Урадзіла бульбачка на славу!

У ААТ “Свір-агра” адначасова з іншымі сельскагаспадарчымі работамі вядзецца ўборка бульбы. Пад гэту культуру ў таварыстве адведзена 26 гектараў. Зараз праца арганізавана на самым вялікім палетку, дзе бульба займае 21 гектар. Вялікімі, чыстымі клубнямі проста ўсыпаны барозны.  Такія браць — задавальненне. Вось і стараюцца ў гаспадарцы выкарыстаць кожны пагодны дзень, каб зрабіць як мага больш.

Палетак, дзе вяліся работы, шукаць не давялося. Ён размяшчаецца каля самай дарогі непадалёку ад вёскі Коркі, таму не заўважыць яго было проста немагчыма.
— Паглядзіце, якія прыгожыя, вялікія клубні, — кажуць Іван Васілевіч і Тамара Каробкіна, якія задзейнічаны на ўборцы бульбы. — Яны ж самі просяцца ў кошык. Тым больш, што і надвор’е спрыяе эфектыўнай працы: дзянькі стаяць цёплыя, сонечныя.
Тут жа на полі начальнік вытворчага ўчастка ААТ “Свір-агра” Анатоль Алянцей і яго памочнік Тадэвуш Худы. Як расказаў Анатоль Вітольдавіч, Тадэвуш Казіміравіч ужо не працуе ў гаспадарцы: знаходзіцца на пенсіі. Аднак кіраўніцтва таварыства, ведаючы яго шчырасць, руплівасць і вялікую адказнасць за даручаную справу, запрасіла былога брыгадзіра для ажыццяўлення кантролю за ходам работ на перыяд уборкі бульбы.
— Мы вельмі рады, што Тадэвуш Худы прыняў прапанову яшчэ папрацаваць, — гаворыць Анатоль Алянцей. — Ён — пры справе, ды і ў нас на адну праблему менш. Тадэвуш Казіміравіч кантралюе поўнасцю працэс на палетку. Сочыць, каб людзі былі забяспечаны фронтам работ: не прастойвалі па прычыне неразагнаных барознаў ці адсутнасці сетак для вялікіх клубняў і тэхнікі для адвозкі астатніх, каб капалі чыста.
— Які сорт бульбы тут вырошчваецца? Якая ўраджайнасць? — цікаўлюся ў начальніка вытворчага ўчастка.
— Каля вёскі Коркі пасаджаны 21 гектар, яшчэ пяць — у іншым месцы. Пакуль капаем “фальварак”, які займае два з паловай гектары. Яго ўраджайнасць складае 260 цэнтнераў з гектара. Ёсць і іншыя сарты. Напрыклад, пад “брыз” адведзены чатыры гектары, пад “брыз-эліту” — два, пад “уладара” — чатыры з паловай, пад суперэліту “зорачку” — два з паловай і па сем гектараў пад новыя сарты “атлант” і “янку”. Найбольшую ўраджайнасць спадзяёмся атрымаць ад “брыза”. Увогуле бульба ў нас у асноўным сярэдняспелых сартоў. Клубні, як бачыце, чыстыя, гладкія, такія прыемна браць у рукі. Вялікія засыпаем адразу ў сеткі. Яны пойдуць на рэалізацыю, а астатнія — сярэдняй велічыні і дробныя — у кузаў аўтамабіля. Дарэчы, днямі на збожжаскладзе ў Лушчыках збіраемся запускаць сартавальную машыну, каб адабраць клубні на насенне.
— А хто ў вас завіхаецца на ўборцы бульбы?
— Сёння серада. Працуем на палетку яшчэ толькі другі дзень. Найперш падключылі да ўборкі работнікаў мясцовых арганізацый, пераважна гарадскога пасёлка Свір (сельскага выканаўчага камітэта, бібліятэкі), сацыяльных работнікаў. Ёсць прадстаўнікі вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, дома-інтэрната, — працягвае мой суразмоўца. — Таксама прывозяць аўтобусам на поле беспрацоўных і ахвотных папрацаваць з Мядзела і Нарачы. Іх накіроўвае сюды, як і ў папярэднія гады, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Праўда, пакуль людзей прыязджае не так шмат, як хацелася б. Сёння, напрыклад, — толькі восем чалавек. Спадзяёмся, што днямі ахвотных далучыцца да такой важнай справы будзе значна больш. Форма разліку — натуральная: гэта значыць, гатовай прадукцыяй. Клубні выраслі добрыя, таму, калі стараешся, можна па 40-50 кілаграмаў у сярэднім за дзень спакойна зарабіць. А гэта, згадзіцеся, нядрэнна. Такім чынам можна без праблем поўнасцю забяспечыць сябе і сваіх блізкіх на зіму бульбай.
Даведалася ад Анатоля Алянцея, што разорваннем барознаў займаецца механізатар Юрый Школка, а збівае бульбоўнік Алег Глухоўскі. Днямі ў гаспадарцы плануюць запусціць у работу бульбаўборачны камбайн, які даручаны Уладзіміру Рогачу. Калі ён запрацуе, вядома, справы на палетку пойдуць яшчэ шпарчэй. На адвозцы сетак задзейнічаны Ігар Гуско, а астатняй бульбы — Аляксандр Яцына.
З кожным днём работы па ўборцы бульбы на палетках ААТ “Свір-агра” паступова набіраюць абароты. Гэта і зразумела. Пакуль на дварэ стаіць спрыяльнае надвор’е, у таварыстве стараюцца зрабіць усё магчымае, каб убраць як мага больш плошчаў.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



13 верасня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны, Сельская гаспадарка

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

_06-040 возера Мястра Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела