«Раз ён навечна тут, то навечна і зямля параднілася»

Тры гады таму ў нашай газеце пісалася пра тое, як у Мядзел з уральскага горада Ачор прыязджаў Юрый Зотаў. Пераадолеў ён дзве тысячы кіламетраў, каб ушанаваць памяць свайго дзядзькі Андрэя Зотава, які пахаваны ў брацкай магіле на ўездзе ў райцэнтр. І вось праз тры гады ён зноў у Мядзеле.


Андрэй Аляксандравіч Зотаў быў камандзірам 8-й батарэі 923-га артылерыйскага палка 357-й стралковай дывізіі 1-га стралковага корпуса 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. За баі за вызваленне Мядзельшчыны ў ліпені 1944 года капітана прадставілі да ордэна Чырвонага Сцяга — узнагародны ліст быў напісаны пасмяротна, калі Андрэя Зотова ў жывых ужо не было (раней ён быў ганараваны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 2-й ступені).
Афіцэр атрымаў цяжкае раненне 6 ліпеня 1944 года. Памёр ад ран у шпіталі на трыццаць другім годзе жыцця. Быў пахаваны на вайсковых могілках побач са шпіталем, потым астанкі загінуўшых перавезлі ў брацкую магілу ў Мядзеле.
Наведваючы наш горад тры гады таму, Юрый Міхайлавіч паабяцаў, што пастараецца прыехаць яшчэ. На гэты раз прыехаў не адзін — з жонкай Дзінай.
Адразу ж пасля прыезду Зотавы з кветкамі накіраваліся да брацкай магілы:
— Усё бліжэй да запаветнага месца. Тут ужо ногі мяне самі нясуць, толькі паспявай перабіраць, — успамінае Юрый Зотаў. — «Вось, дабраўся другі раз. Прабачце, таварышы», — менавіта так сказаў сабе, унутры. І пакаціліся слёзы…
Не раз падчас знаходжання ў Мядзеле Зотавы прыходзілі на брацкую магілу. Як і ў мінулы прыезд, наведалі Валянціну Мікалаеўну Сушкевіч. Менавіта яна адказвала на ліст сястры загінуўшага афіцэра Фаіны ў 1984 годзе.
— Валянціна Мікалаеўна — настаўнік гісторыі, былы кіраўнік клуба «Пошук», — распавядае Юрый Зотаў. — Яе сын Андрэй і пагаварыў з намі: «Усё школьнае дзяцінства мы дапамагалі маме ў яе пошукавай працы, шукалі сваякоў спачылых у нашай брацкай магіле, высвятлялі абставіны службы і смерці. Ды і многія школьнікі тады былі гэтым захоплены».
— Юрый Міхайлавіч, на ваш погляд, як за гэтыя тры гады змяніўся Мядзел?
— Першы раз быў тут адзін, правёў у горадзе толькі паўтара сутак. Уражанні першыя вельмі моцныя, але паверхневыя. Зараз дзякуючы жонцы ўбачыў прыгажосць, прыроды і стаўленне жыхароў да роднага горада. Усё гэта вельмі ўражвае, нават маленькія дэталі абстаноўкі: клумбы, лавачкі і гэтак далей. Але галоўнае — гэта людзі. Адзначу добразычлівасць, самапавагу, дабрыню да незнаёмых. Адкрыццяў было шмат.
На пытанне, чаму яго так цягне ў Мядзел, на магілу дзядзькі, што гатовы ехаць за дзве тысячы кіламетраў, Юрый Зотаў разважае:
— Прыехаў зноў у горад, які ўжо стаў родным. Гэта не пустыя словы, гэта ж тут пахавана крывінка, плоць родная дзеда і бабулі, родны брат майго таты — усе вельмі падобныя вонкава і ўнутрана. Раз ён навечна тут, то навечна і зямля параднілася. А як інакш? Ёсць абавязак асабісты, але ёсць абавязак перад маёй Радзімай — СССР, заснаваны на слове «сяброўства». Слове стратэгічным, невынішчальным, якое абавязвае нас заставацца людзьмі і памятаць, што пры вызваленні Беларусі загінулі або былі паранены прадстаўнікі мноства нацыянальнасцей. Паездкі такія вельмі важныя для ўсіх людзей — шкада, што рэдка ездзім. Гэта і ёсць крыніца сапраўднага сяброўства.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара.



18 жнiўня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Гісторыя

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

_06-040 Лебедзі на Нарачы на Блакітных азёрах        Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела