Гаспадыня прылаўка з магазіна ў Прудніках

resize-of-p3290137” Раскажыце на старонках “Нарачанскай зары” пра добрасумленнага прадаўца магазіна вёскі Пруднікі Таццяна Урмасаўна Шэпшэлевіч…” Гэта радкі з пісьма, якое даслалі ў рэдакцыю жыхары вёсак Пруднікі, Русачкі і Піліпкі Крывіцкага сельсавета. Ліст падпісалі 38 ча­лавек. Безумоўна, атрым­­ліваць падобныя пісь­мы прыемна. І перш, чым зазірнуць у гандлёвую кропку, каб пазнаёміцца з прадаўцом, патэлефанаваў дырэктару ПУП «Крывіцкае РГП» З. А. Зямчонак.

- Я згодна з людзьмі. Таццяна Урмасаўна – дысцыплінаваны і адказны работнік. Жанчына акуратная, добразычлівая. Скаргаў на яе не было. Наадварот, толькі шчырыя словы падзякі гавораць у яе адрас наведвальнікі магазіна. Даведзеныя планавыя паказчыкі яна заўсёды імкнецца выконваць. Вось бы так працавалі ўсе работнікі гандлю, – адказала Зінаіда Аляксандраўна.

Непадалёку ад дарогі, на беразе рэчкі Наква, месціцца гандлёвая кропка. Будынак, абкладзены белай цэглай, нічым асаблівым не вызначаецца. Усярэдзіне стаяць прылаўкі, паліцы, а на іх мноства розных тавараў. Для ацяплення крамы складзена печка. Гаспадарыць тут Таццяна Урмасаўна. Маладая, невысокага росту жанчына, убачыўшы незнаёмых людзей, шчыра запрасіла:

- Праходзьце, калі ласка. Што вас цікавіць? Можа параю, які лепш тавар набыць.

Але, даведаўшыся пра мэту візіту, запярэчыла:

- Не трэба пісаць пра мяне ў газету. Працую як і многія іншыя прадаўцы. Нічым асаблівым не вызначаюся. Дзякуй людзям за  добрыя водгукі…

- Але не пра кожнага работніка магазіна ў рэдакцыю дасылаюць падобныя пісьмы. Наадварот, некаторыя скардзяцца, што іх у краме аблічылі, «падсуну­лі» няякасны тавар і г. д. Чым вы заслужылі такую павагу ў вяскоўцаў?

- Не ведаю. Я працую з людзьмі і для людзей. Безумоўна, у Крывічах хапае ганд­лёвых кропак, але туды трэба дабірацца. А тут, як кажуць, пад бокам. Таму жыхары Пруднікаў, Пі­лі­пак і Русачкоў не мінаюць краму. Зазіраюць сюды ра­ботні­кі адкрытага акцыянернага таварыства «Пруд­нікі-Аг­ра», вытворчага ўчастка «Крывічы», дрэваапрацоўчага цэха «Сэрвач». Мно­гіх ведаю ў твар. Шмат ёсць пастаянных пакупнікоў. Стараюся працаваць так, каб ніхто не застаўся пакрыўджаным, – адказвае Т. У. Шэпшэлевіч. – Хаця, шчыра скажу, усім не дагодзіш. Хтосьці про­сіць, маўляў, дай у доўг бутэльку віна. Але ж гэта не прыватная крама. Тут нія­кіх пазык не можа быць. Вось тады і знявагі ў свой адрас можна пачуць. Аднак я асабліва на такіх людзей не крыўдую. Што з іх возь­меш?!

Клопатаў Таццяне Урмасаўне хапае штодзень. Мяркуйце самі: яна прадавец, прыбіральшчыца памяшкання і навакольнай тэрыторыі, а ў зімовы час і апальшчыца. Шкада толь­кі, што заробак выплачваюць за адну пасаду. Але не гэта галоўнае. Марыць прадавец, што прыйдзе час і ў магазіне зробяць капітальны рамонт, установяць сучаснае гандлёвае і халадзільнае абсталяванне. Стане тут больш утульна і камфортна.

- Як вы сталі прадаўцом? – цікаўлюся ў Т. У. Шэпшэлевіч.

- Родам я з Крывічоў. Пасля школы паступіла ў Вілейскае ПТВ-124, дзе набыла спецыяльнасць страхавога агента. Але па гэтай прафесіі працаваць не давялося. Выйшла замуж. Спачатку жылі ў Вілейцы. Уладкавалася ў магазін. Нара­дзіўся ў нас сынок Аляксей, які зараз ходзіць у другі клас. Так здарылася, што па сямейных абставінах вымушаны былі пераехаць у Крывічы. Тут застаўся дзядулеў дом, які перабудавалі, падладзілі. Муж Ігар працуе ў Ілаве на заводзе, а я – другі год у мага­зіне. Наша дачушка Каця ходзіць у дзіцячы садок. Вось такая мая жыццёвая і працоўная біяграфія, – кажа Таццяна Урмасаўна.

Пакуль мы размаўлялі, у краму заходзілі пакуп­нікі. Прадавец хуценька іх абслугоўвала: падавала названы тавар, разлічвала і запрашала зноў наведвацца. Тыя, пачуўшы нашу размову, з гонарам гаварылі:

- Наша Таццяна заслугоўвае самых шчырых слоў падзякі. Не было такога выпадку, каб яна каго-небудзь аблічыла ці няправільна дала рэшту…

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: прадавец магазіна вёскі Пруднікі Т. У. Шэпшэлевіч.

Фота Таццяны Несцярэнка.



25 красавiка 2011.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

223_  возера Мястра  img_4257 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела