Свята для Нарэйшаў

З песнямі, падарункамі і духмянай юшкай прайшло мерапрыемства

РОДНАЯ вёска. Якая яна? Самая прыгожая, самая гасцінная, самая светлая. А свята вёскі — гэта калі збіраюцца разам усе яе жыхары, каб успомніць мінулыя дні, каб пацешыцца з поспехаў адзін аднаго, каб яшчэ раз упэўніцца ў тым, што няма ў свеце больш цудоўнага куточка, чым той, дзе ім пашчасціла нарадзіцца і вырасці. 
Так было і гэтым разам. Сонечным днём сабраліся на свята сваёй вёскі жыхары Нарэйшаў.
Прыйшлі амаль усе жыхары, ад малога да вялікага, усе тыя, хто кожны дзень беражліва захоўвае ў сваім сэрцы мілы вобраз роднага краю. І не толькі яны, але іх дзеці, унукі, праўнукі…
Вёска Нарэйшы прытулілася на ўскрайку лесу непадалёку ад бойкай дарогі, якая вядзе ў Альшэва. З даўніх часоў тут жылі добрыя, сціплыя і працавітыя людзі. Яны вырошчвалі хлеб, кахалі, гадавалі дзяцей. Жылі і спадзяваліся на лепшае. Стваралі гэтае лепшае сваёй працай, сваімі рукамі. Любілі вяскоўцы і весяліцца. Да раніцы гучалі песні. Галасістыя тут былі дзяўчаты. А як пачыналася жніво… Вяртаючыся з поля, напрацаваныя жанчыны спявалі цудоўныя песні, якія разносіліся далёка па наваколлі.
Распачынаецца ўрачыстасць. Вядучыя гавораць, што без хлеба ў хаце шчасця не бывае, што хлеб — гэта светлая доля народа. Яны запрашаюць старэйшыну вёскі Фелікса Ескевіча і ўручаюць яму каравай.
— Падзяліце яго з усімі аднавяскоўцамі. Хай ад гэтага караваю прыбудзе вам моцы, хай у вашых хатах заўжды будуць мір і спакой, а на стале — свежы духмяны хлеб, — кажа вядучая.
— Такога свята ў нас не было. Дзякуй, вялікі дзякуй арганізатарам урачыстасці. Жадаю ўсім моцнага здароўя, доўгіх год жыцця і ўсяго самага найлепшага, — хвалюючыся, адказаў Фелікс Іосіфавіч.
З віншаваннямі да прысутных звярнулася старшыня Свірскага сельвыканкама Валянціна Субач. Яна падзякавала вяскоўцам за ўменне і жаданне працаваць, за вернасць роднай зямлі, пажадала ўсім здароўя, дабрабыту, больш светлых дзён у жыцці.
— Сёння асаблівая падзяка гасцям, якія прыехалі дадому. Яны тут выраслі, тут прайшло іх дзяцінства, юнацтва. Адсюль яны пайшлі ў вялікае жыццё. Ад усяго сэрца хачу пажадаць: дзе б вы ні знаходзіліся, якія б пасады ні займалі, заўсёды памятайце, што ў вас ёсць малая радзіма, ёсць Нарэйшы, дзе вам заўсёды рады, — кажа Валянціна Аляксееўна.
Старшыня паведаміла таксама, што ў вёсцы ёсць дзве сям’і (Пагрэбіцкіх і Кожухаў), тры пакаленні, якіх тут жывуць і працуюць.
Пасля кожнага выступлення гучалі песні ў выкананні самадзейных артыстаў Камароўскага сельскага і Свірскага гаспасялковага Дамоў культуры.
Шчырыя словы віншавання адрасаваў прысутным дырэктар ААТ «Свір-агра» Віктар Субач.
— Мне вельмі прыемна адчуваць цёплую, душэўную атмасферу, якая пануе на свяце. Мяркуючы па нумарах на аўтамабілях, бачна, што ў сваю родную вёсачку прыехалі людзі не толькі з розных куточкаў нашай краіны, але і з-за мяжы: з Літвы, Латвіі, Расіі, — падкрэсліў Віктар Іосіфавіч. — Многія даўно не бачылі адзін аднаго, таму гэта сустрэча робіцца яшчэ больш дарагой, як кажуць, быццам бальзам на душу…
Кіраўнік гаспадаркі выказаў шчырыя словы падзякі тым, хто прысвяціў дзесяцігоддзі свайго жыцця роднай гаспадарцы і не пакладаючы рук даіў кароў, палоў, касіў, сушыў, араў, сеяў, убіраў ураджай, будаваў, рамантаваў тэхніку… У пачэсным спісе дзясяткі імён: Леанарда Малькевіч, Леанарда Руткоўская, Станіслаў Лапашынскі, Фелікс Ескевіч, Рычард Лапашынскі, Яніна Лавец, Марыя Каранік, Фёдар Каранік, Алена Жук, Аліна Лапашынская, Іосіф Лапашынскі, Ганна Усціновіч, Ванда Місюк, Леаніда Лапашынская, Эльжбета Лапашынская, Моніка Грумбянін. Гэтыя людзі зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але пра іх памятаюць, імі ганарацца. Сёння ў гаспадарцы працуюць Вольга Жук, Тэрэса Семянкова, Алена Вайнілка, Павел Вайнілка, Марына Пагрэбіцкая, Галіна Пагрэбіцкая, Святлана Малькевіч і іншыя.
Пад дружныя апладысменты прысутных Віктар Субач уручыў грашовыя прэміі лепшым з работнікаў. Сярод іх — Аліна Лапашынская, Марыя Каранік, Тэрэса Семянкова, Вольга Жук.
Зараз у Нарэйшах 42 жыхары. Гэта добрыя, шчырыя людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу адзін аднаму, падтрымаць у горы і падзяліцца радасцю.
Бурнымі апладысментамі віталі нарэйшаўцы Васілісу Вайнілку. А заслужыла яна такое ўшанаванне таму, што з’яўляецца самым-самым… юным жыхаром вёскі, ёй споўніўся годзік. У Васілісы яшчэ ўсё наперадзе: і першае каханне, і першы працоўны дзень. А пакуль ёй — пажаданні расці здаровенькай і паслухмянай дзяўчынкай на радасць маме і тату. Праўда, не дачакалася Васіліса гэтых віншаванняў, заснула на цёплых і пяшчотных маміных руках. Таму падарунак ад старшыні сельвыканкама атрымлівалі мама Алена і тата Павел. Усім вядома — вёска жыве, пакуль у ёй нараджаюцца дзеці.
Бадай, не было ў той дзень ніводнага вяскоўца, які б не пачуў у свой адрас добрага слова. Віталі людзей, якія пакінулі добры след у гісторыі вёскі, хто аддана працаваў на карысць роднага краю, хто нарадзіў і выгадаваў добрых, сумленных дзяцей, хто дабіўся поспехаў.
Сярод тых, каго ў той дзень ушаноўвалі, была старэйшая жыхарка вёскі Ганна Усціновіч, якой споўнілася 89 год. Праўда, па стане здароўя жанчына не змагла прыйсці на свята. Шчырыя словы віншавання пачуў у свой адрас Станіслаў Лапашынскі, за плячыма якога ўжо 87 гадоў жыцця. Ён
атрымаў ад Валянціны Субач кветкі і падарунак.
— Раскажыце крыху пра сябе, — прашу Станіслава Іосіфавіча.
— Ды што тут расказваць, усё жыццё ў працы. Мае бацькі шчыравалі на зямлі, і я з дзяцінства пазнаў нялёгкія сялянскія клопаты: араў, касіў, сеяў. Праўда, восем гадоў жыў у Расіі, на Урале. А потым вярнуўся ў Нарэйшы. Працаваў шафёрам, летам — камбайнерам. Жыццё праляцела як адзін дзень, — уздыхае ён.
Плён працавітых рук вяскоўцаў бачны на падворках. На многіх з ранняй вясны ў агародчыках буяюць кветкі: люба-дорага паглядзець.
— Напярэдадні свята быў арганізаваны агляд-конкурс на лепшы падворак. Пры вызначэнні пераможцаў улічвалі не толькі чысціню і прыгажосць ля дамоў, але і парадак у хатах, «надвор’е» ў сем’ях, — кажа Валянціна Аляксееўна. — Па выніках аб’езду камісійна мы прынялі рашэнне, што самай дагледжанай, добраўпарадкаванай, упрыгожанай кветкамі і творчай фантазіяй з’яўляецца сядзіба Аліны і Іосіфа Лапашынскіх.
Яна ўручыла гаспадарам пасведчанне «Лепшая сядзіба» і падарунак, а вяскоўцам прапанавала раўняцца на пераможцаў конкурсу.
— Дарагія землякі! Гэты кавалачак зямлі дае нам сілу жыць. Дзякуй Богу, што атрымалася ў нас такое добрае свята, такая запамінальная сустрэча. У дзяцінстве часта выступала на канцэртах у школе. Цяпер жыву і працую ў Маладзечне, вучу дзяцей спяваць. Хачу, мае родныя, праспяваць і для вас. Вельмі хвалююся. Прабачайце, калі што не атрымаецца, — з такімі словамі звярнулася да землякоў Таццяна Місюк і праспявала песню «Белая Русь».
Шчыра гаварылі выхадцы з Нарэйшаў Яніна Пятосіна і Іван Місюк. Дарэчы, Іван Аляксандравіч зараз жыве ў Хакасіі, у горадзе Абакане. Ён — кандыдат у майстры спорту па аўтамабільным спорце.
— Наш дом стаяў на ўскрайку вёскі. Бацька працаваў лесніком, маці — ветфельчарам. Так здарылася, што як пайшоў вучыцца, дык у родную вёску трапляў толькі наездамі. З 1983 года жыву ў Сібіры. Захапляюся аўтагонкамі, — расказвае ён. — Сорак гадоў марыў вось так сабрацца ўсёй вёскай, пабачыць землякоў, прыгадаць мінулае. І як толькі даведаўся, што ў сярэдзіне ліпеня намячаецца магчымасць, як кажуць, кінуў усё і прыляцеў сюды за 5 тысяч 200 кіламетраў. Цудоўна пабываць на радзіме, сустрэцца з былымі сябрамі, успомніць тых, каго ўжо няма сярод нас. Дзякуй арганізатарам, мясцовай уладзе, вяскоўцам…
Віншаванні і ўшанаванні былі густа і са смакам «перасыпаны» песнямі. Іх падрыхтавалі Віктар Гуд, Ірына Селязнёва, Ларыса Рабянок, Ганна Трошына, Вольга Гірдзей, Ліза Рабянок і іншыя. А гледачы не толькі слухалі песні і шчыра апладзіравалі, але і танцавалі.
Ад душы весяліліся ў гэты дзень жыхары і госці Нарэйшаў. На свяце можна было пачаставацца гарачай юшкай, якую прывезлі работнікі сельвыканкама, кавунамі, іншымі прысмакамі, што прынеслі на агульны стол вяскоўцы і госці. Людзі засталіся вельмі ўдзячныя арганізатарам гэтага мерапрыемства. Не часта такое ладзіцца ў вёсцы, але, калі такая хвіліна настае, адпачываюць шчыра і весела.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота аўтара.



05 жнiўня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Культура

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

84 dsc_5774-3 wjx6x-f4hhi від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела