Ідзе ў Мядзеле “Схватка”

resize-of-sdc18124Вандруючы па прасторах інтэрнэта, натрапіў на сайт з інтрыгуючым загалоўкам “Extreme Club Myadel”. Аказалася, што ён прысвечаны людзям, якія імкнуцца зрабіць жыццё ў нашым горадзе больш актыўным, праводзяць папулярныя ў моладзі гульні, у прыватнасці “Encounter. Схватка”. Гутарым з  ініцыятарам праекта, студэнтам БДТУ Яўгенам Качарго.

- Якая ж агульная ідэя праекта?

- Хоць для многіх назва не зусім зразумелая, мы створаны для тых, каму не абыякавы свой вольны час. Ідэя ў тым, каб людзі, якія выбіраюць актыўны адпачынак, мелі магчымасць знаёміцца адзін з адным, распавядаць пра свае захапленні, кантактаваць у інтэрнэце і рэальным свеце. Ну і плюс прасоўванне горада. Каб ведалі, што Мядзел не толькі славіцца азёрамі, ёсць тут людзі ініцыятыўныя.

- Як з’явілася ідэя праводзіць такія гульні?

- Ішоў да гэтага даўно. Жыў у Мядзеле, тут закончыў школу, зараз вучуся ў  Мінску. Хоць прыязджаю на выхадныя рэдка, але і ў тыя дні было сумна. Падумаў, што нешта трэба стварыць для маладых людзей. Паколькі разам з сябрамі захапляемся машынамі, то меркавалі ствараць аўтама­більны клуб. Аднак вырашылі, што гэта мала каго зацікавіць. А потым пачуў пра такую гульню як “Encounter”, згуляў раз у Мінску. Вырашылі ў Мя­дзеле правесці падобную. У Мінску ў кожную машыну бяруць камп’ютар з выхадам у інтэрнэт, рацыі. У нас, зразумела, усё нашмат прасцей. Трэба было ўстанавіць пра­вілы. Але не гэта было асноўнай складанасцю, а тое, як сабраць народ.

І вось 10 кастрычніка мінулага года звярнуўся да аднакласніка: “Давай паспрабуем”. Ён згадзіўся. Сцэнарый напісалі нескладаны, прадумалі, што ў нас гульня будзе не праз інтэрнэт, а праз тэлефонныя званкі. Гэта зрабі­-
лі, а дзе людзей браць? На першы раз прыехалі знаёмыя з Маладзечна.
Удзельнічалі тры каманды, адпаведна было тры машыны.

- Растлумач сутнасць гульні?

- Асноўная яе ідэя – у выкананні розных заданняў на мясцовасці на час. Даюцца заданні, трэба падумаць, што гэта можа быць, даведацца, дзе ў гора­дзе ці ваколіцах знаходзіцца. І знайсці там код. Пераможцам гульні лічыцца каманда, якая першай завяршае ўсе ўзроўні. Вось, напрыклад, заданне з апошняй гульні: “Месцазнаходжанне гульнявога кода звязана ў нейкай ступені толькі словамі з аднаго з фільмаў, знятых у 1970 годзе рэжысёрам Ула­дзімірам Матылём”. Трэба было здагадацца, што гэта фільм “Белае сонца пустыні”, а значыць, указвае на возера Белае і знайсці там код.

Усе здзіўляюцца, дзе ў Мядзеле падобную гульню можна было зрабіць. Але ў гэтым нічога складанага. Жадаючыя ёсць, але ўпіраецца ў наяўнасць транспарта. Па ідэі, можна ж і пешаходную гульню правесці, але сучасная моладзь такая – шмат хадзіць не хоча.

- На які ўзрост гульня разлічана?

-     Трэба, каб год 18 удзельнікам было.

-     А над пытаннямі для гульні не цяжка працаваць?

-     Пакуль бяру, што прасцей. Скажам, на самай першай гульні было задаванне пад назвай “Свяшчэнныя воды падзямелля”. Трэба было здагадацца, што гэта Віктосева крыніца.

-     У назве праекта прысутнічае слова “экстрым”. Таму заканамернае пытанне: як наконт бяспекі гульняў?

-     Усе яны праводзяцца зараз на самым нізкім узроўні складанасці ўстаноўкі гульнявога кода. Таму ніякай небяспекі не нясуць. Увогуле, лічу, што не абавязкова рызыкаваць жыццём для таго, каб быць экстрэмалам. Па маім меркаванні, усе лыж­нікі, весляры нашага горада таксама зведваюць свой экстрым.

- Гэта работа па арганізацыі гуль­ні, падрыхтоўцы пытанняў і часу вымагае. Не шкадуеш высілкаў?

- Мне гэта проста падабаецца. Інакш бы не займаўся. І нават ад вучобы не адцягвае.

-  Як вас людзі знаходзяць?

-     Пакуль што больш “сарафаннае радыё” дапамагае: хтосьці пагуляў, расказаў іншым, што было цікава. Ёсць свой сайт. У красавіку былі хлопцы з Лотвы, яны знайшлі нас у інтэрнэце. Падабаецца, што тыя, хто падтрымлівае ідэю, не сыходзяць. Ёсць касцяк.

- Яўген, што за прайшоўшы час удалося зрабіць?

-     Правялі ўжо пяць гульняў. Выязджаем на розныя спаборніцтвы – у прыватнасці, аўтамабільныя. Сайт стварылі – гэта своеасаблівая візітоўка. Там можна ўсю інфармацыю пра нас даведацца, паглядзець фатаграфіі.

-     І традыцыйнае пытанне на заканчэнне гутаркі: што ж у планах?

-     Іх шмат. Хочацца арганізаваць гістарычную гульню, можна і па тэрыторыі раёна зрабіць. Але ж, трэба, каб людзей больш было: і для гульні, і каб нехта новыя ідэі змог падкінуць. Плануем пешы паход арганізаваць, а потым, можа, і на веласіпедах.

Гутарыў

Аляксандр ВЫСОЦКІ.



15 жнiўня 2011.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

0-178 Касцёл у Шэметава   лебедзі на Мястры _06-040

Пабрацімы Мядзела