Кацельня працуе надзейна

resize-of-d0bad0b0d186d0b5d0bbd18cd0bdd18fНЯДАЎНА калектыў санаторыя «Жураўка» адзначыў сваё 20-годдзе. Падчас урачыстасці ўшаноўвалі лепшых работнікаў. Сярод іх многа ветэранаў, якія завіхаюцца тут літаральна з першага дня адкрыцця здраўніцы.
- Але ў нас шмат і такіх людзей, хто будаваў санаторый, а потым застаўся тут працаваць. І, думаю, яны не здрадзяць роднаму калектыву, – зазначае намеснік галоўнага ўрача па тэхнічных і гаспадарчых пытаннях А. К. Вайцяховіч. – У гэтай кагорце значыцца і начальнік кацельні Сяргей Уладзіміравіч Лук’яновіч. Яго працоўны стаж у калектыве – 22 гады.
Аляксандр Казіміравіч расказаў, што кацельня была ўведзена ў эксплуатацыю ў 1987 годзе. Будавалі яе з тым разлікам, каб ацяпляць НДЦ «Зубраня», базу адпачынку «Чайка» і, зразумела, «Жураўку». Яна другая па магутнасці пасля агульнакурортнай, якая знаходзіцца ў Варанцах. Вось таму гэты аб’ект уводзілі ў строй на два гады раней, чым санаторый. І з першага дня работы кацельні калектыў узначальвае Сяргей Уладзіміравіч.
- Гэта адказны, дысцыплінаваны, працавіты чалавек. Асабістым прыкладам натхняе падначаленых на дакладнае і добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, – працягвае размову А. К. Вайцяховіч. – Калі здараецца якая-небудзь ня¬спраўнасць, то Лук’яновіч не пакідае рабочага месца да таго часу, пакуль яна не будзе ліквідавана. Не раз шчырыя словы падзякі гучалі ў адрас Сяргея Уладзіміравіча ад кіраўніцтва вышэйстаячай арганізацыі, а падпарадкоўваемся мы камунальнаму вытворчаму унітарнаму прадпрыемству «Мінскхлебпрам». Сёлета ён таксама ўзнагароджаны Ганаровай граматай КВУП «Мінскхлебпрам» і грашовай прэміяй за шматгадовую і бездакорную працу, за ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і стварэнне спрыяльных умоў для адпачынку і лячэння і ў сувязі з 20-годдзем здраўніцы.
Вось мы сядзім ва ўтульным кабінеце начальніка кацельні. Пацякла нетаропкая размова.
- Не ўмею прыгожа гаварыць ды і не люблю хваліцца. Лепш напішыце пра наш калектыў. Працуе тут 21 чалавек. Многія маюць за плячыма вялікі стаж работы, – гаворыць С. У. Лук’яновіч. – Літаральна з першых дзён завіхаецца на пасадзе аператара кацельні Генадзь Мікалаевіч Навельскі. У ліку ветэранаў можна назваць слесараў кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі Генадзія Аляксандравіча Федзіч¬кіна і Генадзія Уладзіміравіча Андрушкевіча, слесара-рамонтні¬ка Уладзіміра Рыгоравіча Міронава. Больш чым па 20 год працуюць апаратчыцамі хімводаачысткі Галіна Аляксандраўна Каўрус і мая жонка Кацярына Анатольеўна. Сем гадоў таму прыйшоў у калектыў на пасаду аператара кацельні і сын Павел…
Варта адзначыць, што Сяргей Уладзіміравіч у свой час закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці механізацыя гідрамеліярацыйных работ. Пасля крыху працаваў у колішнім калгасе «Шлях да камунізму» на паса¬дзе інжынера па механізацыі працаёмкіх працэсаў. А калі з’явілася магчымасць перайсці ў здраўніцу, то ваганняў не было. Тым больш, што неўзабаве атрымаў новую кватэру. Зараз Лук’яновіч ніколькі не шкадуе аб тым, што змяніў прафесію.
- Галоўнае, каб быў патрэбен людзям, прыносіў карысць грамадству. А мая праца запатрабаваная. Без цяпла, без гарачай вады не абыходзіцца ні адна здраўніца, – дадае ён. – Наша кацельня працуе надзейна, скаргаў ад спажыўцоў цяпла не паступае. Значыць, мы спраўляемся з пастаўленай задачай.
Сяргей Уладзіміравіч расказаў, што сёлета закончана мадэрнізацыя кацельні. Раней яна працавала на мазуце, а зараз – на прыродным газе. У выніку значна палепшыліся ўмовы працы работнікаў. Паўсюдна стала чыста, зменшыўся ўзровень шуму. Вельмі важна і тое, што работа на прыродным газе палепшыла экалагічны стан рэгіёну, павысіла эканамічныя паказчыкі санаторыя. Калі раней за месяц «Жураўка» пералічвала 10 мільёнаў рублёў экалагічнага падатку, то з пераводам кацельні на прыродны газ гэты падатак знізіўся да 1,5 мільёна рублёў. Ды яшчэ два мазутавозы штодзень накіроўваліся за палівам. Зараз гэта тэх¬ніка закансервавана і пастаўлена на захоўванне. Вадзіцель Валянцін Мар’янавіч Вяр¬біцкі ўладкаваўся на пасаду аператара кацельні, яго калега Валерый Бра¬ніслававіч Кот перасеў на грузавы аўтамабіль і перавозіць іншыя неабходныя грузы.
- Для старанных, руплівых працаўнікоў у санаторыі заўсёды знойдзецца работа, – зазначыў на развітанне С. У. Лук’яновіч.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



15 снежня 2009.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        0-178 возера Глубелька від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела