З рызыкай для жыцця

ГЕРОЕМ гэтай публікацыі з’яўляецца прыветлівы малады мужчына з добрай усмешкай Вячаслаў Карпячэнка — камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №4 курортнага пасёлка Нарач.


— Вячаслаў, што паўплывала на выбар прафесіі? Чаму ты вырашыў стаць выратавальнікам? — цікаўлюся.
— Так склалася, што нарадзіўся я ў Вілейцы, потым жыў у Мядзеле і вучыўся да 6 класа ў Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Затым мы пераехалі ў курортны пасёлак, дзе закончыў Нарацкую СШ №2. А што датычыць выбару прафесіі, то гэта не выпадковасць. Бацька, намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўнік унутранай службы Андрэй Матняк заўсёды быў аўтарытэтам для мяне. Ён цудоўны чалавек, добры настаўнік па жыцці і выдатны выратавальнік. У мяне была магчымасць назіраць за яго работай, захаплялі яго выпраўка, вытрымка, здольнасць мець на ўсё ўласны погляд, незалежнасць. Дзякуючы менавіта яму з малых гадоў выхоўваў у сабе прынцыпы сапраўднага мужчыны, слухаў яго карысныя парады, стараўся быць добрым, мэтанакіраваным. І пра тое, што пасля службы ў арміі, а служыў у дэсантных войсках, адразу падаўся ў выратавальнікі, зараз ніколькі не шкадую, — чую ў адказ.
Вячаслаў Ігаравіч расказаў, што шчыра ўдзячны сваім настаўнікам, якія дапамаглі хутчэй асвоіцца ў калектыве, спасцігнуць прафесійныя сакрэты. Прыйшоў Вячаслаў на службу пяць гадоў таму на пасаду пажарнага ў званні старшыны. Праз тры гады яго прызначылі камандзірам аддзялення і прысвоілі званне прапаршчыка ўнутранай службы.
— Маім першым настаўнікам і дарадцам стаў тагачасны начальнік каравула Уладзімір Пісарчык. Гэта патрабавальны да сябе і падначаленых чалавек, адказны, добрасумленны выратавальнік, — кажа Вячаслаў. — Удзячны я таксама старэйшым таварышам, якія дапамагалі ўліцца ў прафесію. У прыватнасці, Аляксандру Баброўку, які і сёння працуе побач. Увогуле, наш калектыў дружны, зладжаны. Ёсць на каго раўняцца…
— Ці запаў які-небудзь пажар у душу? Увогуле, як ты адносішся да агню? — пытаюся.
— Заўсёды імкнуўся да экстрыму, агонь для мяне — годны сапернік. Перамагаючы яго, дапамагаю людзям і атрымліваю ад гэтага маральную задаволенасць. А што датычыць пажараў, то яны праносяцца, бы адно імгненне, — чую ў адказ. — Даводзілася выязджаць на тушэнне тарфянікаў, жылых дамоў. У нашай рабоце галоўнае — адказнасць і хуткая рэакцыя. На месцы здарэння кожны без лішніх слоў ведае, што рабіць. Для гэтага мы вывучаем дапаможнікі па паводзінах у экстрэмальных выпадках, выпрацоўваем тактыку дзеянняў у камандзе.
— Якімі мерапрыемствамі напоўнены службовы дзень, калі няма выкліку на тушэнне пажару?
— Наша служба ваенізаваная, яна складаецца з дзяжурства. Таму ёсць свой распарадак дня, дзе прадугледжаны час для заняткаў па баявой падрыхтоўцы, для работ па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы, падтрымання тэхнікі і абсталявання ў стане баявой гатоўнасці, заняткаў аварыйна-выратавальным спортам і фізічнай падрыхтоўкай, самападрыхтоўкай. Словам, усе 24 гадзіны дзяжурства пажарны-выратавальнік заняты справамі. Служба наша такая, што нават пасля дзяжурства, ужо дома, кожны з супрацоўнікаў усё роўна гатовы ў любы час адправіцца па выкліку на дапамогу, — адказвае суразмоўца.
— Каб стаць выратавальнікам, якія якасці характару неабходна ў сабе трэніраваць?
— Трэба мець добрую фізічную падрыхтоўку, займацца спортам, выпрацоўваць у сабе смелыя і справядлівыя адносіны да жыцця, людзей. Канечне, мець добрыя нервы, рашучасць, умець змагацца і пераадольваць свае страхі і комплексы, — чую ў адказ.
— Заўтра — ваша прафесійнае свята. Што пажадаеце калегам напярэдадні яго?
— Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць з прафесійным святам усіх работнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях, у першую чаргу — тых, хто знаходзіцца на баявым дзяжурстве. Жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту і ўзаемаразумення ў сям’і, вытрымкі, эмацыянальнай устойлівасці і задавальнення ад той справы, якой закліканы служыць. А ўсім жыхарам раёна хачу пажадаць, каб абміналі іх беды і надзвычайныя здарэнні.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



25 лiпеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

1-12 06-043 223_ від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела