Шчасце на дваіх

РАЗАМ са старшынёй прафкама Мядзельскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Марыяй Мялешкай едзем на кацельню курортнага пасёлка Нарач, якая знаходзіцца ў вёсцы Варанцы, каб пазнаёміцца з Аляксандрам і Алінай Варанцамі. 38 гадоў таму гэтыя два чалавекі сталі адзін аднаму самымі дарагімі і стварылі сям’ю. А пражыць столькі разам з любімым чалавекам — гэта і ёсць самае вялікае шчасце.


Аляксандр Іосіфавіч працуе аператарам кацельні. Там, у пакоі адпачынку, пацякла наша нетаропкая размова.
— Гэта вельмі адказны, дысцыплінаваны работнік. Аляксандру Іосіфавічу ўласцівы ініцыятыўнасць, арганізаванасць, дакладнасць, стараннасць. Яго станоўча характарызуе кіраўніцтва камунгаса. У калектыве работнік карыстаецца павагай і аўтарытэтам. У зносінах з таварышамі добразычлівы, ветлівы і тактоўны, — расказвае прафсаюзны лідар. — За дясягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і добрасумленную шматгадовую працу ў сістэме Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Іосіфавіч узнагароджаны нагрудным знакам “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі”.
А яшчэ пра Аляксандра можна сказаць, што ён вясёлы, жартаўлівы чалавек. Аліна Сцяпанаўна, наадварот, спакойная, ураўнаважаная, з добрым позіркам. З Варанцамі прыемна пагаварыць пра ўсё на свеце, такое ўражанне, што мы знаёмы вельмі даўно. Вядома, за гады сумеснага жыцця муж і жонка сталі адным цэлым, а вось першае іх знаёмства адбылося ў Нарацкай бальніцы.
Аляксандр родам з вёскі Рапяхі. Пасля заканчэння Ляшчынскай школы два гады вучыўся ў Свірскім СПТВ-17, дзе набыў прафесію трактарыста-машыніста. Але папрацаваць па спецыяльнасці не давялося. Прызвалі на службу ў армію. Вярнуўшыся дадому, юнак зноў падаўся ў Камарова, каб вучыцца за шафёра.
Сваю працоўную дзейнасць распачаў вадзіцелем у калгасе “Нарач”. Потым працаваў вадзіцелем у райспажыўсаюзе, Доме адпачынку “Нарач”.
— У 1986 годзе пачалі манціраваць абсталяванне на кацельні, сталі набіраць кадры. Вырашыў паспрабаваць сябе ў новай прафесіі. Мы тады жылі ў Рапяхах, але ў Варанцах пачалі будаваць уласны дом. Работа, як кажуць, пад бокам, што яшчэ трэба, — расказвае Аляксандр. — Закончыў у Маладзечне курсы аператараў. Так і працую тут…
Не лішнім будзе заўважыць, што стаж Аляксандра Іосіфавіча ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі складае 33 гады і 3 месяцы.
Аліна Сцяпанаўна таксама мясцовая, з вёскі Варанцы. Пасля заканчэння школы далей вучыцца не стала, а ўладкавалася на рыбазавод. А потым перайшла пакаёўкай у гасцініцу ў курортны пасёлак Нарач.
— Мы і на чаргу на атрыманне кватэры сталі. А потым вырашылі пабудаваць уласны дом. Зараз зусім пра гэта не шкадуем, — кажа Аліна Сцяпанаўна. — 24 гады таму перайшла працаваць у кацельню аператарам хімводаачысткі.
— Гасцініца, у якой працавала Аліна, у свой час перайшла ў падпарадкаванне камунальнай службы, таму яе стаж у нашай сферы — 34 гады. А вось агульны працоўны стаж Варанцоў у камунгасе — 67 гадоў, — удакладняе прафсаюзны лідар.
— Ці наракаеце на свой лёс? — цікаўлюся ў жанчыны.
— Не, наадварот, удзячна яму, што менавіта так атрымалася, — чую ў адказ.
Не нацешыцца Аліна са свайго клапатлівага, добразычлівага мужа. Ён ніколі не павысіў голасу, не накрычаў. І на працу крочаць разам, і дадому. Без яго жанчына як без рук.
— Не надакучылі адзін аднаму за столькі год сумеснага жыцця? — пытаюся.
— Ажаніліся мы па каханні. Неўзабаве нарадзіўся сынок Міхаіл, потым і Віктар знайшоўся, — кажа Аліна Сцяпанаўна. — Вядома, было ўсё за гэты час: не адзін пуд солі давялося з’есці. Але, калі я кудысьці ад’язджала, то спакойна пакідала дом і гаспадарку на мужа: ведала, што ніколі не падвядзе і з усім справіцца. Заўжды адчувала яго падрымку, як зараз кажуць, была “за мужам”.
Сагрэтыя цеплынёй бацькоўскіх сэрцаў, выраслі сыны, паспелі стварыць свае сем’і. Адзін жыве ў Беразіне, другі — у Мінску.
— Наша радасць, працяг нашага роду — унукі: Дзімка, Ромка і Максімка, — усміхаецца жанчына. — Дзякуй Богу, і нявесткі добрыя трапіліся: акуратныя, добразычлівыя, не цураюцца вясковай працы, хаця самі мінчанкі. Прыязджаюць, дапамагаюць нам…
— Гаспадарку трымаеце? — пытаюся.
— Невялікую. Раней карова была, а зараз свінні, куры і конь, — чую ў адказ.
— Вашу сям’ю паважаюць вяскоўцы, ставяць у прыклад іншым. Як дабіцца такога? — цікаўлюся.
— Трэба ўмець саступаць, быць цярплівымі і памяркоўнымі адзін да аднаго, да меркаванняў і жаданняў сваёй другой паловы, — дзеляцца муж і жонка.
Па прызнанні Варанцоў, гады сумеснага жыцця праляцелі непрыкметна. Пройдзена ладная дарога плячо ў плячо, заўсёды побач — і ў радасці, і ў смутку. Усялякае давялося перажыць, але пяшчоту, павагу і дабрыню сэрцаў яны нясуць па сумеснай жыццёвай сцяжынцы, зразумеўшы, што іх каханне мацнейшае за час. Як і раней, усмешкамі свецяцца іх вочы. Варанцы лічаць, што каханне — гэта тое галоўнае пачуццё, якое трэба берагчы. І няхай складаецца яно са штодзённых будняў, але, калі два блізкія чалавекі паважаюць адзін аднаго, дапамагаюць і саступаюць, працуюць і радуюцца разам — вось яно, сапраўднае шчасце.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота аўтара.



04 верасня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

возера Мястра 223_ Лебедзі на Нарачы возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела