У чаканні збожжа

На Княгінінскі вытворчы ўчастак пачало паступаць збожжа новага ўраджаю

АДКАЗНАЯ зараз пара ў хлебаробаў раёна. Своечасова і якасна ўбраць вырашчаны ўраджай — іх асноўная задача. Рыхтаваліся да яе выканання грунтоўна, па-гаспадарску. Не менш важная задача стаіць і перад калектывам Княгінінскага вытворчага ўчастка адкрытага акцыянернага таварыства «Вілейскі камбікормавы завод». Яму належыць прыняць, пры неабходнасці — дапрацаваць і засыпаць на захоўванне збожжа.

— Ці добра падрыхтаваліся да прыёму хлеба новага ўраджаю? — цікаўлюся ў майстра ўчастка Вайцеха Падгола.
— А як жа! Выкананы немалы аб’ём падрыхтоўчых работ. Пачалі з механічнай ачысткі ўсіх памяшканняў. Потым іх памылі, апрацавалі спецыяльнымі прэпаратамі з мэтай абароны ад свірнавага шкодніка. Словам, склады прадэзынфіцыраваны, пабелены, гатовыя да паступлення збожжа новага ўраджаю. Гэта пацвердзіла спецыяльная камісія, якая паставіла добрую ацэнку, — расказвае Вайцех Васільевіч.
— Склады падрыхтаваны, а тэхніка? — удакладняю.
— Таксама гатова. У нас ёсць сушылкі «ЗСК-10» і «RIELA». Іх таксама адрамантавалі, праверылі ў рабоце, — чую ў адказ.
— Вы ўжо прынялі першае збожжа. З якіх гаспадарак яно паступала?
— З ААТ «Сваткі» прынялі 49 тон фуражнага жыта, з ААТ «Пруднікі-Агра» — 16 тон фуражнага ячменю. Збожжа было сыраватае, давялося дасушваць. Зараз яно засыпана на захоўванне, — працягвае размову майстар.
— Можа, якое-небудзь новае абсталяванне сёлета зманціравалі?
— Так. Зманціравалі ўстаноўку па вытворчасці рапсавага алею. Гэта абсталяванне чэшскай кампаніі «Farmet». З ААТ «Занарачанскі» прывезлі 2 тоны 400 кілаграмаў рапсу, потым яшчэ з Вілейскага завода 8 тон. Устаноўку выпрабавалі ў рабоце. Усё атрымалася належным чынам. У выніку будзем мець і алей, і рапсавы шрот. А гэта — важны кампанент у рацыёне жывёлы, — з веданнем справы распавядае Вайцех Васільевіч. — На сушылку «RIELA» устанавілі блочную вадкапаліўную гарэлку, якая працуе на дызельным і пячным паліве, вытворчасці ААТ «Брэстсельмаш». У лабараторыю набылі новую сушыльную шафу. Сёлета выкапалі новы супрацьпажарны вадаём. Пафарбавалі вагі. Зрабілі касметычны рамонт у бытоўцы, лабараторыі, на прахадной. Пляцоўкі заасфальтаваны. Трактары і аўтамабіль таксама адрамантаваны, прайшлі тэхагляд. Для сушылкі «ЗСК-10» стварылі запас дроў. А для «RIELA»
завезлі пячное паліва…
— Аб’ём работы ўражвае. А ці падабралі кадры, бо менавіта ад адказнасці, руплівасці людзей залежыць канчатковы вынік? — цікаўлюся.
— Кадры ў нас вопытныя, справу сваю ведаюць. Скажам, машыністамі сушыльных установак не першы год працуюць Віктар Гурскі і Валерый Топараў. Гэта дысцыплінаваныя, вельмі адказныя хлопцы. Дарэчы, яны і рыхтавалі сушылкі да работы. Актыўную дапамогу ў гэтай справе ім аказвалі грузчыкі Дзмітрый Скуратовіч, Дзяніс Капцюг і іншыя. Адказная задача кладзецца на плечы работнікаў лабараторыі, якія штодзённа праводзяць адпаведныя аналізы. Дробязей тут быць не можа, бо гэта — пацвярджэнне якасці збожжа, якое прымаем на захоўванне. Калектыў лабараторыі ўзначальвае Людміла Грышкевіч. Раней яна шмат гадоў працавала майстрам на ўчастку. Усё добра ведае. На час масавай прыёмкі збожжа на працу дадаткова набіраем людзей, — адказвае майстар.
Застаецца дадаць, што Вайцех Васільевіч таксама не навічок у калектыве. Больш за пятнаццаць гадоў ён завіхаецца на пасадзе майстра. Ведае ўсе патрабаванні да дапрацоўкі і захоўвання збожжа.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



25 лiпеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi Лебедзі на Нарачы Касцёл у Засвіры    возера Мястра

Пабрацімы Мядзела