Гэтымі днямі наша газета пісала…

АРГАНІЗАВАНА ідзе сяўба азімага жыта ў сёмай паляводчай брыгадзе калгаса “Шлях Ільіча”, якую ўзначальвае Аркадзь Бурак. Увесь светавы дзень на палетках ракоча трактар Віталія Хвалько. Разам з Іосіфам Роўдам і Мікалаем Вераб’ём, якія абслугоўваюць сеялку, за два з палавінай дні механізатар засеяў 50 гектараў. А па плане брыгадзе трэба пасеяць 95 гектараў. Высокая выпрацоўка дасягаецца таму, што ў брыгадзе своечасова выслабанілі значныя плошчы, і зараз можна без затрымкі іх узорваць. Падрыхтавана 15 гектараў. Учора Віталій Хвалько пачаў рыхтаваць плошчу на тарфяніках.
(№ 106 ад 6 верасня 1969 года)
* * *
У РЭДАКЦЫЮ паступіла пісьмо, у якім жыхары вёскі Выгалавічы скардзіліся на тое, што дзіцячы сад птушкафабрыкі “Зара камунізму” не працуе амаль цэлае лета. У пачатку чэрвеня яго закрылі на рамонт. Прайшло колькі часу, садзік па-ранейшаму закрыты, рамонт зацягнуўся. Бацькі занепакоены тым, што восень наступае, а разам з ёй і сельскагаспадарчыя работы. Дзяцей жа няма куды дзяваць.
(№ 105 ад 4 верасня 1979 года)
* * *
СЯМ’Я педагогаў Мядзельшчыны папоўнілася. 24 работнікі народнай асветы далучыліся да настаўніцкага калектыву. Большасць з іх — пасля заканчэння ВНУ, амаль усе яны — ураджэнцы нашага раёна. Здзейснілі свае мары, сягоння ўпершыню ўвайшлі ў класы настаўніца пачатковых класаў Мядзельскай сярэдняй школы №1, выпускніца Нясвіжскага педвучылішча Ірына Чаславаўна Кавалеўская, настаўніца хіміі Мядзельскай сярэдняй школы №2, выдатніца вучобы, выпускніца БДУ імя Леніна Алена Альбінаўна Мацко, выкладчыца роднай і рускай моў і літаратуры Восаўскай няпоўнай сярэдняй школы, выпускніца Белдзяржуніверсітэта Людміла Міхайлаўна Смаленская.
(№ 104-105 ад 1 верасня 1989 года)
* * *
МНОГІЯ жыхары раёна маюць магнітафоны. Але ўзнікае праблема, дзе набыць добрыя сучасныя запісы. Яе зараз можна даволі проста вырашыць у райцэнтры. Справа ў тым, што ва ўнівермагу працуе куток гуказапісу. Тут можна набыць касету з запісам сучасных айчынных і замежных выканаўцаў. Па жаданні заказчыка запіс можа быць зроблены на яго ўласную касету. Тэрмін выканання заказу — суткі. Дарэчы, запіс праводзіцца на высакаякаснай апаратуры.
(№ 36 ад 4 верасня 1991 года)



03 верасня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы Касцёл у Шэметава   Царква ў Крывічах лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела