На матэматычным Алімпе

ДНЯМІ прыйшла добрая вестка: мядзельскі гімназіст Павел Бярняк узнагароджаны прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Так адзначана паспяховае выступленне хлопца на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.


Павел пра свой удзел у прэстыжным вучнёўскім спаборніцтве гаворыць сціпла:
— Вынікам задаволены. Можна было лепш, але і так нядрэнна…
Хіба дыплом ІІІ ступені па выніках заключнага этапу алімпіяды па матэматыцы — гэта ўсяго толькі “нядрэнна”?! Ды выдатна проста! Да такога поспеху мядзельскага хлопца прывялі цікавасць да свету лічбаў, прыродныя здольнасці ды старанная праца. І, вядома, таленавіты педагог — настаўніца вышэйшай катэгорыі Алена Самуленкава. Яна не хавае гонару за вучня:
— Вельмі добры вынік. Шмат гадоў ніхто з нашага раёна на алімпіядзе па матэматыцы не атрымліваў дыпломаў нават на вобласці, не тое што на рэспубліцы. Паша, вядома, малайчына. Любіць матэматыку, старанна працуе, рашае шмат задач. Яго бацькі вельмі зацікаўлены ў выніках, падтрымліваюць ва ўсім. Набываюць кнігі, аплачваюць дадатковыя заняткі ў Мінску. Дарэчы, і хобі Пашава звязана з матэматыкай: ён стварае з паперы геаметрычныя целы ў тэхніцы арыгамі, што развівае прасторавае мысленне. Увогуле хлопец вельмі разумны, шмат чым цікавіцца.
— Паша, мабыць, галоўны поспех вашай педагагічнай кар’еры? — пытаюся.
— Напэўна, так. За 35 год настаўніцкай працы ў мяне былі вучні, якія ўдзельнічалі ў  абласным этапе алімпіяды. Але дыпломаў не прывозілі. Шэсць год таму быў 100-бальны  вынік на цэнтралізаваным тэсціраванні ў Юлі Мехавіч. Мяркую, у Пашы ён таксама  будзе. Бо хлопец вельмі шмат працуе. Іншы раз бацькі нават кнігі ў яго забіраюць, каб  адпачыў.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



22 жнiўня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Адукацыя

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        Лебедзі на Нарачы Царква ў Слабадзе 1-12

Пабрацімы Мядзела