Мая хрышчоная маці Клара

Хачу расказаць пра сваю хрышчоную маці Клару. Яна была немкай, але лёс звёў яе з Беларуссю. У гады Вялікай Айчыннай вайны з аднавяскоўцамі была вывезена ў Германію, працавала там разам з астатнімі ў баўэра. Пасля вызвалення не засталася на радзіме, хоць была такая магчымасць, а з сям’ёй вярнулася назад на Мядзельшчыну.

Жыў у вёсцы Зані Лацвянскага сельсавета, што непадалёку ад нашых Чалеяў, хлопец-бядняк Марк Скрыпка. Тады ўсе простыя людзі жылі небагата. У 1914 годзе яго забралі ў армію. Пачалася першая імперыялістычная вайна. Юнак трапіў на фронт. Падраздзяленне, у якім знаходзіўся, акружылі немцы. Калі ў салдат закончыліся боепрыпасы, іх узялі ў палон. Пасля пагналі ў глыбіню Германіі, размеркавалі па прадпрыемствах і прыватных гаспадарках і прымусілі працаваць. Так Марк апынуўся ў аднаго баўэра. У таго жыла сваячка — дзяўчына-сірата. Яна разам з палонным даглядала жывёлу. Маладыя людзі часта былі разам, шмат размаўлялі між сабой на розныя тэмы. Прыглянуліся яны адзін аднаму. А там і каханне да іх прыйшло.

Гаспадар любіў пасмяяцца над беларусам. Ён усё выхваляўся сваім двухпавярховым домам, што мае шмат жывёлы, млын. Часта  гаварыў пра тое, што на ўсходзе людзі жывуць бедна. Што толькі Германія зможа там навесці парадак, чысціню і дысцыпліну. Доўга маўчаў юнак перад каханай, сарамліва слухаючы, як зневажалі яго радзіму. А аднойчы не вытрымаў і сказаў, што ў яго бацькі таксама ёсць двухпавярховы дом, млын на два камяні, азярцо, на якім плавае птушка. А яшчэ і малатарня, касілка, сеялка, веялка, шмат рознай жыўнасці на падворку. Баўэр магчыма і не паверыў расказам Марка, але перастаў кпіць з яго і выхваляцца сваім багаццем. А хлопец і далей усё прыдумляў і прыдумляў нешта новае пра свае родныя мясціны. Немцы, сыны якіх былі на вайне, здзіўляліся пачутаму. У пісьмах, атрыманых ад іх з фронту, яны чыталі пра хаты з саламянымі стрэхамі, глінянай падлогай, пра вялізныя мяхі з саломай замест матрацаў, пра падушкі напханыя сенам, а яшчэ пра тое, што ў дамах проста на жэрдках сядзяць куры. Марк усіх пераконваў, што сапраўды ёсць і такое, але толькі не ў яго бацькоў, якія жывуць заможна.

Калі закончылася вайна, палонныя пачалі вяртацца дадому. Зазбіраўся на радзіму і Марк. Баўэр задумаўся над тым, каб выдаць замуж за багацея з усходу сваю сваячку. Той забярэ дзяўчыну з сабой, а яе маёмасць застанецца яму. Аднойчы ён сказаў хлопцу, каб браў Клару з сабой, што яна будзе яму добрай жонкай і гаспадыняй. Дзяўчына дала згоду выйсці замуж за ваеннапалоннага і ехаць з ім на чужыну, бо моцна кахала хлопца. Абвянчаліся, бо інакш улады б не дазволілі Клары выехаць у другую краіну, і адправіліся ў далёкі шлях. Прыехалі на чыгуначную станцыю Паставы. Затым на спадарожных фурманках дабіраліся да невялічкай вёсачкі Зані. Па дарозе маладая жонка невясёлымі вачыма глядзела на хаціны з маленькімі акенцамі і саламянымі стрэхамі. Вайна пакінула пасля сябе пажарышчы, акопы, палі, якія пазарасталі хмызняком. Хлопец усю дарогу думаў, як яму сябе паводзіць з нарачонай, калі нарэшце адкрыецца яго мана пра багатага сынка. Калі дабраліся на месца, ён толькі і сказаў:

—   Ну вось мы і прыехалі.

—   Нідзе не бачу двухпавярховага дома. А дзе азярцо? — цікавілася ў мужа Клара.

—   Ды вось яно, качка плавае, — адказаў ёй Марк, паказваючы на звычайную сажалку, што была каля хаты.

Калі маладая жанчына пераступіла парог маленькай прадымленай хаціны, яна здзіўлена спытала:

—   Куды ж мы прыехалі?

Без лішніх слоў Клара зразумела, што гэта зусім не тое месца, якое так красамоўна апісваў у сваіх аповедах у Германіі каханы.

—   Мы прыехалі да мяне, дадому, —  казаў Марк. — Я ж гаварыў, што ёсць у нас млын. Дык вунь жа яны — жорны ў кутку на два камяні. Ёсць і хата на два паверхі. Бачыш, сядзяць на шастку куры — гэта і ёсць другі паверх.

Здагадалася Клара, што яе ашукаў хлопец. Абхапіла галаву рукамі, загаласіла ў роспачы, гатовая валяцца на глінянай падлозе, залілася слязьмі. Было крыўдна, балюча, што яе так правялі. А муж узяў каханую на рукі і панёс да ложка, дзе замест матраца ляжаў саламяны сяннік. Ён вельмі перажываў за сваю жонку-іншаземку. Таму пастаянна знаходзіўся каля яе. Марк стараўся апраўдацца перад Кларай, прасіў  прабачыць яго. Казаў, што не хацеў яе пакрыўдзіць, што яму сорамна за тое, што так зрабіў. Ён расказаў, што там, у Германіі, яму надакучыла слухаць яе дзядзьку, які выхваляўся сваім багаццем, акуратнасцю, культурай. І нават не заўважыў, як пачаў сам выдумляць розныя небыліцы пра сваю радзіму. І гэта дапамагло яму спыніць насмешкі і кпіны гаспадара.

—   Але праўда выйшла наверх, і бачыш, што з гэтага атрымалася, — гаварыў Марк са шкадаваннем. Ён кляўся Клары, што моцна кахае яе і нікому ніколі не дазволіць пакрыўдзіць. Прасіў дараваць яму і застацца тут назаўжды, каб разам жыць і працаваць.

Маладая жанчына заставалася безуважнай да таго, што адбывалася навокал. Але з часам шчырыя словы мужа-ашуканца дастукаліся да яе сэрца, і Клара змірылася са сваім лёсам. Тым больш, што ведала: на радзіме не будуць рады вяртанню яе назад дадому.

Хутка вестка пра жонку Марка — немку — абляцела ўсё наваколле. А калі людзі даведаліся, што яна ў Германіі даглядала і лячыла жывёлу, сталі запрашаць яе да сябе на падворак для аказання неабходнай ветэрынарнай дапамогі. І, трэба сказаць, з лёгкай рукі жанчыны і свінні, і каровы хутка папраўляліся. Вяскоўцы разлічваліся з Кларай за лячэнне хворай жывёлы прадуктамі. Гэта было на той час для іх сям’і хоць нейкай падмогай. Паступова наладзілася і ўласная гаспадарка. З часам Клара навучылася размаўляць па-нашаму. Навакольныя не цураліся жанчыны, не лічылі яе чужой.  А мая мама з ёй увогуле з першых дзён прыезду на Мядзельшчыну сябравала. Усе разам дружна адзначалі святы. Прыязныя адносіны з людзьмі, павага і падтрымка мужа і яго бацькоў дапамаглі Клары хутка асвоіцца на новым месцы. Яна павесялела, з’явілася жаданне працаваць, жыць клопатамі беларускай глыбінкі. А там і папаўненне ў хату Скрыпкаў прыйшло: нарадзіліся сын, затым дзве дачушкі. Дзеці падрасталі на радасць бацькам, былі добрыя, старанныя.

У 1940 годзе Клара з мужам адпраўлялі на службу ў войска сына. Але не дачакаліся яго вяртання дадому, бо пачалася Вялікая Айчынная вайна. Мядзельшчына таксама была акупіравана ворагамі. У Глыбокім знаходзіўся нямецкі камісарыят. Немцы, калі даведаліся, што ў Занях жыве пасля Першай сусветнай вайны жанчына-немка, выклікалі яе да сябе. Высвятлялі, пры якіх абставінах яна тут апынулася. Вядома ж, прапаноўвалі вярнуцца дадому. Аднак Клара адмовілася. Праз нейкі час яе зноў выклікалі ў камісарыят у Глыбокае. У чарговы раз казалі, што можа ехаць у Германію, толькі ўжо з сям’ёй. Але жанчына ім адказала, што прыжылася тут, з людзьмі ў яе добрыя адносіны, яе паважаюць, ніколі ніхто не пакрыўдзіў. Таму нікуды не паедзе, тут застанецца. Немцы былі вельмі здзіўлены адмовай Клары вяртацца на радзіму. Але яе больш з таго часу не выклікалі.

У верасні 1943 года ў ходзе карных аперацый палалі ў агні многія населеныя пункты. У нашай мясцовасці толькі Лотва засталася цэлай, бо там стаялі немцы. Пабудаваныя дзоты яшчэ доўга напаміналі ўсім пра іх. Людзей вывозілі прымусова ў Германію. Адпраўлялі разам з жывёлай на таварняках. Патрапіла разам з аднавяскоўцамі туды і сям’я Скрыпкаў. Клара і там не захацела сабе ніякіх прывілей, хоць ёй іх прапаноўвалі. Працавала ў баўэра разам з астатнімі. Толькі аднойчы з’ездзіла ў мясціны, дзе раней жыла. Аднак нікога са старых знаёмых там не сустрэла. Ды і яе там ніхто не прызнаў.

Пасля разгрому фашысцкай Германіі ў Клары была магчымасць застацца на радзіме са сваёй сям’ёй. Але яна вярнулася ў Беларусь. Зані тады былі спалены, таму Скрыпкі пасяліліся ў Паставах. У іх вярнуўся сын з фронту, стаў працаваць фельчарам. Павыходзілі замуж дочкі. Жыццё наладзілася, увайшло ў звыклае рэчышча…

Вядома, Клары даўно няма на гэтай зямлі. Але светлы вобраз яе пастаянна ў маім сэрцы. Ён быў і тады, калі жыла ў Казахстане, і цяпер. І не толькі таму, што яна мая хрышчоная маці. Што мне вельмі дапамагала — і ў дзяцінстве і значна пазней. Менавіта яна разам з маёй роднай матуляй не дазволілі мне загінуць ад голаду ў цяжкі пасляваенны час. І я ім за гэта вельмі ўдзячна. З павагай успамінае  пра немку Клару і мая лепшая сяброўка Зоя Рублеўская, якая зараз жыве ў Рапяхах, а тады ў Селькаве. Бо таксама ведае яе як вельмі чулага, сардэчнага чалавека. Проста такіх людзей — шчырых, добразычлівых, спагадлівых — няшмат побач з намі. І  мне вельмі хочацца, каб жыхары азёрнага краю таксама даведаліся пра гэту цудоўную жанчыну.

А. ДУЛІНА.

Ураджэнка в. Чалеі, а зараз жыхарка г. Мядзел.



14 жнiўня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

1-12 від на Мядзел 223_ _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела