Сёння — Дзень работнікаў гандлю

З нядрэнным настроем сустракае прафесійнае свята калектыў кандытарскага аддзела мінімаркета “Родны кут”. Гэта і не дзіўна. Свае абавязкі кожны работнік ведае дасканала і выконвае добрасумленна. А яшчэ і да людзей тут усе ветлівыя. Напэўна, таму і няма нараканняў, скаргаў на іх працу.


Асабіста я заўсёды з задавальненнем заходжу ў кандытарскі аддзел мінімаркета. Мне падабаецца, што прадаўцы ўважліва адносяцца да пакупнікоў. Пры неабходнасці і пра тавары, якія ёсць у продажы, раскажуць, і параяць, што лепш купіць. А яшчэ і навінкі прадукцыі прапануюць. Заўсёды шчырыя, прыязна ўсміхаюцца. І гэта ў іх, дарэчы, не паказное, а ідзе ад душы.
— Увесь неабходны асартыментны пералік тавараў вытрымліваецца, — кажа загадчык аддзела Яніна Скурко. — Рэалізоўваем насельніцтву хлебабулачныя, кандытарскія вырабы, напіткі, сокі, марожанае, цукар, чай, каву… Цукеркі айчыннай і расійскай вытворчасці. Па хлебабулачных вырабах цесна супрацоўнічаем з усімі сталічнымі заводамі, а таксама з Вілейкай, Докшыцамі. Карыстаецца попытам прадукцыя “Камунаркі”, “Спартака”, “Слодыча”, “Віцьбы”.
— Работнікаў аддзела можна часта сустрэць і падчас розных раённых свят, іншых мерапрыемстваў, дзе вы таксама дэманструеце высокую культуру абслугоўвання насельніцтва.
— Так. Мы заўсёды адгукаемся на прапановы нашага кіраўніцтва, калі просяць прыняць
удзел у вынасным альбо выязным гандлі, — апавядае мая суразмоўца. — Падчас урачыстасцей народ весяліцца, а мы працуем, стараемся дагадзіць пакупнікам. Бо выдатна разумеем, што і ад нас у многім залежыць іх настрой. І зусім няважна, дзе знаходзімся — у Мядзеле, Будславе ці якім-небудзь іншым месцы.
Прашу расказаць Яніну Іванаўну пра прадаўцоў.
— Нас у аддзеле чацвёра. Акрамя мяне, працуюць Ніна Цярэнцьеўна Драздова, Алена Дзмітрыеўна Яруціч і Алена Вікенцьеўна Міхаль, — кажа загадчык. — У кожнай значны стаж работы за прылаўкам. Напрыклад, Алена Вікенцьеўна ў гандлі з 1987 года, Ніна Цярэнцьеўна — з 1995-га. А Алена Дзмітрыеўна прыйшла да нас у 2000 годзе і адразу ж улілася ў калектыў. Увогуле ўсе жанчыны падабраліся адказныя, акуратныя, дысцыплінаваныя. Нічога дрэннага не магу сказаць ні пра каго з іх. Таму і давяраю ім, як сабе. Лічу за шчасце працаваць у дружным калектыве аднадумцаў, у якім кожны — за ўсіх, а ўсе — за аднаго. Пастаянна сочым за асартыментам, выкладкай тавараў на паліцах, каб былі цэннікі. І да наведвальнікаў уважлівыя. Здараецца, што і прадукцыю, якая ёсць у продажы, рэкламуем. Праўда, неназойліва, спакойна. Стараемся, каб ніхто не пайшоў з аддзела з пустымі рукамі, каб былі задаволены пакупкай.
Яніна Іванаўна таксама не навічок у гандлі. У 1983 годзе звязала сваё жыццё з названай сферай. У Мядзеле працуе з 1988 года. Прафесію прадаўца набыла ў Мінскім кааператыўным вучылішчы, потым закончыла Мінскі гандлёвы каледж “Белкаапсаюза”.
— Не шкадуеце, што сталі прадаўцом? — цікаўлюся ў жанчыны.
— Ніколькі. Наадварот, задаволена, што збылася мая мара, — адказвае Яніна Іванаўна. — Яна ж у мяне яшчэ з дзяцінства.
— А падабаецца вам работа?
— Вядома, інакш бы на столькі год не затрымалася. Праца не з лёгкіх, бо трэба мець справу з таварамі, грашыма і людзьмі. Хоць і складана часам бывае, але разам з тым — цікава. Незаменнымі памочнікамі прадаўца, на мой погляд, з’яўляюцца такія якасці, як кампетэнтнасць, неабыякавасць, уважлівасць, добразычлівасць, уменне знаходзіць паразуменне з усімі, хто завітаў у магазін па пакупкі. А таму стараемся пакідаць асабістыя клопаты дома і па меры магчымасці задавальняць патрэбы наведвальнікаў. Усіх сустракаем з усмешкай, ветліва. Працуем увогуле так, каб штодзённа, дзякуючы ў тым ліку і нашым намаганням, павышаўся імідж прафесіі прадаўца, аддзела і ўвогуле сістэмы, у якой працуем. А гэта надзвычай важна.

 

Марыя Лубнеўская.

Фота Аляксандра Высоцкага.



28 лiпеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Гандаль, Прафесійныя святы

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах 223_ img_4257     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела