…І справілі энергетыкі наваселле

resize-of-pa040004

З ПРЫЎЗНЯТЫМ настроем сустракаюць сваё прафесійнае свята работнікі Нарацкага аператыўна-эксплуатацыйнага пункта. А чаму б і не? Як расказаў старшы майстар У. М. Шаранговіч, вытворчыя заданні яны выконваюць. Сёлета не было сур’ёзных збояў з падачай электрычнасці спажыўцам. Хаця працаваць даводзіцца ў напружаным рытме.

- Паслабляцца няма калі. За нашым калектывам замацавана 176 кіламетраў электраліній напружаннем 0,4 кВ і 190 кіламетраў напружаннем 10 кВ, – зазна­чае Уладзімір Мікалаевіч. – Дзве магутныя трансфарматарныя падстанцыі напружаннем 35 кВ (у вёсцы Занарач і курортным пасёлку Нарач), шмат дробных. Фактычна мы абслугоўваем элект­рычныя сеткі, якія знаходзяцца на тэрыторыі СВК «Занарацкі», ААТ «Нарацкая ніва-2004», ПСГ НП «Нарачанскі» і, вядома, усяго курортнага рэгіёну. Адказнасць вялікая. Разумеюць гэта людзі, а таму даручаную справу імкнуцца выконваць якасна і ў вызначаны тэрмін. Усе работы па прафілактыцы, эксплуатацыі і рэканструкцыі ліній электраперадач праводзяцца згодна з планам-графікам.

Старшы майстар расказаў, што калектыў невялікі, але вопытны, дружны і працавіты. Кожны гатоў прыйсці на дапамогу таварышу. Скажам, вадзіцель-электраманцёр Часлаў Браніслававіч Шчыт працуе тут з 1979 года, майстар Аляксандр Гвідонавіч Даткевіч – з 1983.

- Гэтыя хлопцы вызначаюцца руплівасцю. Толькі добрае магу сказаць пра электраманцёраў аператыўна-выязной брыгады Альберта Канстанцінавіча Гергіева, Андрэя Гвідонавіча Даткевіча, – працягвае размову Уладзімір Міка­лаевіч.-Сапраўдныя прафе­­сія­налы, майстры сваёй справы.

Вельмі прыемна чуць, што такую высокую ацэнку старанню падначаленых дае кіраўнік калектыву. Упэўнены, што гэта не проста прыгожыя словы, а штодзённая напружаная праца, якой сам У. М. Шаранговіч аддаў больш за 35 гадоў.

- Папаўняе наш калектыў і моладзь. Вось нядаўна прыйшоў на пасаду электраманцёра Павел Тадэвушавіч Гаранін, – уступае ў размову майстар А. Г. Даткевіч. – Зараз ён праходзіць курс тэарэтычнага навучання. Пасля здачы адпаведных экзаменаў і атрымання допуску ён зможа самастойна ўхіляць недахопы на лініі электраперадач.

- Не кожны ж дзень здараюцца непаладкі. Чым зараз займаюцца вашы людзі? – цікаўлюся ва Уладзіміра Мікалаевіча.

- Без справы не сядзім. Многія электралініі, якія замацаваны за нашым пунктам, праходзяць па лясных масівах. Таму пастаўлена задача поўнасцю ачысціць прасекі ад маладых дрэўцаў і кустоў. Вось і завіхаюцца хлопцы, – чую ў адказ.

Дарэчы, у распараджэнні калектыву ёсць аўтамабіль «ГАЗ-66». Калі ўзнікае неабходнасць у якой-небудзь іншай тэхніцы, то яе накіроўваюць сюды з цэнтральнай базы, з Мядзела.

Асобна хочацца расказаць пра тое, што ў Нарацкіх энергетыкаў сёлета адбылася вельмі важная падзея. Летам яны справілі наваселле. Будаўнікі здалі ў эксплуатацыю новы аб’ект аператыўна-эксплуатацыйнага пункта. Зразумела, гэтаму папярэднічала вялі­кая і напружаная работа. Але ў выніку значна палепшыліся ўмовы працы. Светлыя і прасторныя кабінеты, якія абсталяваны новай мэбляй. Ёсць вучэбны клас, пакой адпачынку, сушылка. Ды хіба ўсё пералічыш! Адчуваючы штодзённы клопат з боку кіраў­ніцтва Мядзельскага РЭСа і Маладзечанскага ПЭСа, калектыў Нарацкага аператыўна-эксплуатацыйнага пункта імкнецца працаваць з максімальнай аддачай.

- Карыстаючыся выпадкам, хачу шчыра павіншаваць не толькі падначаленых, але і калег з Мядзела, Крывічоў і Свіры з прафесійным святам. Няхай не падводзіць здароўе, няхай лад і згода пануюць у сем’ях. А яшчэ він­шую ўсіх жыхароў Мядзельшчыны з надыходзячымі Калядамі і Новым годам. Няхай больш бу­дзе радасці і менш засмучэнняў у штодзённым жыцці. Хай з года ў год паляпшаецца дабрабыт кожнай сям’і і множацца агульныя здабыткі. Шчасця вам і ажыццяўлення планаў, – зазначыў на развітанне У. М. Шаранговіч.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



21 снежня 2009.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Касцёл у Мядзеле  _dsc1133-3 _06-040

Пабрацімы Мядзела