Ёсць разуменне і зладжанасць — ёсць і станоўчыя вынікі

Лета закончылася, а з ім і перыяд масавага купальнага сезона на вадаёмах раёна. А таму ўжо можна падвесці вынікі, прааналізаваць работу, якая праводзілася, каб пляжы былі забяспечаны неабходным абсталяваннем і поўнасцю адпавядалі санітарным нормам і патрабаванням для арганізацыі бяспечнага ў плане здароўя і жыцця грамадзян адпачынку. Cваімі меркаваннямі па акрэсленых вышэй пытаннях дзеліцца галоўны ўрач ДУ “Мядзельскі РЦГіЭ” Мікалай ПАРШУТА:


— Яшчэ задоўга да пачатку купальнага сезона спецыялісты санітарнай службы правялі маніторынг зон рэкрэацыі. Па выніках яго распрацавалі мерапрыемствы па ўхіленні выяўленых парушэнняў. Быў складзены План па абсталяванні і прывядзенні ў належны стан месцаў адпачынку на водных аб’ектах, які разглядаўся на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта напрыканцы сакавіка бягучага года. Канкрэтныя рэкамендацыі па рабоце ў гэтым накірунку былі выдадзены і ўсім суб’ектам гаспадарання. Акрамя таго, спецыялістамі Мядзельскага РЦГіЭ былі адабраны і даследаваны пробы вады з зон рэкрэацыі. У тым ліку па 32-х — на санітарна-гігіенічныя і мікрабіялагічныя паказчыкі, 8-мі — на вірусалагічныя. Вынікі лабараторных даследаванняў паказалі, што вада з правераных вадаёмаў адпавядае ўсім гігіенічным нарматывам. Такім чынам і была пацверджана бяспека гэтых аб’ектаў для выкарыстання ў рэкрэацыйных мэтах.
Ва ўсіх установах, у якіх ёсць пляжы, распрацаваны Праграмы вытворчага кантролю. У адпаведнасці з імі і ажыццяўлялася праверка выканання санітарна-эпідэміялагічных мерапрыемстваў і якасці вады.
Радуе, што ўсе рэкамендацыі і прапановы па абсталяванні і прывядзенні ў належны стан месцаў адпачынку на водных аб’ектах былі рэалізаваны своечасова і ў поўным аб’ёме. Адбылося гэта дзякуючы сумесным намаганням кіраўніцтва раёна, санітарнай службы, а таксама ўстаноў, у падпарадкаванні якіх знаходзяцца зоны рэкрэацыі. Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі выдаў сямі суб’ектам гаспадарання на восем пляжаў санітарна-гігіенічныя заключэнні аб гатоўнасці іх да купальнага сезона. Ды і як жа інакш, калі кожнае з месцаў адпачынку ўкамплектавана ўсім неабходным! Устаноўлены пітныя фантанчыкі, кабіны для пераапранання, лежакі. Ёсць лаўкі, дзе можна пасядзець і адпачыць, а таксама альтанкі, пляцоўкі для гульняў. Акрамя таго, устаноўлена дастатковая колькасць урнаў і кантэйнераў для збору цвёрдых камунальных адходаў, ёсць туалеты. З мэтай прафілактыкі цэркарыёзу вадаёмы абсталяваны платформамі і масткамі для ўваходжання ў ваду на глыбіню 70 сантыметраў. Ёсць на пляжах душавыя ўстаноўкі. Аформлены інфармацыйныя стэнды, дзе можна пазнаёміцца з правіламі і мерамі бяспекі падчас купання. Ёсць там і паведамленне аб тым, што забараняецца карміць вадаплаўных птушак. А каб прадухіліць уезд у зону адпачынку аўтамашын, прадугледжаны шлагбаумы.
Санітарны кантроль за станам зон рэкрэацыі перыядычна ажыццяўляўся на працягу ўсяго перыяду масавага адпачынку. Па выніках яго суб’ектам гаспадарання выдаваліся рэкамендацыі, якія аператыўна выконваліся. У ходзе праведзеных мерапрыемстваў нагляду (паводле звестак па стане на 08.08.2019) даследавана 495 проб вады. У тым ліку 194 — на санітарна-гігіенічныя паказчыкі і 301 — на мікрабіялагічныя. Неадпаведнасці гігіенічным нарматывам не выяўлена.
А вось па стане на 27.08.2019 былі зарэгістраваны два выпадкі шыстасаматыднага дэрматыту (цэркарыёзу). Яны выяўлены ў дарослых на тэрыторыях санаторыяў “Белая Русь” і санаторыя “Нарач”. Адразу ж былі абследаваны пляжныя зоны і адабраны малюскі. Пробы вывучаў Мінскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Дарэчы, у ходзе даследаванняў не выяўлена наяўнасць цэркарыя трэматода, які можа выклікаць скурныя алергадэрматыты.

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



12 верасня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Грамадства, Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай 0-178  возера Мястра  06-012

Пабрацімы Мядзела