І да нас пойдуць людзі

КАЛЯ двух месяцаў таму санаторый “Нарачанскі бераг” узначаліў Міхаіл Кузьменка. З гэтай нагоды вырашыў сустрэцца з Міхаілам Аляксандравічам і пацікавіцца ў яго наконт перспектыў развіцця здраўніцы, умацавання яе эканомікі. А пачалася наша гутарка з наступнага пытання: ці даводзілася раней новаму кіраўніку працаваць у курортнай галіне?

— Так, — адказвае Міхаіл Кузьменка. — З верасня 2016 года і да прызначэння на Нарач займаў пасаду намесніка дырэктара санаторыя “Чонкі”, што непадалёку ад Гомеля. Аздараўленчая ўстанова мае багатыя традыцыі, знаходзіцца на беразе Сожа і неўзабаве адзначыць стагоддзе з дня заснавання. Праўда, калі пачынаў там працаваць, здраўніца была стратнай. За няпоўныя тры гады многае ўдалося паправіць, яна мае цяпер добра развітую медыцынскую базу. З улікам таго, што там праходзіць аздараўленне шмат дзяцей з матулямі, урачы дзяжураць кругласутачна. Аб многім сведчыць і той факт, што па выніках мінулага года “Чонкам” сярод шматлікіх здраўніц Федэрацыі прафсаюзаў рэспублікі прысуджана трэцяе месца.

— Напэўна, лепшыя напрацоўкі пастараецеся ўкараніць у “Нарачанскім беразе”?
— Безумоўна. Асабліва што датычыцца добраўпарадкавання тэрыторыі, падсветак. Усё павінна радаваць вока нашым гасцям. Прывялі ў парадак галоўную пешаходную дарожку. А цяпер ажыццяўляем задумку наконт устаноўкі ўздоўж яе скульптурных кампазіцый з дрэва. На мой погляд, не варта хапацца за ўсё адразу. Узяліся, напрыклад, упарадкаваць зону барбекю. Закончым справу, тады можна брацца і за чарговую. Кепска, калі многае пачата, але нічога не даведзена да канца. Магчымасці ж нашы наконт навядзення прыгажосці з улікам таго, што цудоўная тэрыторыя здраўніцы складае амаль дзевятнаццаць гектараў, неабмежаваныя.
— Скажыце, Міхаіл Аляксандравіч, што вам больш за ўсё не спадабалася пасля знаёмства з работай санаторыя “Нарачанскі бераг”, яго калектывам?
— Тыя ўмовы, у якіх працуюць людзі. Па маім меркаванні, трэба іх зрабіць больш сучаснымі. Сітуацыю будзем выпраўляць паэтапна. Многае пераменіцца да лепшага з завяршэннем рэканструкцыі галоўнага корпуса. За “залатую” восень разлічваем закончыць фасад, а потым возьмемся за астатняе. Тут абуладкуем нумары палепшанай камфортнасці, люксы. Цяпер максімальна можам прыняць 205 чалавек, а з завяршэннем рэканструкцыі, якую выконвае ўнітарнае прадпрыемства “Нарачпрафбуд”, гэта колькасць узрасце да 280. Вядзем таксама прапрацоўкі па пашырэнні спектра медыцынскіх паслуг. Штосьці ўжо зроблена. У прыватнасці, набылі новую “кедровую бочку”, бо старая прыйшла ў непрыдатнасць, інфрачырвоную саўну. Гэтыя працэдуры вельмі эфектыўныя з фітачаямі “Аптэкарскага саду”, дабратворна ўплываюць на работу сэрца, крывяноснай сістэмы. Спадарожна заменім у сталовай абрусы (іх ужо закупілі), посуд і прыборы. Клапоцімся і аб парадку ў нумарах, дзе гэта неабходна — памяняем начынне.
— Напэўна, завяршэнне рэканструкцыі прывядзе і да пашырэння штатнага раскладу? А яшчэ, ці вялікая ў вас цякучасць кадраў, якія ў людзей заробкі?
— Сапраўды, калектыў стане большым, аднак ненашмат — чалавек на дзесяць-пятнаццаць. Не абыходзіцца ў нас і без цякучасці кадраў, хаця і невялікай. Людзі шукаюць, дзе ім лепш. І ў гэтым няма нічога кепскага. Кіраўніку трэба працаваць так, каб яны імкнуліся не некуды, а ў тваю арганізацыю. Заробкі ў нас пакуль не з вялікіх, у сярэднім па першым паўгоддзі атрымалася 587 рублёў. Безумоўна, іх павышэнне ў прыярытэце сярод мноства задач, якія стаяць перад адміністрацыяй. Але для гэтага і калектыў павінен працаваць больш эфектыўна. Не стамляюся даносіць падначаленым, што як абслужым сёння адпачываючых, так і будзем жыць у перспектыве. Ні для каго не сакрэт, што самая лепшая рэклама — “сарафаннае радыё”. Калі гасцям у нас камфортна, навокал усё цудоўна, то яны і налета вернуцца сюды, ды яшчэ і сяброў-суседзяў прывязуць. У той жа час не згодны з тымі, хто сцвярджае, што ўзровень зарплаты вызначае ўсё. Лічу, што больш важная атмасфера ў калектыве, уменне кіраўніка бачыць і разумець людзей, іх праблемы.
— Міхаіл Аляксандравіч, адкуль да вас у асноўным прыязджаюць людзі на аздараўленне, якая загрузка наяўных нумароў?
— Напаўняльнасць можна лічыць добрай. Цяпер яна ў дыяпазоне ад 175 да 200 чалавек. Калі зірнуць на графік руху адпачываючых, то большасць па жніўню — расіяне, тады ідуць беларусы, літоўцы, латышы і эстонцы… Дадам і тое, што апошнім часам паток адпачываючых з нашай рэспублікі ўзрастае. Па ўсёй бачнасці, людзі пачынаюць разумець, што замежныя курорты — гэта нядрэнна, але ніколькі не горай можна адпачыць і дома. Прытым за меншыя грошы. У гэтым сэнсе перад здраўніцай адкрываецца прывабная перспектыва, бо наша цэнавая палітыка падыходзіць для кожнага. Сёння нават людзі з вялікімі фінансавымі сродкамі не гатовы плаціць шмат, яны ўмеюць лічыць грошы. Нямала каго прывабліваюць і розныя бонусы. Прыпадае ў чалавека на перыяд, які ён знаходзіцца ў нас, дзень нараджэння — ад кошту пуцёўкі мінусуюцца тры працэнты. Не кажучы ўжо пра членаў прафсаюза — мінус дваццаць пяць, пенсіянераў —мінус дзесяць працэнтаў. Адчувальныя скідкі існуюць і для пастаянных кліентаў здраўніцы.
— Частка турыстаў набывае ў вас пуцёўкі без лячэння. Чым іх займаеце?
— Сапраўды, такіх, як мінімум, пятая частка. Больш за тое, медыцынскія працэдуры заканчваюцца, як правіла, да 16-ці гадзін. Таму культурна-масавыя мерапрыемствы ў жыцці санаторыя, у фарміраванні яго іміджу набываюць асаблівую значнасць. Апрача выкарыстання цудоўнага прыроднага бонуса — прагулак па маляўнічых ваколіцах, будзем мэтанакіравана развіваць забаўляльную індустрыю. Для якаснага правядзення дыскатэк, тэматычных вечароў набываем сучасную музычную апаратуру. Ёсць у нас і камфартабельны мікрааўтобус на 18 месцаў “Volkswagen”. Значыць, адны могуць у спакойнай абстаноўцы пачытаць кніжку, а другія — адправіцца ў падарожжа па цікавых маршрутах Мядзельшчыны ці навакольных рэгіёнаў. З улікам таго, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі перадае нам катар, арганізуем таксама водныя прагулкі па возеры Нарач. Нямала і іншых цікавых задум. Калі коратка, застываць у сваім развіцці не збіраемся. Мяркую, міне не так і шмат часу, як нашы супрацоўнікі пачнуць з гонарам казаць, што яны працуюць не дзе-небудзь, а ў санаторыі “Нарачанскі бераг”! А іншыя людзі будуць пытацца ў адміністрацыі, маўляў, калі ў вас адкрыецца вакансія, каб можна было ўладкавацца на працу…
Гутарыў Павел ЖУКАЎ.
Фота аўтара.



12 верасня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Курорт, Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi Касцёл у Шэметава   Лебедзі на Нарачы dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела