“Цяпло зямлі маёй”

resize-of-d0bad0b0d180d186d196d0bdd0b02Выстава пад такой назвай, прысвеча­ная Году роднай зямлі, наладжана ў Мя­дзельскім музеі Народнай славы. На ёй прадстаўлены работы мастака Аляксандра Куцкевіча. Гэта наш зямляк. Нарадзіўся ў вёсцы Брылі, потым сям’я пераехала жыць у Мядзел. Тут Аляксандр скончыў сярэднюю школу, затым працягваў навучанне ў Ві­цебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Кірава на мастацка-графічным факультэце, служыў у радах Савецкай Ар­міі. А пасля заканчэння ў 1992 годзе навучальнай установы амаль 17 год працаваў выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў Мя­дзельскай сярэдняй школе №1, быў метадыстам Дома дзіцячай творчасці. Зараз працуе ў На­­цыяналь-ным парку “Нарачанскі”.resize-of-d0bcd0b0d181d182d0b0d0ba

Вось такія асноўныя штрыхі да біяграфіі мастака Аляксандра Куцкевіча. А як усё пачыналася? Калі абудзілася ў душы цяга да выяўленчага мастацтва, творчасці наогул? Зараз паспрабую адказаць на гэтыя пытанні. 

Маляваць Аляксандр пачаў яш­чэ ў вельмі юным узросце – у той час, калі наведваў дзіцячы садок. Калі іншыя дзеці забаўля­ліся рознымі гульнямі, Саша маляваў. На паперы з’яўляліся ін­дзейцы, дрэвы, неба, сонца, героі “мультыкаў” і ніколі не было ніякіх машынак. Менавіта тады маленькі хлопчык упершыню па­чуў ад сваіх выхавальніц: “Ну, напэўна, мастак расце!”. А неўзабаве Саша прыняў удзел у дзіцячым конкурсе малюнка на асфальце. Вельмі цікава і нязвыкла было ствараць рознакаляровай крэйдай сваё “маш­табнае палатно”. А намаля­ваў ён тады сонца, вялікае во­­зера з хвалямі і паруснік. Мо­жа, гэты твор і стаў для будучага мастака нябачнай і неўсвядомленай асновай, на якой і вырас, набраўся мо­цы, пасталеў яго талент? Дарэчы, у тым конкурсе Са­ша заняў 1-е месца і атрымаў прыз: мяккую цацку – малпачку. А калі стаў вучнем школы, то працягваў развіваць свой мастацкі талент. Ні адна школьная насценная газета альбо плакат не абыходзі­ліся без яго мастацкага афармлення. Вельмі хацелася ўвасабляць навакольны свет, адлюстроўваць сваё “я” ў малюнках. І яны  з’яўляліся ў сшытках, падручніках і нават на… партах. Як успамінае Аляксандр, за гэтыя свавольствы часценька пападала ад настаўнікаў нават тады, калі і не ён гэта зрабіў. А сваю першую і адзі­ную выдатную адзнаку па англійскай мове Саша атрымаў за малюнак пакоя па зада­дзе­най тэме на гэтым уроку.

Па-даросламу сур’ёзна да свайго прыроднага таленту Аляксандр пачаў ставіцца ў студэнцкія гады ў вышэйшай навучальнай установе. Тут навучалі ўсяму: малюнак, жывапіс, разьба па дрэве, мастацкая апрацоўка металу, інкрустацыя саломкай, графіка, канструяванне і многае іншае… Ужо да заканчэння  педагагічнага інстытута будучы мастак самавызначыўся ў выбары мастацтва: метал не захапляў, бо гэта нешта, на яго погляд, халоднае, неадушаўлёнае; саломка, напэўна, больш жаночы занятак, а вось жывапіс – гэта той шлях, дзе можна найбольш яскрава паказаць свой погляд на навакольны свет, адчуць подых роднай зямліцы, праявіць поў­на свой талент. Зямляк працуе і з дрэвам: яно нібы жывое, трапяткое і пяшчотнае, чула рэагуе на рукі майстра, нібы “слухае”, угадвае яго думкі і мары. Апош­нім часам Аляксандр праявіў інтарэс да такога віду мастацтва, як манатыпія. Гэта вельмі цікавы накірунак мастацкай творчасці, калі атрыманы на паперы адбітак заўсёды бывае адзі­ным, унікальным. У работах, выкананых у тэхніцы манатыпіі, кожны глядач убачыць толькі тое, што падкажа яго фантазія.resize-of-d0bad0b0d180d186d196d0bdd0b0

Галоўная тэма творчасці А. І. Куц­кевіча – гэта родная бацькоўская зямля, непаўторная, самабытная прырода Мядзельшчыны і філасофія жыцця на нашай зямлі. Работы мастака не маюць назваў. Сваімі творамі ён пабуджае гледача думаць, супастаўляць, абмяркоўваць, марыць: мас­так піша карціну, а глядач павінен яе прачытаць. Канешне, адразу гэта зрабіць не вельмі проста, але ж паспрабаваць можна. Кажуць, першае ўражанне бывае самым слушным. І мне хочацца спадзявацца, што вашы ўражанні, паважаныя гледачы, будуць станоўчымі, захопленымі, прыемнымі, таму што ўсе работы гэтай выставы, прадстаўлены светлымі, жыцце­сцвярджальнымі фарбамі, яны адметныя сваёй мяккасцю, спакойнай, нярэзкай прыгажосцю і схіляюць да роздумаў пра месца чалавека ў свеце, пра сутнасць жыцця. Нават работы, напісаныя ў стылі абстракцыянізму, не выклікаюць адмаўлення і непаразумення, яны не агрэсіўныя. Гэта проста спроба мастака ў нязвыклай для абывацеля манеры паказаць навакольны свет. І атрымалася гэта цікава, прывабна і нават весела!

Работы мастака А. Куцкевіча прасякнуты прыемнымі эмоцыямі, філасофскім настроем, таму што жыццёвае крэда Аляксандра ўвасобілася ў наступным: “Люблю бацькоў за тое, што ёсць я; люблю сям’ю за разуменне і падтрымку (жонка – А. В. Куцкевіч, галоўная медсястра Мя­дзельскай раённай бальніцы, дачка Арына – студэнтка Між­на­роднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін); люблю свой народ за цярплівасць і разважлівасць; люблю сваю Радзіму за натх­ненне!”. Таму і запрашаю вас, паважаныя мядзяльчане і госці нашага краю, на першую персанальную выставу нашага таленавітага земляка – мастака Аляксанд­ра Куцкевіча.

С. Чарняўская.

Дырэктар Мядзельскага

музея Народнай славы



01 снежня 2009.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

возера Мястра 0-178 лебедзі на Мястры _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела