры Беларусі, артыстка, пісьменніца, настаўнік. Яна ўвайшла ў гісторыю беларускага тэатра як першая выканаўца ролі Паўлінкі ў аднайменнай п’есе Я. Купалы. Яе звязвала сяброўства з аўтарам твора, а таксама са З. Бядулем, Цёткай, М. Гарэцкім, Ш. Ядвігіным,
У. Караткевічам і іншымі славутымі людзьмі нашай Бацькаўшчыны. Доміку на Зялёнай было наканавана ў якасці гасцей прымаць многіх вядомых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, чуць іх галасы, бачыць постаці і захоўваць мудрасць іх гутарак.
На дагледжаным дворыку, які зіхаціць кветкамі, сустракае, прыязна ўсмі­хаючыся, прыгожая, рухавая гаспадыня Соф’я Мі­хай­лаўна Грышкевіч. Гэта жанчына (гады над ёй не маюць улады) – блізкая сваячка П. В. Мядзёлкі. Яна не толькі доўгі час жы­ла ў адной хаце, адной сям’ёй, але і дагледзела са сва­ім мужам Паўліну Він­цэнтаўну і яе маці да самых апошніх дзён жыцця.
Соф’я Міхайлаўна запрашае ў пакоі. Усюды выключная чысціня і парадак, многа вазонаў, пахне яблыкамі. Вельмі люблю слухаць гэтага чалавека: яе незвычайна цікавы аповед кожны раз наводзіць на новыя думкі, пачутае гучыць нібы ўпершыню. Жанчына – часты госць у кабінеце беларускай мовы і літаратуры. Будслаўская сярэдняя школа носіць імя П. В. Мядзёлкі, і вучням цікава ведаць усё пра славутую зямлячку і наогул бачыць чалавека, які доўгі час (амаль два дзесяцігоддзі!) жыў і сябраваў з Паўлінай Мядзёлкай, дзяліў радасці і нягоды, праблемы і клопаты, сустракаў святы, прыход зімы, вясны і кожнага дня.
Выклікае цікавасць жы­ц­цё самой Соф’і Міхайлаўны, простай жанчыны з добрым, шчырым сэрцам. Нарадзілася яна ў слынным Мосары (Глыбокскі раён, Віцебская вобласць). Дзіцячыя і дзявочыя гады пражыла побач з касцёлам. Бацька Міхаіл Тофелевіч Мацкевіч слугаваў пры Мосарскім касцёле 57 гадоў, захаваў святыню ў час вайны. Маці Ганна Аляк­сееўна была ўзнагароджана ордэнам “Маці-гераіня”: у сям’і выхоўвалася дзесяць дачок і трое сыноў. Сёння некаторыя з іх жывуць вельмі далёка, у розных мясцінах свету. Бацькі Соф’і Грышкевіч жылі 102 і 100 гадоў і памерлі тут, на Зялёнай, у доме дачкі, ахінутыя яе клопатам і ўвагай.
Муж Соф’і Часлаў Казіміравіч – стрыечны брат Паўліны Вінцэнтаўны, іх матулі былі роднымі сёстрамі. Ён любіў музыку, іграў у духавым аркестры, што арганізаваў у Будславе Антось Іосіфавіч Альшэўскі. Часлаў Грышкевіч прыехаў у Мосар будаваць дом для касцёла і ў 1957 годзе ажаніўся з прыгажуняй Зосяй, прывёз яе ў Будслаў. Паўліна Мядзёлка ў гэты час з 1947 года жыла з маці на Зя­лёнай, 10. Пасля нялё­гкіх жыццёвых шляхоў яна вярнулася да адзінокай маці на сваю радзіму (ба­ць­ка, мясцовы арганіст, памёр у 1947 годзе). Так як стрыечнаму брату Чаславу не было асабліва дзе жыць (у хаце маці на Чыр­вонай плошчы было цесна), Паўліна пазвала яго з сям’ёй да сябе. З таго часу Соф’я Міхайлаўна назаўсёды засталася гаспадыняй у доме на Зялёнай. Тут нарадзіліся яе дзе­ці – Казімір і Станіслаў. Іх вель­мі любіла Паўліна Він­цэн­таўна (дарэчы, так звалі яе родных братоў), займалася іх выхаваннем. Захаваліся здымкі, дзе яна з малымі пляменнікамі, а на тварах – усмешкі і радасць.
- Яна была як маці, шкадавала Чэся, -  успамінае Соф’я Міхайлаўна, – была за яго старэйшай на 19 гадоў. Жылі дружна, разам харчаваліся, сустракалі гасцей, якія хва­лілі мае стравы. У нас бывалі паэты і пісь­мен­нікі, мясцовыя настаўнікі, вуч­ні Паўліны Мядзёлкі з роз­ных гарадоў. Памятаю добра Валодзю Караткевіча, Галіну Бальчэўскую. Паўліна Вінцэнтаўна вель­мі сябравала з моладдзю, якая любіла і паважала яе. Яна давала ім парады, вучыла жыццю, бо была су­мленнай, справядлівай і добрай.
Час нібы спыніўся ў гэтым пакоі. Пазірае з партрэта строгая жанчына ў класічным убранні. Раяль, на якім фатаграфія Паўліны Вінцэнтаўны, памятае дотык яе пальцаў, і нібы ціхая мелодыя гучыць у хаце, дзе знаходзяцца яе рэчы, стаяць шафа, ложак. Колькі размоў памятаюць гэтыя сцены, размоў пра нацыянальны тэатр і школу, музыку і літаратуру, пра мастацтва наогул. Падумаць толькі, вось тут сядзелі слава і гонар Бацькаўшчыны і пад гукі класічных твораў разважалі пра лёс Ра­дзімы і сваіх сучаснікаў!
Соф’я Міхайлаўна апавядае, як сябравала Паўліна Вінцэнтаўна з сёстрамі Янкі Купалы – Марыяй і Леакадзіяй, з яго пляменніцай – Ядвігай Раманоўскай. Апошняя прыязджала не раз у домік на Зялёнай, дасылала сюды лісты. Сама Соф’я Міхайлаўна таксама цесна сябравала з Ядвігай, якая заўсёды запрашала яе на свята ў Вязынку.
У размове пра асабістае жыццё Паўліны Мядзёлкі ў голасе Соф’і Грышкевіч гучыць шкадаванне: усяго тры гады замужам, і то жыццё паасобку (нялёгкі час, турмы разлучылі з мужам Тамашом Грыбам, які рана памёр).
Соф’і Міхайлаўне пашчасціла жыць побач з аду­каваным, мудрым чалавекам, які многа пабачыў і зведаў у жыцці. А Паўліне Вінцэнтаўне пашчасціла знайсці ў сям’і брата цяпло, ласку, любоў і апору. Праз тры гады пасля смерці сястры памёр муж Соф’і Грышкевіч. Жанчына адна выгадавала сыноў, паставіла на ногі. Зараз адзін жыве і працуе ў Мінску, другі – у Занарачы. Яны выраслі прыстойнымі людзьмі, клапатлівымі сынамі, маюць до­б­рыя сем’і. Часта наведваюць маці, аб гэтым све­д­чыць парадак вакол дома: зацэментаваныя сцежкі, дагледжаная буль­ба, добры агарод.
З двара бачны дуб у канцы сада, які пасадзіла Паўліна Вінцэнтаўна. Ён магутны, высокі, як сім­вал самога жыцця адыходзяць ад яго маленькія дрэўцы. Жыццё не стаіць на месцы і аб гэтым сведчаць два партрэты: на адным – прыгажуня Паўлінка, на другім – сталы чалавек з нялёгкім лёсам, звязаным з культурна-асветніцкай дзейнасцю ў імя Радзімы, беларускасці, сваёй вёскі. Мясцовая моладзь дзякуючы ёй далучалася да куль­турнага жыцця праз драматычны і харавы гурт­кі, якія займалі прызавыя месцы на рэспубліканскіх аглядах. Жывуць і зараз у Будславе вучні Паўліны Вінцэнтаўны, выканаўцы роляў у п’есе “Паўлінка”, якая была пастаўлена пад кіраўніцтвам Мядзёлкі. Але гэта ўжо іншыя лёсы і сведкі працы руплівай асветніцы на карысць роднай вёскі.
Гэтым летам да Соф’і Грышкевіч прыязджала пляменніца Паўліны Мя­дзёлкі (дачка брата Зыгмунта) з Кіева. Шмат было ўспамінаў, наведвалі бліз­кіх на могілках, турбаваліся пра стан магілак.
Сустрэча з самой гісторыяй уражвае і хвалюе незвычайнасцю чалавечых адносін, перапляценнем лёсаў, усведамленнем вартасці па­дзей, якія мелі месца тут быць. Хочацца пажадаць Соф’і Міхайлаўне, жанчыне з маладой душой, здароўя і дабрабыту. Няхай у гэтым доме, на вуліцы Зялёнай, 10, яшчэ доўга-доўга гарыць агеньчык, як і цяпер, як і раней, калі тут жыла вялікая дружная сям’я.

Я. ДЗЕМІДОВІЧ.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры  Будслаўскай САШ імя П. В. Мядзёлкі.
На здымку: С. М. Грышкевіч.

Фота аўтара.



26 жнiўня 2011.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3 Царква ў Крывічах 0-170  возера Мястра

Пабрацімы Мядзела