Як школы рыхтуюцца да верасня?

ПАЧАЎ адлік апошні летні месяц. Азірнуцца не паспееш, як школьны званок пакліча дзятву за парты. А як вядзецца падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года? Гэта пытанне мы адрасавалі начальніку ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяне ЕФІМАВАЙ.

Вацлава Шутылёва і Людміла Пешко даглядаюць клумбу ля Старлыгскай установы адукацыі

— Паводле папярэдніх звестак, у 2019/20 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі Мядзельшчыны будзе 847 дашкольнікаў і 2475 школьнікаў. Плануем набраць 19 першых класаў з агульнай колькасцю вучняў 271. Па-ранейшаму будзе працаваць 25 устаноў адукацыі розных тыпаў: нічога не закрываем і не рэарганізуем. Плануем падвозіць у школы і дашкольныя ўстановы 548 навучэнцаў з 32-х населеных пунктаў (для гэтага маем 14 аўтобусаў). Чакаем прыбыцця 23-х маладых спецыялістаў. Гэта 21 педагог і 2 повары.
У перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года закуплены спортінвентар. Цяпер інвентаром па зімовых відах спорту нашы ўстановы забяспечаны на 91,5%, у тым ліку лыжамі —
на 100%. Па летніх — на 89,3%. Набыта камп’ютарная тэхніка і абсталяванне для Лега-канструявання ў гімназію-інтэрнат. Закуплена абсталяванне для кабінетаў працоўнага навучання. У кабінетах тэхнічнай працы інвентар знасіўся і маральна састарэў, таму ў кожную школу набылі разнастайныя інструменты для ручной працы і электраінструменты. Электрапліты з’явяцца ў кабінетах абслуговай працы Княгінінскай і Занарацкай школ. Швейныя машынкі — ва ўсіх установах, дзе іх не было. Набыты посуд. Плануем на базе Мядзельскага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад-сярэдняя школа распачаць прафесійнае навучанне па спецыяльнасці “афіцыянт”. Усё неабходнае закуплена: сервізы, сталовыя прыборы і гэтак далей.
Набываем тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне для харчблокаў.
У бюджэце раёна на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года прадугледжана 640,4 тысячы рублёў. Дзякуючы добраму фінансаванню ў мінулым годзе атрымалася вырашыць шмат пытанняў.
Сёлета на бягучы рамонт з бюджэту накіравана 150 тысяч рублёў, 77% гэтых сродкаў ужо асвоена. Многае ва ўстановах адукацыі робіцца за кошт сродкаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, дзякуючы дапамозе бацькоў.
На капітальны рамонт маем 400 тысяч. Адразу вырашаем пытанні бяспекі дзяцей (найперш маю на ўвазе ўсталяванне сістэм аўтаномнай пажарнай сігналізацыі і сістэм апавяшэння аб пажары). Работы ў гэтым напрамку закранулі Княгінінскую і Мядзельскую №1 сярэднія школы, Мядзельскі вучэбна-педагагічны комплекс. Зроблены праект капітальнага рамонту даху Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці курортнага пасёлка Нарач — непасрэдна рамонт пачнём налета. Удзялілі ўвагу дзіцячаму садку аграгарадка Занарач. Будынак стары, на столі там была ляпная аздоба. Гіпс, з якога яна зроблена, пачаў дэфармавацца, а гэта небяспечна. Патрабавала замены і сістэма асвятлення. Таму знялі гіпсавую аздобу, зрабілі сучасныя столь і сістэму асвятлення. Правялі рамонт па электрычнай частцы. А каб установа выглядала прыгожа і сучасна, фарбуем фасад — сіламі работнікаў групы гаспадарчага абслугоўвання нашага ўпраўлення. Выкананы бягучы рамонт даху. Распрацоўваецца праект рэканструкцыі з прыбудовай Занарацкай сярэдняй школы — грунтоўная праца запланавана на наступныя гады. Ідэя такая: ад трох будынкаў, у якіх цяпер арганізавана навучанне і харчаванне дзяцей, прыйсці да аднаго. Гэта значыць — зрабіць прыбудову да школы, дзе размесцяцца і пачатковыя класы, і харчблок. А магчыма, і актавую залу прыбудаваць. Ну і адрамантаваць дах школы. Але ўсё гэта — налета. Пакуль жа мяняем плот на сучасны металічны, сур’ёзныя работы вядуцца ў харчблоку: адрамантавана водаправодна-каналізацыйная сістэма, завяршаецца рамонт даху і ўцяпленне фасада.
Падрыхтоўка школ да новага навучальнага года набліжаецца да фінішнай рысы.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота Аляксандра Высоцкага.



03 жнiўня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Адукацыя

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        _06-040 возера Мястра від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела