Пад пільным вокам агранома

ПОЎНЫМ ходам ідзе ўборка ўраджаю ў ААТ «Занарачанскі». З раніцы да вечара шчыруюць механізатары на хлебнай ніве. Заўсёды з імі знаходзіцца і галоўны аграном гаспадаркі Баляслаў Урбановіч.

Аляксандр Ляоха і Баляслаў Урбановіч

 Сустрэліся з Баляславам Іванавічам на палетку непадалёку ад вёскі Воўчына.

— Збожжавыя і зернебабовыя культуры сёлета займалі ў нас 1900 гектараў. І як толькі надышла пара ўбіраць, хлопцы без прамаруджвання вывелі замацаваныя камбайны на палеткі. Сёлета маем на плошчы 1100 гектараў азімае жыта, а з яравых культур — ячмень і авёс, — расказвае Баляслаў Іванавіч. — Ужо ўбралі збожжавыя з плошчы 722 гектараў. Што датычыць ураджайнасці, то хваліцца асабліва няма чым. У сярэднім складае 23,6 цэнтнера з гектара. На кожным участку яна розная: дзе больш засушыла — нізкая, дзе больш вільгаці — там азімае жыта дало па 29-30 цэнтнераў.
— Ці многа камбайнаў працуе на жніве? — пытаюся.
— Дзесяць. З іх адзін сёння на балоце ўбірае насеннікі шматгадовых траў, у прыватнасці, цімафееўку. Завіхаецца там на нашым самым новым камбайне малады хлебароб Іван Сурвіла. Дарэчы, менавіта ён вынікова папрацаваў на ўборцы рапсу, — адказвае аграном.
— Хто з камбайнераў лідзіруе?
— Іван Сурвіла. Астатнія ідуць больш-менш аднолькава. Хлопцы старанныя, адказныя, іх падганяць не трэба. Каб выдзеліць каго-небудзь асобна, дык і цяжка. І ўсё ж назаву некалькі руплівых хлебаробаў. Гэта Яраслаў Вяршыла, Аляксей Селюкоў, Аляксандр Ляоха. Ды пра кожнага камбайнера магу гаварыць толькі добрае, — працягвае размову Баляслаў Іванавіч.

Уладзімір Стадольнік

— Бачу, на ўскрайку поля стаіць трактар з бочкай. Гэта на выпадак загарання?
— Так, усюды, дзе працуюць камбайны, дзяжурыць трактар, якім кіруе Валянцін Куркуль.
— Ці хапае тэхнікі для адвозу збожжа? — цікаўлюся.
— Тут тугавата. Сёння, напрыклад, тры аўтамашыны і трактар. Не хапае паліва. Тым больш, што ўсе сушылкі ў нас таксама працуюць на вадкім паліве, — адказвае аграном. — З вадзіцеляў найбольш перавёз збожжа Уладзімір Стадольнік.
— За дзень адным камбайнам, — уступае ў размову камбайнер Аляксандр Ляоха, — калі не перашкаджае дождж, можна ўбраць гектараў з пятнаццаць збажыны. Рабочыя дні ў нас цяпер ненармаваныя. Як пачынаем з раніцы, дык не пакідаем поле, пакуль можна весці абмалот. Умовы працы добрыя: мы забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем, якое дастаўляюць проста на поле.
Наладжана ў гаспадарцы і ўборка саломы. Тры прэс-падборшчыкі працуюць штодзённа. На плошчы 150 гектараў яна зацюкавана. Часткова ўжо звезена.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



01 жнiўня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

1-12 від на Мядзел 223_ 84

Пабрацімы Мядзела