Прыцягненне зямлі

resize-of-rotation-of-p9230006
КОЖНЫ працоўны дзень Валянціна Пятровіча Малько напоўнены клопатамі. Бо яго спецыяльнасць – механізатар. Чалавек, як кажуць, ад зямлі, выхаваны на сяле, не страціў любові да яе. Перш чым канчаткова замацавацца на гэтай пасадзе, шмат давялося дзе папрацаваць. І кожная прафесія толькі гартавала, давала новыя сілы і веды.
Нарадзіўся і вырас Валянцін Пятровіч у вёсцы Няверы ў звычайнай сялянскай сям’і. З маленства зведаў вясковую працу. Таму, як і многія яго аднагодкі, марыў аб жыцці ў вялікім горадзе, дзе ёсць тэатры, музеі. Але адначасова штосьці стрымлівала юнака, не дазваляла яму адарвацца ад родных мясцін, дзе ўсё люба і міла сэрцу, дзе кранае душу вясенняя песня жаўрука, шамаценне лістоты старога дуба… Вось і вырашыў пасля заканчэння школы паступаць у Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум.
- Гады вучобы ў тэхнікуме сапраўды былі самымі радаснымі, бестурботнымі. Хаця займацца даводзілася шмат. Вывучалі новыя трактары і сельгасмашыны, знаёміліся з тэхналогіяй вырошчвання тых або ін¬шых сельскагаспадарчых культур, – прыгадвае мінулае Валянцін Пятровіч. – Жылі шчасліва і весела…
Пасля заканчэння навучальнай установы папрацаваць
па спецыяльнасці не давялося (а атрымаў В. П. Малько прафесію тэхніка-механіка). Прызвалі ў армію. Пасля службы падаўся на будоўлю. Але штосьці не давала спакою юнаку. Па начах яму сніліся родныя мясціны, якія быццам клікалі, цягнулі да сябе. Не вытрымаў, вярнуўся.
- Працаваць уладкаваўся ў калгас шафёрам, хаця прапаноўвалі пасаду і непасрэдна па спецыяльнас¬-
ці. Добра што ў тэхнікуме атрымаў пасведчанне вадзіцеля і трактарыста, – працягвае размову Валянцін Пятровіч. – Спачатку за мной замацавалі аўтамабіль «УАЗ», потым перасеў на «КамАЗ».
Якія толькі грузы не даводзілася перавозіць! Пабываў амаль ва ўсіх куточках нашай краіны. Тэхніка спраўна служыла рупліваму гаспадару.
- Як здарылася, што памянялі аўтамабіль на пагрузчык? – цікаўлюся ў В. П. Малько.
- Гаспадарка набыла пагрузчык «ТО-18». Вось старшыня і прапанаваў сесці за руль гэтай тэхнікі. Даў згоду, тым больш, што «КамАЗ», як кажуць, састарэў. Праўда, папярэдне закончыў перападрыхтоўчыя курсы. І вось працую. Работы на пагрузчыку хапае штодзень і круглы год, – чую ў адказ.
Як потым расказала галоўны эканаміст СВК «Сваткі» А. І. Тарасёнак, у кагорту самых руплівых і працавітых хлебаробаў гаспадаркі ўваходзіць і Валянцін Пятровіч. Выпрацоўка на пагрузчык з пачатку года ў яго склала звыш 2100 эталонных гектараў. Вясной ён пагрузіў 13325 тон арганіч¬ных угнаенняў.
- У час нарыхтоўкі кармоў Малько штодзень быў заняты на трамбоўцы сянажнай масы. Як заўсёды вызначаўся стараннем і бездакорнымі адносінамі да даручанай справы, – гаворыць Ала Іванаўна. – Не заставаўся без справы хлебароб і ў час жніва. З раніцы да позняга вечара завіхаўся на збожжатоку. Дзесьці падгорне, дзесьці пералапаціць кучу зерня, каб не грэлася. Хапае яму клопатаў і зараз. З сянажнай траншэі што¬дзень грузіць кармы ў прычэпы. Заўваг па рабоце не мае. Ды і ў сям’і лад. Гаспадарка выдзеліла дом у вёсцы Піль¬каўшчына…
- Дзе працуе ваша жонка? – пацікавіўся ў Валянціна Пятровіча.
- Галіна – сацыяльны работнік, абслугоўвае састарэлых адзінокіх людзей, – чую ў адказ.
- Як вы пазнаёміліся?
- Выпадкова. Я тады на «УАЗіку» працаваў. Заходжу ў бухгалтэрыю калгаса, а там афармляецца на практыку навучэнка Ільянскага саўгаса-тэхнікума. Дзяўчына прыгожая, статная. Кранула яна маё сэрца. Пазнаёміліся, пасябравалі. А потым і вяселле згулялі. І вось ужо больш дваццаці год разам жывём, – усміхнуўшыся адказаў на развітанне Валянцін Пятровіч.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



18 снежня 2009.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

223_ Рэчка Нарачанка        06-043 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела